Каля размежавальнай лініі пад вёскай Кірбалі ў Горыйскім муніцыпалітэце Грузіі расейскія вайскоўцы, якія ахоўваюць мяжу самаабвешчанай Рэспублікі Паўднёвая Асеція, пры спробе затрымання смяротна паранілі грамадзяніна Грузіі. Як піша «Reuters», гэта першы інцыдэнт са смяротным вынікам, што адбыўся на фактычнай мяжы пасля вайны 2008 года.
Загінулы – 58-гадовы мясцовы жыхар Тамаз Гінтуры, ветэран расейска-грузінскай вайны 2008 года, брат апазіцыйнага палітыка Нікалаза Гінтуры. Таксама быў затрыманы 33-гадовы Леван Датхіяшвілі, піша «Эхо Кавказа».
Лідар Антыакупацыйнага руху Давід Кхацарава заявіў, што інцыдэнт адбыўся ў царкве, размешчанай недалёка ад Кірбалі. Паводле яго, «расейцы забілі мірнага жыхара».
У КДБ Паўднёвай Асеціі сцвярджаюць, што двое грузінскіх грамадзянаў «у стане ап’янення» парушылі фактычную мяжу на аўтамабілі, калі іх знайшоў памежны нарад. Паводле заявы ведамства, яны ўчынілі збройны супраціў памежнікам і спрабавалі з’ехаць у Грузію. Тады, як заяўляецца, расейскія памежнікі зрабілі папераджальны стрэл у паветра і затым адкрылі агонь па колах грузінскага аўта. Чаму Гінтуры атрымаў смяротнае раненне, не ўдакладняецца.
Прэмʼер-міністр Грузіі Іраклі Гарыбашвілі і прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі заклікалі сусветную супольнасць адрэагаваць на забойства Гінтуры.
«Працягваецца векавая палітыка Расеі, забойствы нашых грамадзянаў, выкраданні людзей на нашай тэрыторыі, вось гэта называецца «мірнай» палітыкай Расеі», – сказала Зурабішвілі на брыфінгу.
«Здарэнне яшчэ раз пацвярджае цяжкое становішча з бяспекай на месцы і кажа пра цяжкія наступствы акупацыі, з якімі, на жаль, разам з уладамі Грузіі даводзіцца сутыкацца і мірным грамадзянам», – адзначыў Гарыбашвілі.
У МУС Грузіі паведамілі, што распачалі крымінальную справу паводле забойства і выкрадання.
У вёсцы Эргнеці прайшла тэхнічная сустрэча, на якой бакі абмеркавалі інцыдэнт, што адбыўся каля размежавальнай лініі ў вёсцы Кірбалі. Служба дзяржаўнай бяспекі Грузіі патрабуе пакараць усіх асобаў, звязаных з забойствам, а таксама неадкладна вызваліць затрыманага грамадзяніна Грузіі.
Місія назіральнікаў Еўразвязу заклікала бакі праяўляць стрыманасць і прыняць усе неабходныя захады для перадухілення далейшай эскалацыі.
Якуб Хруст belsat.eu