news
Аналітыка
Беларускі лес і дрэваапрацоўванне пад санкцыямі Еўразвязу? Вялікае расследаванне
Як і навошта маніпулююць статыстыкай? Як хочуць абыходзіць санкцыі?
07.12.202318:33

Вось ужо больш як год беларускі лес і дрэваапрацоўванне застаюцца пад санкцыямі Еўразвязу. За гэты час некаторыя беларускія кампаніі навучыліся абыходзіць забароны і працягваюць пастаўляць сваю прадукцыю з падробленымі дакументамі пад выглядам казахскай або кіргізскай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лес у Менскай вобласці, Беларусь.
Фота: Белсат

Еўрапейскія звесткі сведчаць, што драўніна з Беларусі больш не паступае ў Еўразвяз, але чыноўнікі рэжыму хваляцца, што экспарт у гэтым сектары зусім не пацярпеў і лічбы навад б’юць рэкорды. Пры гэтым з пачаткам санкцыяў улады засакрэцілі статыстыку, датычную экспарту. У праграме «Тыдзень» мы вельмі ўважліва сочым за тым, што адбывалася і адбываецца ў лясной галіне Беларусі, а цяпер распавядзём вам, як і навошта маніпулююць статыстыкай у «Белдзяржлесе», як дамаўляюцца секчы болей, чым дазволена, і як хочуць абыходзіць накладзеныя санкцыі. Гэтае расследаванне падрыхтаванае ў рамах праекту «Beehive».

Кожнае беларускае лясніцтва мусіць запісваць статыстыку высякання

Красавік 2021 года. Генеральнаму дырэктару РУП «Белдзяржлес» Андрэю Таркану тэлефануе Мікалай Сечка – кіраўнік аддзелу электроннага ўліку драўніны «Белдзяржлесу».

– Так, Мікалай Мікалаевіч.

– Андрэй Уладзіміравіч, прасілі праінфармаваць вас. Значыцца, два мільёны трыста пяцьдзясят тысяч кубоў нарыхтаваныя ў нас за сакавік.

– Два мільёны трыста пяцьдзясят тысяч?

– Так.

– *****, нельга столькі нам!

– Галоўная бухгалтарка нават трохі разгубілася. Я ж ім інфармацыю гэтую падаю. Там, ведаеце, у сувязі з чым? Калі мы першага зганялі – былі маленькія дадзеныя. Потым яны прамінулым днём люты закрылі. А паколькі паводле методыкі тры мінус два, то гэтыя лічбы цяпер усплылі. Тое, што яны спрабавалі схаваць мінулым месяцам.

Нічога дзіўнага, што бухгалтарка разгубілася. Сістэма Адзінай дзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы (АДАІС), у якой працуюць лясныя начальнікі, толькі-толькі пачала дзеяць напоўніцу. Як жа залагодзіць далікатную праблему? Нічога складанага, калі ў схеме ўдзельнічае кіраўнік аддзелу ўліку драўніны.

Працяг размовы:

– Ну вось колькі мы планавалі? Тысячу шэсцьсот планавалі, вось і здымайце. Каб было тысяча шэсцьсот, ну, мільён шэсцьсот тысяч.

– Мільён шэсцьсот тысяч. Я зразумеў, добра, Андрэй Уладзіміравіч.

На момант, калі адбывалася гэтая размова паміж Андрэем Тарканам і Мікалаем Сечкам, база АДАІС працавала ў выпрабавальным рэжыме ўжо год. Тэставанне сістэмы пачалося ў 2020 годзе і пачаткова ў ім удзельнічалі толькі тры лясныя гаспадаркі. Да пачатку 2021 года да базы далучылі ўсе беларускія лясгасы. Аператарам сістэмы АДАІС прызначылі дзяржаўнае прадпрыемства «Белдзяржлес». Цяпер кожнае беларускае лясніцтва мусіць запісваць у сістэму статыстыку пра высяканне і транспартаванне лесу, а таксама ўносіць абаненцкую плату. У лістападзе 2023 года яна складала 11 капеек за кожны нарыхтаваны кубаметр.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Высечаны ўчастак лесу ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласці, Беларусь.
Фота: Белсат

Ідэя і логіка працы базы АДАІС палягае на тым, каб аптымізаваць працоўныя працэсы ў лясным сектары і пры гэтым мець кантроль над кожным здабытым кубаметрам лесу. У тэорыі кантрольныя органы заўсёды могуць пабачыць, адкуль на складзе зʼявілася кожная дошка і з якой дзялянкі вязуць тое ці іншае бервяно.

Да ўвядзення санкцыяў Еўразвязу цэны на драўніну ўзляцелі

Двухдзённы лакальны рэйд службы Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, праведзены ў лістападзе 2021 года ў Барысаўскім раёне, паказаў, што кожны трэці правераны лесавоз ажыццяўляў транспартаванне з парушэннямі заканадаўства. Найчасцей гэта былі несупадзенне гатунку або абʼёму транспартаванай драўніны. Выяўляць парушэнні стала лягчэй, рэзюмавалі ў кантрольным ведамстве.

Са словаў нашай крыніцы, знаёмай з сітуацыяй, героі падслуханых размоваў – Андрэй Таркан і Мікалай Сечка – займаюцца парушэннямі. Незалежна ад рэальных аб’ёмаў месячнага нарыхтоўвання лесу, яны малююць тыя лічбы, што ім найлепей пасуюць. Галоўны матыў гэтых складаных матэматычных аперацыяў – не перавысіць пэўнай сумы абаненцкае платы.

«Ім [«Белдзяржлесу»] гэта было неабходна, каб не плаціць павышаных падаткаў у выпадку вялікага даходу. Якраз да ўвядзення санкцыяў Еўразвязам кошты на драўніну ўзляцелі, таму і абаненцкая плата была вялікая, у дадатак да іншых даходаў», – кажа крыніца з лясной галіны Беларусі.

Мы датэлефанаваліся да Мікалая Сечкі – аднаго з фігурантаў падслуханых размоваў. Маніпуляцыі са статыстыкай ён адмаўляе: «Мне не зусім ясна, чаму вы гэта ўвязалі з нейкай статыстыкай, са справаздачай. Словы цалкам вырваныя з кантэксту, скажам так».

Чыноўнікі кантралююць канчатковыя лічбы высечанага лесу

Застаёмся ў тым жа дні. У наступнай тэлефоннай размове нашыя героі працягваюць дамаўляцца.

– Мікалай Мікалаевіч, значыць так, падыход у нас такі: мы гаворым, што мы здымалі рана-раніцай сёння, лясгасы няхай не турбуюцца. Гэтыя лічбы – гэта толькі аплата, гэта не лічбы…

– Так, Андрэй Уладзіміравіч, я ў курсе ўсяго, усё адпрацаванае.

– Мы знялі рана-раніцай першага, *****, усё. Былі такія лічбы, нічога не ведаем.

– Так, усё зробім.

Мы валодаем цэлым шэрагам далейшых травеньскіх і ліпеньскіх размоваў чыноўнікаў, у якіх з цягам часу заўважаем істотны рост абазнанасці. Чыноўнікі цяпер ужо спраўна кантралююць канчатковыя лічбы высечанага лесу.

– У «Белдзяржлесу» ёсць два справаздачныя перыяды: апошні і 15-ы дзень кожнага месяца. Абаненцкую плату закрываюць канцом месяца, а статыстыку для міністэрства рыхтуюць 15-м днём. Гэтая формула – гэта спроба Таркана і Сечкі «вярнуць» частку схаванага раней аб’ёму высечанага лесу. Таркан такім чынам выраўноўвае прыбытак за розныя месяцы. Бо калі яны занадта высокі прыбытак пакажуць – давядзецца дзяліцца з міністэрствам, – тлумачыць крыніца з лясной галіны Беларусі.

Гэтак, за сакавік 2021 года розніца паміж рэальным аб’ёмам нарыхтаванага ўсімі абанентамі сістэмы АДАІС лесу і тым, што дырэктар «Белдзяржлесу» загадаў запісаць у фінальную справаздачу, адрозніваецца на 750 тысяч кубаметраў, што складае траціну ад усяго абʼёму за гэты месяц.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паваленае дрэва на высечаным участку лесу ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласці, Беларусь.
Фота: Белсат

Калі лічыць паводле сённяшняга кошту абаненцкай аплаты, а гэта 11 капеек за кожны кубаметр, то ў выніку такой аперацыі бюджэт недаатрымаў бы 82,5 тысячы рублёў. У наступным месяцы Таркан і Сечка перакручваюць статыстыку ў іншы бок. У красавіку 2021 года нарыхтавалі, паводле дадзеных базы АДАІС, 1,653 мільёна кубаметраў лесу. Чыноўнікі ў размовах скардзяцца, што ў іх павялічваецца абʼём драўніны, якую яны выкраслілі са статыстыкі за мінулыя месяцы, называюць праблему «ўсё большым комам». У выніку яны дадаюць да рэальных лічбаў за красавік 200 тысяч кубаметраў з папярэдніх месяцаў. Але толькі ў сакавіку няўлічанымі застаюцца 550 тысяч кубаметраў лесу.

«Скажам: там, дзе больш елак, там і сек»

Але гэта яшчэ не ўсе сакрэты, што мае галоўны герой нашай гісторыі. Генеральны дырэктар «Белдзяржлесу» займаецца не толькі маніпуляцыямі са статыстыкай у базе АДАІС. Сярод здабытых «Кіберпартызанамі» запісаў размоваў Андрэя Таркана мы знайшлі яшчэ некалькі падазроных званкоў.

У рукі рэдакцыі трапіў запіс размовы Андрэя Таркана з ягоным тагачасным падначаленым Андрэем Карасём. Праз тэлефон яны абмяркоўваюць высяканне за межамі выдзелаў – так называюць участкі ляснога кварталу, вылучаныя  паводле стану лесу, пародаў ды іншых параметраў. Галоўнае, што іх турбуе – як гэта прыхаваць у дакументах.

– Ай, усё, слухай. Скажам: там, дзе больш елак, там і сек.

– Хутчэй за ўсё. Бо яно наогул не ў выдзелах ссечанае.

– Ну і ўсё. Адводзіць – не ведалі як адводзіць. Адводзілі квадратамі. Не паводле выдзелу, а паводле квадратаў. Дэкларацыю падаваў без адводаў першапачаткова, я ўпэўнены на 100 %.

Пытанні наконт высякання да дырэктара «Белдзяржлесу» былі і ў былога кіраўніка Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Юрыя Ліпскага. З верасня 2022 года ён узначальвае Віцебскае абʼяднанне.

Размова Ліпскага і Таркана.

– Вы ў мяне правялі палявыя работы летась, лясгасаў шэсць. Ты ўжо намеціў на будучы перыяд. Мы туды можам залазіць яшчэ?

– Можаце.

– І што тады? Ты мне напішаш разліковую, што я яе ***** ужо ў гэтым годзе?

– Ды годзе табе.

Далей суразмоўца Таркана Ліпскі цікавіцца пра санітарныя высяканні. Кажа, што на ўчастках, належных Гомельскаму дзяржаўнаму вытворчаму лесагаспадарчаму аб’яднанню, было вельмі шмат высечана гэтым метадам. А ў дакументах, рыхтаваных, як упэўнівае Таркан, камандаю кіраўніка Упраўлення лясной гаспадаркі Сяргея Чарняўскага, гэтага няма.

«Адная з самых вялікіх праблемаў у Беларусі – незаконныя санітарныя высяканні»

Паводле Ляснога кодэксу, санітарныя высяканні бываюць абіральныя і суцэльныя. Абіральнымі выдаляюць асобныя дрэвы, пашкоджаныя насаджэнні. Пры гэтым забараняецца кранаць дрэвы, што ўключаныя ў ведамасці высякання галоўнага карыстання, маюць здаровы стан ці парогавы ўзрост высякання (насаджэнні за 5 гадоў да ўзросту высякання), а таксама тыя, на якіх ёсць гнёзды драпежных птушак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Арлан-белахвост – самая буйная з драпежных птушак, якія гняздуюцца ў Беларусі.
Фота: Yathin S Krishnappa / wikimedia.org

– Абіральныя санітарныя высяканні шырока выкарыстоўваліся ў нацыянальных парках, напрыклад, у Прыпяцкім. І за шмат гадоў гэтымі санітарнымі абіральнымі высяканнямі раз на 5 гадоў можна было праходзіць дубровы. І фактычна шмат дубоў можна было высекчы такім чынам. Напрыклад, сказаць, што гэты дуб слабы, бо ў яго адная галіна засохла, – кажа Інэса Балоціна, эколаг, былая навуковая працаўніца Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».

Суцэльныя ж санітарныя высяканні прадугледжваюць скасаванне цэлага кавалку лесу праз пашкоджанні, пажары, хваробы ці шкоднікаў. І паводле Ляснога кодэксу, пашкоджаныя насаджэнні замяняюцца, то бок на месцы высякання высаджваюцца маладыя дрэвы. Каб зразумець, наколькі мэтазгодна праводзіць такога кшталту высяканне, прызначаюць абследаванне ляснога ўчастку, вынікі фіксуюцца актам.

Тое, што лесагаспадарчыя арганізацыі могуць дзеяць менавіта такім чынам – выдаваць здаровыя насаджэнні за хворыя і тым самым выдаляць іх, распавёў нам і міжнародны эксперт.

– Што мы ведаем, і гэта зусім не здзіўляе, дык тое, што адной з самых вялікіх праблемаў у Беларусі ёсць незаконныя санітарныя высяканні, – кажа Сэм Лоўсан, дырэктар некамерцыйнай арганізацыі «Earthsight». – Тыя дрэвы, што не мусяць высякацца, высякаюцца пад выглядам хворых. І, маўляў, гэта добра для лесу.

Рэалізацыя драўніны, здабытай пры правядзенні суцэльнага санітарнага высякання, ажыццяўляецца на біржавых таргах. 437-ы указ Аляксандра Лукашэнкі дазваляе рабіць гэта і з так званай драўнінай на пні – сыравінай, загадзя адведзенай пад высяканне. Як зазначана на сайце Мінлесгасу, гэтак стымулююць развіццё бізнесу ў невялікіх гарадах ды сельскай мясцовасці.

– Магчыма, гэта звязана з тым, што ў выніку такіх масавых санітарных высяканняў пасля караеду ў 2017, 2018, 2019 гадах драўніны стала вельмі шмат і з’явілася патрэба яе рэалізаваць. Але гэта не звязана з падвохамі з пункту гледжання здабыцця гэтай драўніны, – кажа эколаг Інэса Балоціна.

Плошча пакрытых лесам земляў яшчэ ў 2020 годзе дасягнула гістарычнага максімуму з паваеннага часу

Прахадныя высяканні праводзяцца, каб палепшыць умовы росту лесу. На ўчастку вызначаюцца слабыя насаджэнні, што могуць замінаць мацнейшым ці больш каштоўным. Вызначаюцца непатрэбныя дрэвы часам і так званым вокамерным метадам. Але з адной акалічнасцю, на якую звяртае ўвагу нашая крыніца з лясной гаспадаркі.

– Пры лесаўпарадкаванні вокамерны метад выкарыстоўваецца даволі шырока, бо аднаму таксатару трэба прайсці праз увесь лес лясніцтва і ацаніць кожны таксацыйны выдзел. Аднак вокамерны метад таксацыі выкарыстоўваецца толькі для тых дрэвастояў, якія яшчэ не скора трапяць у высяканне. Тыя насаджэнні, якія мусяць быць высечаныя найбліжэйшым часам, ацэньваюцца больш грунтоўна – прыборамі замяраюцца вышыня, паўната, дакладны ўзрост, – кажа крыніца ў лясной галіне Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Высечаны ўчастак лесу ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласці, Беларусь.
Фота: Белсат

Пры гэтым адмысловай інструкцыяй і сапраўды дапускаецца магчымасць памылкі. 20 % тут – абсалютны ліміт на гектар. Нормай жа лічыцца памылка, не большая за 10 %.

Доказаў таго, што ў «Белдзяржлесе» займаюцца вельмі дзіўнымі рэчамі, стае. То статыстыку перапісваюць, то ў абыход працэдуры дазволы на высяканне павялічваюць. І разам з Тарканам у гэтым удзельнічае цяперашні міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік.

Акурат у 2021 годзе маштабныя высяканні лясоў не засталіся без увагі. Тады людзі выкладалі ў сеціва відэа з суцэльнымі лесасекамі і складзеным уздоўж дарог кругляком, абураліся вынішчэнню ляснога масіву. Але ў Міністэрстве лясной гаспадаркі ўсю шуміху вакол высякання назвалі фэйкам.

Афіцыйна плошча пакрытых лесам земляў яшчэ ў 2020 годзе дасягнула гістарычнага максімуму ў пасляваенны час. У такіх лічбах няма нічога надзвычайнага.

– На пачатку ХХ стагоддзя і цяпер – гэта зусім іншыя лясы. Калі раней гэта былі лісцевыя лясы, саснова-дубовыя лясы, кляновыя, ліпавыя лясы, грабнякі, то цяпер шмат гэтых лясоў знікла і на іх месцы з’явіліся лясы з хвоі, што былі насаджаныя пасля часоў Другой сусветнай вайны, – кажа Інэса Балоціна.

За 10 год Беларусь страціла 10 % натуральных лясоў

За кошт чаго ў Беларусі фіксуецца прырост лясістасці на фоне росту аб’ёмаў высякання?

Новая рэдакцыя Ляснога кодэксу, што набыла моц у 2017 годзе, памяншала ўзроставы крытэр пераводу расліннасці ў статус лясоў і змяняла катэгорыі лясоў. Эксплуатацыйныя лясы павялічваліся з 50 да 70 %. Пасля чаго плошча высякання пакрысе пачала нарастаць. Паводле тагачаснага начальніка Упраўлення лясной гаспадаркі Сяргея Чарняўскага, станам на 2021 год Беларусь мела каля 400 мільёнаў кубаметраў драўніны, якую неабходна было своечасова нарыхтаваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Высечаны ўчастак лесу ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласці, Беларусь.
Фота: Белсат

У Міністэрстве лясной гаспадаркі зазначалі, што лесу высаджваецца болей, чым асвойваюць. Паводле апошняй інфармацыі, доля маладняка (18,3 %) ужо перавысіла спелы лес (17,2 %) на адсотак. Вось толькі з лесааднаўленнем не ўсё так адназначна, бо на нарыхтоўванне ідзе старарослы натуральны лес.

– У 2013 годзе навукоўцы падлічылі, што ў нас лясоў натуральнага паходжання ў Беларусі было прыкладна 76 %. Цяпер, праз 10 гадоў, атрымваецца, што лясоў натуральнага паходжання засталося 66 %, – кажа эколаг Інэса Балоціна.

То бок за 10 гадоў Беларусь страціла 10 % натуральных лясоў. Маладняк, што ўзнікае на іх месцы, якасна саступае паводле экалагічных функцыяў.

– Гэта вялікая розніца, мы высеклі вялікі кавалак біяразнастайнага, старога, шматузроставага лесу. А паказалі, што там на суседняй тэрыторыі нейкія сасновыя, хваёвыя маладнякі ці бяразнячкі ўключаныя ў плошчу. І мы кажам: бачыце, у нас тыя ж самыя 40 %. Гэта не тыя ж самыя 40 %. Зразумела, што высечаныя хваёвыя лясы стогадовыя, дзе растуць грыбы, дзе чарніцы, дзе мы можам адпачываць і шмат фітанцыдаў хваёвых. І ў іншым лесе, дзе шмат маладняка, іншы мікраклімат ды іншыя ўмовы, іншая біяразнастайнасць. Тыя совы, кажаны, птушкі, якіх мы павыганялі, калі высеклі лес, куды яны пойдуць? Ні я, ні вы ўжо не дачакаецеся, калі сёння гэтыя высечаныя лясы і пераведзеныя пяцігадовыя пасадкі ўтвораць сапраўдныя лясы, – кажа Інэса Балоціна.

***

У нашым расследаванні, праведзеным дзякуючы інфармацыі, атрыманай ад «Кіберпартызанаў», мы распавялі пра дзейнасць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, што мае прыкметы службовых злачынстваў. Пры гэтым усе тэлефонныя запісы былі выкрадзеныя з праваахоўнай сістэмы Беларусі. А значыць, усе гэтыя факты мусяць быць вядомыя тым, хто іх збіраў.

Пры гэтым ніводзін з фігурантаў гэтых размоваў не страціў сваёй пасады – некаторыя, наадварот, пайшлі на павышэнне. Асцярогі, што ў Беларусі адбываецца празмернае высяканне лесу, гучалі і раней. Але нядаўняя заява аднаго з фігурантаў нашага расследавання, міністра лясной гаспадаркі Куліка, выклікае асаблівую трывогу – Беларусь вярнула практыку экспарту кругляка, гэтым разам у ашаламляльных маштабах. 800 тысяч кубаметраў за месяц. Гэта 16 тысяч вагонаў. Калі ўсе гэтыя вагоны паставіць у ланцужок, ён бы расцягнуўся на 192 кіламетры. Як ад Менску да Магілёва ці Вільні. Пры гэтым вывозіць круглы лес з Беларусі забаронена законам, з адным «але»: рабіць гэта можна толькі з асабістага дазволу Лукашэнкі.

Расследаванне цалкам глядзіце ў нядзелю ў праграме «Тыдзень з Ігарам Кулеем».