Польшча плануе прыпыніць дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе


7 лістапада Польшча ў супольнай заяве Міністэрства замежных справаў і Міністэрства абароны краіны абвясціла намер спыніць дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

Заява стала адказам Польшчы на дэнансаванне ДЗУСЕ Расейскай Федэрацыяй.

У заяве гаворыцца, што «Расея не выконвае сваіх абавязкаў паводле ДЗУСЕ з 2007 года» і ў 2022 годзе пры ўдзеле Беларусі здзейсніла «акт грубага парушэння забароны на выкарыстанне сілы супраць яшчэ адной дзяржавы – удзельніцы ДЗУСЕ, Украіны».

«У гэтых умовах, якія сведчаць пра карэнныя зменны абставінаў у параўнанні з тымі, што існавалі на момант заключэння дзейснага міжнароднага пагаднення, Рэспубліка Польшча не можа выконваць абавязкі ДЗУСЕ», – адзначаецца ў дакуменце.

Аўтары заявы кажуць, што Польшча прыме афіцыйныя захады ў прыпыненні дзеяння ДЗУСЕ  для ўсіх пунктаў дамовы і на нявызначаны тэрмін. Гэта значыць, што краіна не будзе абавязаная юрыдычна ці практычна выконваць палажэнні ДЗУСЕ.

Акрамя таго, у сітуацыі, калі Расея цягам многіх гадоў парушала літару і дух дамовы, не выконвала яе палажэнняў, а пасля распачала незаконную вайну, інтарэсы бяспекі Рэспублікі Польшча вымагаюць далейшага ўмацавання абароназдольнасці і стрымлівання шляхам паслядоўных дзеянняў у нацыянальным і саюзніцкім вымярэнні.

У той жа час у заяве гаворыцца, што Польшча не выключае магчымасці прыняцця ў будучыні далейшых крокаў у рамках міжнароднага права, у тым ліку дэнансавання ДЗУСЕ ў сувязі з дэнансаваннем Расеяй ДЗУСЕ, калі гэтага запатрабуюць інтарэсы бяспекі Рэспублікі Польшча.

Нагадаем, што апоўначы 7 лістапада Расейская Федэрацыя канчаткова выйшла з ДЗУСЕ, пра што афіцыйна паведаміла расейскае Міністэрства замежных справаў з заяваю, што дамова стала «гісторыяй». Пры гэтым расейская дзяржава абвінаваціла блок NATO ў недамоваздольнасці, а Злучаныя Штаты Амерыкі ў тым, што пашырэнне NATO прывяло да «адкрытага абыходу» краінамі Альянсу групавых абмежаванняў дамовы.

У сваю чаргу, NATO асудзіла выхад Расеі з ДЗУСЕ і яе «агрэсіўную вайну супраць Украіны насуперак мэтам дамовы». Выхад Расеі з ДЗУСЕ прадстаўнікі NATO назвалі апошнім крокам у серыі дзеянняў, што сістэматычна падрываюць еўраатлантычную бяспеку.

NATO назвала няўстойлівай сітуацыю, калі б краіны Альянсу працягвалі прытрымлівацца ДЗУСЕ, у той час як Расея б не выконвала яе. У сувязі з гэтым у заяве быў выказаны намер прыпыніць дзеянне ДЗУСЕ настолькі, «наколькі гэта будзе неабходна, у адпаведнасці са сваімі правамі ў міжнародных нормах».

Нагадаем, што 19 кастрычніка Беларусь таксама прыпыніла дзеянне ДЗУСЕ ў дачыненні Польшчы і Чэхіі. Гэтыя дзеянні сталі нібыта адказам на тое, што Польшча парушае ДЗУСЕ, павялічваючы колькасць сваіх узброеных сілаў і мадэрнізуючы іх, пра што неаднаразова заяўляла Мінабароны Беларусі. Пры гэтым прэтэнзіяў да Чэхіі вайсковае ведамства Беларусі ніколі не агучвала.

Дамова аб звычайных узброеных сілах у Еўропе была падпісаная ў 1990 годзе. Удзельнікамі дамовы былі 16 краінаў NATO і 6 краінаў Варшаўскай дамовы. У 1999 годзе быў падпісаны адаптаваны варыянт дакументу. Раней Варшава і Прага паведамілі Менску, што прыпыняюць выкананне ДЗУСЕ ў дачыненні Беларусі. У 2023 годзе з ДЗУСЕ выйшла Расейская Федэрацыя.

Дамова прадугледжвала нацыянальна-тэрытарыяльныя і блокавыя абмежаванні, уводзіла ліміт на прысутнасць на тэрыторыях краінаў-удзельніц войскаў і баявой тэхнікі іншых краінаў. Пра велічыню ўзброеных сілаў гаворкі ў дакуменце не вялося.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў