Другая прэм’ера другога вольнага сезону Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» пачнецца з супольнага праекту з «ІІІ актам» у выглядзе аўдыаспектаклю.
«Аўдыёспектакль паводле апавядання сучаснага і наўпрост культавага беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова «Ордэн Белай Мышы». Мы дазволілі сабе абазначыць жанр як «казка для дарослых», – пішуць »Купалаўцы«.
Твор Арлова – гэта антыўтопія і своеасаблівае разважанне аўтара пра адносіны ў грамадстве, дзе няма здаровай канкурэнцыі, дзе ўсё існуе толькі ў адным экзэмпляры. Кароль краіны па-свойску называў усіх на «ты» і штораніцы бегае вакол свайго палаца ў бронекамізэльцы.
«Можна шмат распавядаць пра спектакль, пра яго сэнс, пра працу з матэрыялам, але мы прапануем лепей пачуць усё на ўласныя вушы. Бо наш зорны склад не пакіне раўнадушным нікога. А сам аповед гаворыць пра сябе лепш за любыя іншыя словы. Ролі агучвалі легендарныя Віктар Манаеў, Аляксандр Падабед, Георгій Маляўскі і Ігар Дзянісаў», – адзначана ў апісанні да відэа.
Мэта праекту – зрабіць тэатр даступным у пазітыўным сэнсе гэтага слова. Зрабіць так, каб як мага больш людзей мела магчымасць спазнаць яго і палюбіць.
Прэм’ера адбудзецца сёння а 19:00 на ютуб-канале і на старонцы праекта «З акт».
МГМ, belsat.eu