«Камісія для вяртання» папярэдзіла беларуса пра крымінальную справу супраць яго


Адбылося чарговае паседжанне «камісіі для вяртання», паведамляе Генеральная пракуратура Беларусі.

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь.
Фота: newsbel.by

Паседжанне правёў генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед. Былі разгледжаныя некалькі зваротаў. Наконт аднаго з іх было прынятае рашэнне праінфармаваць заяўніка пра ягоны працэсуальны стан у крымінальнай справе.

У іншых выпадках вырашылі паведаміць заяўнікам пра адсутнасць у іхным дачыненні адміністратыўнага ці крымінальнага працэсу на дату іхнага звароту ў камісію.

Агулам, як зазначае Генпракуратура, ад пачатку працы «камісіі для вяртання» ў лютым гэтага года на яе адрас электроннай пошты і ў тэлеграм-бот паступілі больш за 100 зваротаў. Праца камісіі будзе працягвацца.

Каментар
Вадзім Мажэйка пра «камісіі вяртання»: людзям неабходныя юрыдычныя гарантыі
2023.07.17 23:12

Камісія для разгляду зваротаў грамадзянаў Беларусі ў пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў («камісія для вяртання») была сфармаваная ў лютым 2023 года. У яе нібыта можа звярнуцца любы беларус, які з’ехаў за мяжу, каб даведацца, ці вядзецца ў ягоным дачыненні ў Беларусі нейкая адміністратыўная ці крымінальная справа, і атрымаць пералік умоваў, пры якіх ён можа вярнуцца дамоў.

Напрыканцы красавіка Генпракуратура паведаміла, што правяла першае паседжанне камісіі.

Аб’ектыў
Ці бяспечна цяпер вяртацца дадому?
2023.07.17 22:02

Паводле «Кіберпартызанаў», станам на сярэдзіну ліпеня ў «камісію для вяртання» звярнуліся ўсяго 16 асобаў. Ухваленыя дагэтуль былі дзве заявы – маці Рамана Пратасевіча Наталлі Пратасевіч і Філіпа Давыдава, які нібыта ўдзельнічаў у пратэстах, а потым з’ехаў у Польшчу.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў