Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк з 1-га снежня зноў змешчаная ў карцар на 10 содняў. Пра гэта паведаміў «Белсату» муж жанчыны Андрэй Шарэнда.
«У гомельскай жаночай калоніі Паліна знаходзіцца са жніўня і за гэты час яна ўжо пяты раз у карцары. Паліна не прызнае гэтую ўладу, лічыць сябе захопленай у палон, і іх гэта раздражняе, яны не могуць яе зламаць, і вось такім чынам помсцяць», – кажа Андрэй.
Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ва ўласным доме (сёння, дарэчы, сям’ю Шарэндаў яго пазбавілі) 3 студзеня. Туды ўламіліся сілавікі.
Суд Маскоўскага раёну Берасця 9 чэрвеня прызначыў жанчыне 2 гады калоніі. Яе прызналі вінаватай адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Абраза прэзідэнта» (арт. 368), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт. 364).
АЛ, belsat.eu