Сацыёлаг Астапеня: Прэмія Бяляцкаму – адказ тым, хто крытычна настроены да краінаў Захаду


Сацыёлаг, дырэктар «Беларускай ініцыятывы» Chatham House Рыгор Астапеня падчас прэзентацыі вынікаў сацыялагічнага даследавання «Беларускае ўспрыманне Захаду і Расеі» пракаментаваў уручэнне Нобэлеўскай прэміі кіраўніку праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму.

Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Беляцкі.
Фота: viasna96 / Telegram

«Гэта вялікі гонар для ўсіх беларусаў, што спадар Бяляцкі атрымаў гэтую ўзнагароду. Важна тое, што Нобэлеўская прэмія – гэта ўзнагарода сусветнага маштабу, значная не толькі для краін Захаду. І з кожным новым лаўрэатам прэміі беларусы становяцца больш заўважнымі, становяцца больш значнымі ў сусветным грамадскім меркаванні, атрымліваюць прызнанне», – адзначыў Астапеня.

Паводле яго, гэтая прэмія – «прамы адказ тым крытычна настроеным да краін Захаду людзям і сілам, якія кажуць, што беларусаў лічаць людзьмі другаснага гатунку, меншымі, горшымі і гэта далей».

«Але прысуджэнне Нобэлеўкі беларусу Алесю Бяляцкаму яшчэ раз сведчыць пра зваротнае: мы роўныя з усімі, мы адэкватная частка гэтага свету», – сказаў Астапеня.

Каментар
Праваабаронца Стрыжак: Важна разумець, чаму менавіта такое рашэнне прыняў Нобэлеўскі камітэт
2022.10.07 15:29

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі цяпер застаецца за кратамі. Яго затрымалі 14 ліпеня 2021 года ў межах маштабнай атакі спецслужбаў на праваабарончую супольнасць Беларусі. Спачатку яму выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), але цяпер яму выстаўленыя іншыя абвінавачанні паводле арт. 228 КК («Кантрабанда») і ч. 2 арт. 342 КК («Фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Бяляцкага дагэтуль так і не судзілі, а толькі працягвалі тэрмін утрымання пад вартаю. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

7 кастрычніка стала вядома, што ён атрымае Нобэлеўскую прэмію міру ў 2022 годзе. Таксама ўзнагароду дадуць расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» і Цэнтру грамадзянскіх свабодаў з Украіны.

«Лаўрэаты прэміі міру прэзентуюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах. Яны шмат гадоў прасоўвалі права на крытыку ўладаў і абароны асноўных правоў грамадзянаў. У іх ёсць выдатныя намаганні дзеля дакументавання ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і злоўжыванняў уладаю. Разам яны дэманструюць значэнне грамадзянскай супольнасці для міру і дэмакратыі», – паведамляе Нобэлеўскі камітэт.

Каментар
Палітолаг Казакевіч: Нобэль Бяляцкаму паказвае, што лёс беларускіх палітвязняў не абыякавы міжнароднай супольнасці
2022.10.07 14:15

Макар Мыш / Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў