Працоўная група абмеркавала з прадстаўнікамі МУС Польшчы пытанні легалізацыі беларусаў


7 лістапада адбылася чарговая сустрэча працоўнай групы пры МУС Польшчы, у якой абмяркоўваліся актуальныя пытанні легалізацыі для беларусаў, якія вымушана апынуліся ў Польшчы пасля пачатку рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі.

Прадстаўнікі працоўнай групы.
Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці / Telegram

Беларускі бок на сустрэчы прадстаўлялі кіраўніца дэпартаменту прававой абароны Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская і дарадца Офісу Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, паведамляе Цэнтр беларускай салідарнасці.

Адной з тэм, узнятых падчас сустрэчы, стала легалізацыя дзяцей грамадзянаў Беларусі, якія былі народжаныя ў Польшчы. З гэтай праблемай сутыкаюцца шматлікія беларускія сем’і, бо ў іх адсутнічаюць дакументы, якія пацвярджаюць беларускае грамадзянства дзіцяці, якое яно набывае з моманту нараджэння ў адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь.

Было адзначана, што гэтае складанае пытанне патрабуе распрацоўкі нестандартных рашэнняў і змены заканадаўства. Прадстаўнікі польскага МУС заявілі, што да іх таксама паступаюць звароты ад грамадзян Беларусі, якія жывуць у Польшчы, і вырашэнне гэтага пытання зараз знаходзіцца ў іх прыярытэце.

Наступная праблема, якая была ўзнятая падчас сустрэчы, – польскі праязны дакумент, які можа пры паездках за мяжу замяняць беларускі пашпарт, у якога скончыўся тэрмін дзеяння.

Беларускім бокам былі ўзнятыя такія пытанні, як прызнанне польскага праязнога дакументу ў якасці пасведчання асобы. Як адзначае ЦБС, у інтэрпрэтацыі гэтага пытання бакам удалося дасягнуць згоды.

Таксама Крысціна Рыхтэр і Вольга Дабравольская прапанавалі павялічыць тэрмін дзеяння польскага праязнога дакументу. Але, як заявіў польскі бок, пакуль зрабіць гэта немагчыма па тэхнічных прычынах.

Такое пытанне, як магчымасць атрымання польскага праязнога дакументу да заканчэння тэрміну дзеяння беларускага пашпарта, прадстаўнікі МУС паабяцалі абмеркаваць і даць свой адказ пасля праведзеных кансультацый.

Таксама польскі бок паабяцаў вынесці на абмеркаванне з кампетэнтным міністрам пытанне працягу тэрміну падачы заяваў на выдачу польскага праязнога дакументу беларусам з часовым відам на жыхарства (акрамя выдадзенага на падставе гуманітарнай візы) пасля 31 снежня 2023 года. Справа ў тым, што зараз беларусы могуць атрымліваць польскі праязны дакумент па спрошчанай схеме і на бясплатнай аснове толькі да 31 снежня 2023 года (для гэтага неабходна заява аб страце беларускага пашпарту або аб немагчымасці атрымаць новы і наяўнасць часовага віду на жыхарства).

Акрамя таго, прадстаўнікі МУС запэўнілі, што працоўная група будзе працягваць існаваць па-за палітычным фарматам на ўзроўні кансультацый і абмену экспертызай, што дазволіць распрацоўваць прафесійныя і практычныя рашэнні для паляпшэння становішча беларусаў у Польшчы.

Нагадаем, што згодна з дадзенымі Цэнтра беларускай салідарнасці, станам на жнівень 2023 года у Польшчы жыве не менш з 300 тысяч беларусаў, шмат якіх пераехала ў гэтую краіну цягам паўгода. Прычынамі гэтага могуць быць як рэпрэсіі ў Беларусі, так і спрашчэнне бюракратычных працэдураў у Польшчы.

Hавiны
Як атрымаць польскі праязны дакумент. Памятка для тых, хто не можа паехаць у Беларусь за новым пашпартам
2023.09.06 11:34

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў