«Гэта шлях да волі – толькі дурань гэтага не разумее». Беларус заплаціў $ 650 за майку палка Каліноўскага


Канцэрт падтрымання Палка Каліноўскага ў Варшаве
Дзяніс Пічугін трымае пакет з майкай палка Каліноўскага, набытай ім падчас аўкцыёну на канцэрце ў падтрыманне добраахвотніцкага фармавання. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На варшаўскім канцэрце ў падтрыманне палка Каліноўскага вядоўца Дзмітрый Танковіч правёў аўкцыён, каб продаць майку з лагатыпам добраахвотніцкага фармавання, са стартавым коштам 50 злотых (каля $ 10). Праз некалькі хвілінаў лот каштаваў ужо 3000 злотых. Пасля канцэрту пераможца аўкцыёну на просьбу «Белсату» распавёў пра сябе.

Мяне завуць Дзяніс Пічугін, я – кіраўнік телеграм-каналу «вуліца Чырвоная», удзельнічаў ва ўсіх пратэстах, адчуў на сабе рэпрэсіі, у мяне сканфіскавалі маёмасць. Мусіў уцякаць з Беларусі. Трымаўся да апошняга, але калі зразумеў, што ўсё цяжка, паехаў. У Польшчы жыву ўжо год і два месяцы.

У Беларусі я працаваў цырульнікам, меў свае салоны. Ужо 12 гадоў я супрацоўнічаю з маркай «L’oréal», цяпер працую стылістам у іх Акадэміі ў Варшаве, што займаецца стварэннем фрызураў, вобразаў і навучаннем цырульнікаў.

Калі пачалася вайна, я падумаў тады: «Блін. А я казаў, што, бадай, так і будзе».

Дзяніс Пічугін набывае майку Палка Каліноўскага
Дзяніс Пічугін атрымлівае майку ад прадстаўніка палка Каліноўскага на дабрачынным канцэрце ў падтрыманне добраахвотніцкага фармавання. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

[Тое, што з тэрыторыі Беларусі лятуць ракеты], паказвае, наколькі мы слабыя. Але хацеў бы дадаць, што не трэба забывацца, што ўкраінскі прэзідэнт Зяленскі – адзін з першых, хто выдаў Лукашэнку мандат, і ні разу не сустрэўся са Святланай Ціханоўскай. На любое дзеянне будзе сваё процідзеянне. Мы робім усё, што можам рабіць.

Я данаціў на полк Каліноўскага і раней – праз інтэрнэт. Сумы былі розныя. Аднойчы ахвяраваў 5000 злотых. Удзел у аўкцыёне – гэта сімвалічны крок, але іх майку я буду насіць.

Як гэта – «чаму важна падтрымліваць полк Каліноўскага»? Гэта шлях і ключ да волі – толькі дурань не бачыць і не разумее.

[Пра скандал вакол палка Каліноўскага магу сказаць, што] ментальна беларусы вельмі падобныя да палякаў: вечна ўсім незадаволеныя. Да гэтага трэба ставіцца спакойна. Мы – такія, нічога не зробіш. Не трэба спрабаваць параўноўваць сябе з іншымі нацыямі і сябе змяняць. Так, мы беларусы, мы такія, любім часам паскандаліць, часам паскардзіцца на жыццё. Гэта – нацыянальная рыса, якая адрознівае нас ад астатніх.

Запісаў Ян Лісіцкі

belsat.eu/ Герон

Стужка навінаў