Беларусы працягваюць глядзець і на Усход, і на Захад. Вынікі апытання


Беларусы працягваюць быць радыкальна супрацьлеглымі ў сваіх прыхільнасцях: адныя хацелі б жыць на Захадзе, іншыя – на Усходзе. Пры гэтым колькасць беларусаў з «шэнгенам» паменшала. Пазітыўна ставяцца да заходняй культуры, але сябе да яе не адносяць. Да такіх вынікаў прыйшлі аўтары прэзентаванага 7 кастрычніка сацыялагічнага даследавання «Беларускае ўспрыманне Захаду і Расеі», праведзенага «Chatham House» з 15 па 31 жніўня.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

Прэзентаваў вынікі даследавання дырэктар «Беларускай ініцыятывы» «Chatham House» Рыгор Астапеня. Паводле яго слоў, у апытанні браў удзел 741 рэспандэнт. Выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва Беларусі і скарэктаваная па полу, узросце, памеры населеных пунктаў і ўзроўню адукацыі. Апытанне было праведзена з дапамогай інтэрнэт-інтэрв’ю (CAWI), што на практыцы азначае, што выбарка была карыстальнікамі інтэрнэту.

«Такі метад быў выкарыстаны, таму што рэпрэсіўнае беларускае заканадаўства і дадатковыя рызыкі для інтэрвʼюераў робяць face-to-face інтэрвʼю немагчымым», – патлумачыў Рыгор Астапеня.

Жыццё і праца на Захадзе ці ў Расеі

Хацелі б жыць і працаваць на Захадзе 38% апытаных, жаданне жыць у Расеі выказалі 33% рэспандэнтаў, 29% – устрымаліся ад адказу. Прыхільнікі Захаду сярод прычынаў свайго выбару назвалі фінансавы аспект (32%), больш высокі ўзровень жыцця (25%), свабоду і дэмакратыю (17%), не падабаецца Расея (9%), больш магчымасцяў і перспектыў (7%). Сярод названых прычын таксама стаўленне да людзей, стабільнасць, бяспека, цывілізацыя.

У прыхільнікаў Расеі іншыя прычыны выбару: менталітэт (24%), мова (17%), Радзіма (14%), падабаецца Расея (14%), брацкія народы (10%). Называліся таксама тэрытарыяльная блізкасць і адчуванне роднасці, сябры і родзічы, надзейнасць.

Жыццё і праца на захадзе. Скрыншот з прэзентацыі. Крыніца: «Беларусь у фокусе» / belaruspolls.org

Паводле Рыгора Астапені, галоўныя высновы з даследавання гэтай тэмы такія: жадаючыя працаваць і жыць на Захадзе звязваюць гэта з патрэбай павысіць узровень жыцця і адчуваць сябе свабоднымі. Прыхільнікі Расеі кажуць пра магчымасць больш хуткай асіміляцыі (падобны менталітэт, агульная мова), а таксама пра пачуццё прыхільнасці.

Цікава, што ў большай часткі беларусаў, паводле вынікаў апытання, ёсць родзічы за мяжой (62%), пераважна ў Расеі. Толькі 5% беларусаў маюць візу якой-небудзь краіны ЕЗ і 17% плануюць адкрыць яе ў будучыні. У сваіх падарожжах удзельнікі апытання найчасцей наведваюць Расею. За апошнія пяць гадоў праўладныя беларусы бывалі дзе-небудзь значна радзей, чым прадэмакратычныя. Высветлілася, што спіс наведаных краін ва ўдзельнікаў апытання вельмі кароценькі: яны самі ў сярэднім наведалі 1,8 краін, іх дзеці пабывалі ў 0,5 краінах свету, а родзічы – у 1,5 краінах.

Уплыў заходняй і расейскай культураў

Удзельнікам апытання прапанавалі па дзесяцібальнай шкале ацаніць, на колькі яны сябе адчуваюць людзьмі заходняй культуры. Сярэдні бал атрымаўся 4,3. Да заходняга вобразу жыцця пазітыўна адносяцца 53% апытаных, негатыўна і крайне негатыўна адпаведна 16 і 7%. Пры гэтым сярод тых, хто наведваў краіны Еўразвязу, сімпатыі да заходняй культуры значна большыя – на ўзроўні 70%. Але і з тых, хто не ездзіў у Еўропу, ёй сімпатызуюць 48%. Аб негатыўным уплыве заходняй культуры выказаліся 23%, а пазітыўна ацэньваюць гэты ўплыў 56%.

Самаідэнтыфікацыя беларусаў. Скрыншот з прэзентацыі. Крыніца: «Беларусь у фокусе» / belaruspolls.org

Што вельмі сімптаматычна, па меркаванні ўсіх рэспандэнтаў, расейская культура больш за заходнюю культуру ўплывае на мысленне сяброў і знаёмых, на прававую свядомасць, характар адносінаў паміж людзьмі, стаўленне да вучобы, мастацкія густы, стаўленне да працы. Пры гэтым пра дэмакратычна настроеныя рэспандэнты ацэньваюць больш пазітыўна ўплыў заходняй культуры, а праўладныя – бачаць пазітыў ва ўплыве расейскай культуры.

У цэлым па гэтай тэме аўтары даследавання высветлілі, што беларусы часцей ацэньваюць пазітыўна ўплыў заходняй культуры на прававую свядомасць, стаўленне да ведаў і густы, а расейскай – на адносіны паміж людзьмі і да працы.

Чаканні ад палітыкі ў адносінах з Захадам

Большасць удзельнікаў апытання выказаліся за збліжэнне Беларусі з краінамі Захаду, пры гэтым людзі чакаюць крокаў і з боку Беларусі, і з боку Захаду.

У дачыненні жаданай палітыкі з боку Беларусі 64% апытаных выказаліся за пашырэнне эканамічных, палітычных і культурных сувязяў з краінамі Захаду. Ад Захаду чакаюць зняцця санкцыяў 74% рэспандэнтаў, за ўвядзенне мяккіх санкцыяў выказаліся 18%, за жорсткія санкцыі выказаліся 8% рэспандэнтаў.

Чаканні ад палітыкі да краін Захаду. Скрыншот з прэзентацыі. Крыніца: «Беларусь у фокусе» / belaruspolls.org

Ацэньваючы развіццё краінаў у найбольш значных сферах удзельнікі апытання найменшы бал паставілі Беларусі (5,4). Найбольшы бал атрымала Нямеччына (7,6), на другім месцы па развіцці ЗША (7,5), на трэцім – Польшча (6,2). Нават развіццё Расеі беларусы ацэньваюць вышэй за развіццё ўласнай краіны (6,2 балы). Асабліва мала балаў Беларусь набрала ў сферах свабоды слова, космасу і забаўляльнай індустрыі. Найбольш пазітыўныя ацэнкі маюць сельскагаспадарчая сфера і якасць прадуктаў.

Яшчэ адна важная выснова палягае ў сферы адзнакі ўзроўню палітычнага ўплыву: беларусы часцей успрымаюць палітычна ўплывовымі ЗША і Расею, тады як з Польшчай, Літвой і Нямеччынай звязваюць свой культурны інтарэс.

Што ўплывае на погляды беларусаў

Галоўныя высновы даследавання зводзяцца да аналізу чыннікаў, пад уплывам якіх склаліся погляды беларусаў.

Расея ўспрымаецца беларусамі як краіна з найбольшым палітычным уплывам на Беларусь з-за культурнай блізкасці. Важным фактарам уплыву зʼяўляюцца роднасныя сувязі і паездкі ў Расею. Яшчэ адзін фактар ​​– беларускія і расейскія дзяржаўныя медыі. Іх аўдыторыя лічыць Расею развітой ва ўсіх сферах краінай, нароўні з ЗША і Нямеччынай. У галіне свабоды слова для іх Расея на першым месцы. Прыхільнікі Лукашэнкі часцей за іншых сімпатызуюць Расеі.

Што да краінаў Захаду, то палова пазітыўна ацэньвае заходні лад жыцця, большасць не бачыць негатыўнага ўплыву заходняй культуры. Заходнія краіны прыцягваюць беларусаў высокім узроўнем жыцця і дэмакратычнымі каштоўнасцямі. ЕЗ і ЗША часцей асацыююцца з развітымі тэхналогіямі і культурнай індустрыяй. Паездкі і наяўнасць сваякоў на Захадзе пазітыўна ўплываюць на стаўленне да гэтых краін. Людзі, якія апроч Расеі маюць сваякоў і хаця б адзін раз бывалі ва Украіне і ЕЗ, часцей ставяцца да гэтых краін пазітыўна. Інфармацыя недзяржаўных СМІ таксама спрыяе пазітыўнаму стаўленню да заходніх краін. Найбольш пазітыўна да Захаду ставяцца праціўнікі рэжыму Лукашэнкі. Негатыў шырока распаўсюджаны толькі сярод прыхільнікаў дзейнай улады.

Hавiны
Толькі 3% беларусаў падтрымліваюць удзел беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны
2022.03.12 09:44

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў