Мастак Дэ Лёс адмыслова для «Белсату» рыхтуе ўласную падборку галоўных падзеяў.
На мінулым тыдні былі агучаныя жорсткія прысуды блогерам, якіх праваабарончая супольнасць лічыць палітычнымі зняволенымі. Суд Лагойскага раёну 2 лютага агучыў вырак палітвязню, аўтару YouTube-каналу «Слуцк для жизни» Уладзіміру Няронскаму: яго прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 5 лютага Менскі гарадскі суд агучыў вырак у справе ютубэра Паўла Спірына. Блогера пакаралі зняволеннем на 4 гады і 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.
Дырэктара сталічнага ГУМу Аляксандра Крапака затрымалі па падазрэнні ў карупцыі. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова. А ў офісе кампаніі «ГРЫНрозніца» ў бізнес-цэнтры «Дэльта» на Ціміразева 72, якая прэзентуе гіпермаркеты «Green», з ранку працуюць праваахоўныя органы. Хто гэта і ў якой справе, невядома. Афіцыйных каментароў на гэты конт пакуль няма. Таксама на мінулым тыдні былі чуткі пра затрыманне Сяргея Румаса, але сёння ён паведаміў, што перабывае за межамі Беларусі.
З 7 студзеня, то бок амаль месяц, у ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна не прымаюць перадачаў. Што гэта значыць для вязняў? Адсутнасць зменнай адзежы, сродкаў гігіены і нават нармальнай ежы і вады. Як высветлілася, катаванні ў жніўні не скончыліся.
4 лютага пачалося папярэдняе паседжанне ў «справе «Белгазпрамбанку». Будынак суда агароджаны, дзяжурыць міліцыя. Незалежных журналістаў не пусцілі. Вакол будынку – агароджа і міліцыянты.
Праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі збірае подпісы пад скаргай у Міжнародную арганізацыю працы. У дакуменце выказваецца нязгода з увядзеннем ЕЗ эканамічных санкцыяў у дачыненні Беларусі.
Мэта – сабраць 1 мільён подпісаў, і для гэтага задзеяны ўвесь адміністрацыйны рэсурс: з розных прадпрыемстваў, дзяржаўных установаў прыходзіць інфармацыя пра тое, што рабочых, лекараў і настаўнікаў прымушаюць падпісваць скаргу. Іначай – звальненне ці пазбаўленне прэміі.
Малюнкі Дэ Лёс belsat.eu