Трэці месяц запар скарачаюцца золатавалютныя рэзервы краіны


Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 ліпеня склалі 7,79 млрд долараў, такія звесткі апублікаваў Нацбанк. Гэта на 80,6 млн долараў менш, чым месяцам раней. ЗВР краіны зніжаюцца трэці месяц запар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Linda Hamilton / Pixabay

За травень ЗВР упалі на 96,1 млн долараў, а ў красавіку адбылося скарачэнне на 130,4 млн. За студзень ЗВР выраслі на 213,3 млн долараў, за люты ўпалі на 373,3 млн долараў, а за сакавік павялічыліся на 329,1 млн долараў.

Усяго з пачатку 2023 года зніжэнне золатавалютных рэзерваў склала 138 млн долараў, а за мінулы год гэты паказнік знізіўся на 495,5 млн долараў. У 2022 годзе аб’ём ЗВР зніжаўся з пачатку года да верасня, пасля чаго пачаў павялічвацца.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі. Скрыншот: nbrb.by

Са жніўня 2022 года Нацбанк публікуе інфармацыю толькі аб абʼёме золатавалютных рэзерваў без дэталізацыі іх структуры, а таксама ўказання фактараў, якія ўплываюць на іх змяненне.

Аднак тлумачэнні дае Еўразійскі банк развіцця. Гэтак, у сакавіку беларускія рэзервы выраслі дзякуючы падаражэнню золата на сусветным рынку (за месяц – на 7,7 %). Акрамя таго, адбілася заўважнае падзенне попыту на валюту на ўнутраным рынку. Таксама дзякуючы кошту золата міжнародныя актывы Беларусі павялічыліся ў студзені, паведамляў раней ЕАБР. А ў лютым яны знізіліся на 373 млн долараў. Тады паўплывала сезоннае павелічэнне попыту на валюту з боку банкаў і юрыдычных асобаў ды падзенне цэнаў на золата.

Паводле прагнозаў уладаў, сёлета золатавалютныя рэзервы мусяць скласці не меней за 6 млрд долараў: да канца 2023 года ЗВР знізяцца на 1,58 млрд долараў.

Hавiны
Лукашэнка не зразумеў, якую рэзервовую валюту ад яго хоча Масква. Спрабуем патлумачыць
2023.05.30 10:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў