«Расея ўсё больш ізалюецца». Украіна палічыла прадуктыўнымі перамовы ў Саудаўскай Аравіі


У Саудаўскай Аравіі абмеркавалі план заканчэння вайны ва Украіне. У Кіеве перамовы назвалі прадуктыўнымі, піша «Reuters». На саміт прыехаў прадстаўнік Кітаю, і еўрапейскія чыноўнікі з гэтай нагоды кажуць, што «Расея ўсё больш і больш ізалюецца», адзначае газета «Financial Times».

Удзельнікі перамоваў у Саудаўскай Аравіі. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Андрэй Ермак / X.com

У перамовах у Джыдзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі больш за 40 краінаў. Расею на саміт не запрасілі.

Украіна і ейныя саюзнікі назвалі сустрэчу спробаю забяспечыць шырокае міжнароднае падтрыманне прынцыпаў, прапанаваных Кіевам, у тым ліку вывад расейскіх войскаў і вяртанне ўсіх захопленых тэрыторыяў.

Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак сцвярджае, што «ўсе прысутныя засведчылі адданасць сваіх краінаў прынцыпам Статуту ААН, міжнароднага права і павагі да суверэнітэту і непарушнасці тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаваў».

Паводле яго, кансультацыі аб прынцыпах, на якіх мусіць будавацца справядлівы і трывалы мір, сталіся вельмі прадуктыўнымі.

Пры гэтым намеснік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў назваў сустрэчу марнай.

Удзел Кітаю, які праігнараваў першы раўнд перамоваў у Капэнгагене, сведчыць аб магчымым зруху ў ягонай пазіцыі, але не аб сур’ёзных зменах, адзначаюць аналітыкі, на якіх спасылаецца «Reuters».

Пры гэтым «Financial Times» піша, што еўрапейскія чыноўнікі назвалі канструктыўнай пазіцыю прадстаўніка Кітаю і адзначылі, што Пекін прадэманстраваў гатовасць і надалей удзельнічаць у міжнародных перамовах аб урэгуляванні ва Украіне. Суразмоўцы выдання кажуць, што адна толькі прысутнасць на саміце Кітаю «паказвае, што Расея ўсё больш і больш ізалюецца».

Hавiны
У Саудаўскай Аравіі пачаліся перамовы пра мірнае ўрэгуляванне вайны ва Украіне
2023.08.05 14:34

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў