Гёбэльс, шпіц і святар, каб каяцца. Беларусы прапанавалі пашырыць камісію для «збеглых»


Улады нарэшце раскрылі працэдуру вяртання беларусаў з-за мяжы і склад адмысловай камісіі, якая будзе вызначаць чалавечыя лёсы. Разам з відавочнымі кіраўнікамі сілавых ведамстваў у пераліку апынуліся прапагандысты, старшыня хакейнай федэрацыі, прадстаўнік Акадэміі навук. «Белсат» спытаў у юрыстаў, каго не хапае ў гэтай камісіі і ў чым маглі б пакаяцца самі засядацелі.

Шпіц Умка.
Фота: праўладныя Telegram-каналы

Камісію, што будзе разглядаць хадайніцтвы беларусаў аб вяртанні на радзіму, у сеціве назвалі «dream team». Генеральны пракурор Андрэй Швед, які ўзначаліў кампанію, заявіў, што там спрэс «вядомыя аўтарытэтныя асобы».

Сярод іх – Рыгор Азаронак і Яўген Пуставы з СТВ, кіраўнікі ОНТ і Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў і Іван Эйсмант, аўтар газеты «СБ. Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык, хакеіст і сенатар Дзмітрый Баскаў, публіцыст Вадзім Гігін, палітык Юрый Васкрасенскі. Таксама ў камісію ўлучылі рэктарку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў Наталлю Карчэўскую, старшыню Федэрацыі хакея Аляксандра Багдановіча, галоўнага навуковага сакратара Нацыянальнай акадэміі навук Васіля Гурскага і старшыню камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Алену Богдан.

Hавiны
Азаронак, Эйсмант, Баскаў. Хто будзе ў складзе «камісіі па вяртанні»
2023.02.07 19:48

«Не хапае шпіца Умкі»

Юрыстка, дарадца ў прававых пытаннях Офісу Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр у каментары для «Белсату» адзначыла, што склад камісіі адпавядае прапагандысцкім і палітычным мэтам.

«Практычна ўсім удзельнікам гэтай камісіі самім бы пакаяцца перад беларускім народам. Пачынаючы з Баскава, якога абгрунтавана падазраюць у датычнасці да смерці Рамана Бандарэнкі, заканчваючы шэрагам прапагандыстаў, якія штодзень займаюцца распальваннем нянавісці і варожасці. Для мацнейшай камічнасці сітуацыі ў складзе не хапае шпіца Умкі і інфаказачкі Бондаравай».

В Киеве прошла акция памяти погибшего Романа Бондаренко
Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі ва ўкраінскай сталіцы каля амбасады Беларусі. Кіеў, Украіна. 12 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Рыхтэр звярнула ўвагу на тое, што пастанаўленні камісіі – толькі рэкамендацыі для следчых органаў, і канчатковае рашэнне, што рабіць з крымінальнай справай, прымае СК.

«Няма ніякіх гарантыяў, што пасля выканання ўсіх умоваў вяртання і самога вяртання ў рэжыму не з’явяцца дадатковыя прэтэнзіі да таго, хто вярнуўся».

«Адпускаць грахі мусіць прафесіянал»

Склад праўладнай «каманды мары» не здзівіў юрыста Арцёма Праскаловіча, адказнага за ўнутраную палітыку і дзяржаўнае кіраванне Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Ён сказаў «Белсату», што гэта – «дэманстрацыя зрэзу грамадства». Але нават сярод правераных людзей могуць пачацца спрэчкі.

«Прагназую гарачыя дыскусіі, калі раптам сапраўды нехта звернецца ў гэтую інстанцыю, і КДБ ці МУС будзе настойваць на неабходнасці прыцягнення асобы да адказнасці. Бо гэта ж хлеб кожнага, у кожнага могуць быць ужо сфармаваныя крымінальныя справы, якія не захочацца губляць».

Сілавікі ля станцыі метро «Каменная горка» у Менску, Беларусь. 29 лістапада 2020 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Пры гэтым суразмоўца «Белсату» пашкадаваў, што ў камісіі няма святароў.

«Можна было б дадаць прадстаўнікоў царквы. Бо прапануюць жа каяцца, то і адпускаць грахі мусіць прафесіянал. Яшчэ варта было б улучыць суддзяў, бо камісія фактычна падмяняе сабою суд. Але, думаю, што Сукала [старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала] не пагадзіўся на такую авантуру».

Праскаловіч з неахвотай казаў пра тое, у чым маглі б пакаяцца «таварышы засядацелі», каб не быць псеўдаследчым, аднак заўважыў: «Сілавікоў можна абвінавачваць у суўдзеле ў незаконным захопе ўлады, прапагандыстаў – у распальванні варожасці, і ўсім ім можа знайсціся месца на трыбунале праз агрэсію ў дачыненні да Украіны».

Злачынцы ў камісіі

Кіраўнік аб’ядання «ByPol» Аляксандр Азараў пажартаваў, што ў камісію варта было б паклікаць цыркачоў, і назваў яе незаконнай. У размове з «Белсатам» ён падкрэсліў, што ўся гэтая гісторыя з нібыта гуманізмам і замірэннем – падман.

«Ёсць Крымінальны кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, там напісана, паводле якіх прычынаў і падставаў справу можна закрыць. Гэта ўсё падман, скіраваны на тое, каб заманіць беларусаў у краіну, а потым пасадзіць. А перад гэтым – запісаць «пакаяннае» відэа».

Hавiны
«Раскаяцца і публічна перапрасіць». Што прапаноўваецца ва ўказе аб камісіі для вяртання
2023.02.06 18:47

Адначасова Азараў пералічыў крымінальныя артыкулы, паводле якіх можна было б судзіць саміх чальцоў камісіі.

«Сілавікоў – за незаконны захоп улады, спалучаны з забойствам, прапагандыстаў – за распальванне варожасці, а Баскаў – суўдзельнік забойства».

Гёбэльс замест Азаронка

Кандыдат юрыдычных навук, палітык Валер Цапкала ад разгорнутага каментара ўстрымаўся. Ён адзначыў толькі, што камісіі бракуе маньяка Андрэя Чыкацілы, а таксама нацысцкіх злачынцаў Ёзэфа Мэнгеле ды Ёзэфа Гёбэльса.

«Улучылі б іх у якасці ганаровых чальцоў», – сказаў Цапкала «Белсату».

Разбор
Праблемы ў эканоміцы, помста, прыніжэнне, шоу. Навошта ў Беларусь клічуць «збеглых»?
2023.01.26 15:31

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў