Прэзідэнты Літвы, Латвіі і Польшчы папярэдзілі NATO аб пагрозе з боку Беларусі


Прэзідэнты Літвы, Польшчы і Латвіі звярнуліся з лістом да генеральнага сакратара і кіраўнікоў краінаў альянсу з заклікам зрабіць неабходныя захады для супрацьдзеяння пагрозам з боку Расеі і Беларусі.

Сцягі Украіны і NATO. Крыніца: ukrinform.pl

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс заявілі, што «супраца Расеі і Беларусі пагоршыла бяспеку ў рэгіёне і ва ўсёй еўраатлантычнай прасторы. Тэрыторыя Беларусі і рэсурсы гэтай краіны былі выкарыстаныя Расейскай Федэрацыяй у жорсткай і незаконнай вайне супраць Украіны, «што сведчыць пра ўсё больш шчыльную ваенную інтэграцыю паміж дзвюма краінамі».

«Яе праявай стала размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядравай зброі. Гэта крок эскалацыі ў кантэксце вайны ва Украіне і прамая пагроза бяспецы нашай супольнасці. Гэта чарговае абуральнае парушэнне рамачнага акту NATO-Расея і жывы доказ таго, што гэты дакумент больш не дзеіць», – гаворыцца ў лісце кіраўнікоў Літвы, Польшчы і Латвіі.

Лідары гэтых краін адзначылі таксама, што перамяшчэнне расейскіх наймітаў групы Вагнэра і іх кіраўніка Яўгена Прыгожына ў Беларусь створыць рызыкі для палітычнай стабільнасці ў Беларусі і, як следства, патэнцыйную страту кантролю над звычайнай і ядравай зброяй. З’яўленне ў Беларусі Прыгожына можа стаць стымулам, каб выклікаць новую хвалю масавай міграцыі і гуманітарнага крызісу на межах ЕЗ.

Hавiны
Падчас саміту NATO у Вільні будуць абмяркоўваць Беларусь
2023.07.03 20:27

Прэзідэнты трох краін падкрэсліваюць у лісце, што беларускі народ мае патрэбу ў ясным пасланні NATO аб тым, што Альянс зацікаўлены ў дэмакратычнай, стабільнай Беларусі, не падпарадкаванай Расеі.

Гітанас Наўседа, Анджэй Дуда і Эгілс Лэвітс прапануюць NATO адаптаваць да новых рэаліяў палітыку ядравага стрымлівання, папоўніць разліковыя запасы войскаў на ўсходнім флангу, падвысіць абаронныя выдаткі звыш 2 % ВУП, павысіць устойлівасць хаўруснікаў супраць гібрыдных пагрозаў.

«Напярэдадні саміту NATO ў Вільні нам неабходныя салідарнасць і адзінства для супрацьдзеяння ўсім пагрозам у адпаведнасці з прынцыпам «360 градусаў». У тым ліку і тым, якія выкліканыя нядаўнімі падзеямі ў Беларусі», – гаворыцца ў лісце.

Саміт NATO адбудзецца ў Вільні 11-12 ліпеня. Удзел у ім возьме прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Каментар
Саміт NATO ў Вільні: ці возьмуць Украіну ў альянс і ці згадаюць пра Беларусь?
2023.07.04 18:55

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў