Беларускае МЗС адрэагавала на прысуджэнне Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму


Афіцыйны Менск не пакінуў без увагі ўганараванне Нобэлеўскай прэміяй міру Алеся Бяляцкага. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз даволі рэзка пракаментаваў рашэнне камітэту. Словы чыноўніка апублікаваныя ў Twitter ведамства.

Анатоль Глаз, прэс-сакратар МЗС Беларусі, пракаментаваў рашэнне Нобэлеўскага камітэту прысудзіць прэмію міру беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, расейскаму таварыству «Мемарыял» і ўкраінскай арганізацыі Цэнтр грамадзянскіх свабодаў.

«Вы ведаеце, у апошнія гады шэраг прынцыповых рашэнняў (а мы кажам пра прэмію міру) Нобэлеўскага камітэту настолькі палітызаваныя, што, прабачце, Альфрэд Нобэль замучыўся круціцца ў труне», – заявіў Анатоль Глаз.

Алесь Бяляцкі цяпер за кратамі. Яго затрымалі 14 ліпеня 2021 года ў межах маштабнай атакі спецслужбаў на праваабарончую супольнасць Беларусі. Спачатку яму выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), але цяпер яму выстаўленыя іншыя абвінавачанні паводле арт. 228 КК («Кантрабанда») і ч. 2 арт. 342 КК («Фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Бяляцкага ўсё яшчэ не судзілі, а толькі працягвалі тэрмін утрымання пад вартаю. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Бяляцкі – заснавальнік і нязменны старшыня «Вясны», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) з 2007 да 2016 года.

Артыкулы
Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру
2022.10.07 13:14

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў