Мінабароны Беларусі: Лагер каля Асіповічаў пабудаваны для трэнаванняў тэрабароны, а не вагнэраўцаў


Памочнік міністра абароны Леанід Касінскі заявіў, што вагнэраўцы пакуль не прыязджалі ў Беларусь для агляду месца меркаванага размяшчэння. А лагер каля Асіповічаў, які, як раней меркавалася, будавалі для наймітаў, пабудавалі для трэнавання тэрытарыяльнай абароны.

Лагер каля Асіповічаў, куды могуць пераехаць вагнэраўцы. Крыніца: news_sirena / Telegram

Мінабароны Беларусі прывезла ў лагер каля Асіповічаў журналістаў, дзе на іхныя пытанні адказаў памочнік міністра абароны, генерал-маёр Леанід Касінскі, перадае ТАСС.

«Не, аператыўныя групы пакуль не прыязджалі, не вызначаліся, не глядзелі. Я думаю, калі будзе прынятае канчатковае рашэнне Групаю Вагнэра пра тое, размяшчацца ці не размяшчацца ў Беларусі, тады і будуць глядзець», – сказаў памочнік міністра, каментуючы паведамленні пра нібыта размяшчэнне байцоў ПВК у лагеры.

Касінскі таксама дадаў, што лагер пабудавалі ва ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады для трэнавання беларускіх вайскоўцаў і тэрабароны:

«Гэты лагер разгортваўся для трэнавання як вайскоўцаў, гэтак і прадстаўнікоў цывільнай адміністрацыі ў межах разгортвання сістэмы тэрытарыяльнай абароны».

У лагеры могуць размясціцца каля 5000 чалавек, а на тэрыторыі вайсковага мястэчка – і вайсковая тэхніка. «Усё залежыць ад колькасці гэтай тэхнікі. Гэта былое вайсковае мястэчка. Інфраструктура захавалася: і боксы былі, тут артылерыйская брыгада калісьці размяшчалася», – сказаў Касінскі.

Раней выказвалася меркаванне, што лагер могуць будаваць як перавалачны пункт для расейскіх вайскоўцаў, якія прыедуць у Беларусь ахоўваць ядравую зброю.

Агляд
Лагер каля Асіповічаў пабудавалі не для вагнэраўцаў?
2023.07.04 07:20

У канцы чэрвеня стала вядома, што каля Асіповічаў пачалі аднаўляць закінутае вайсковае мястэчка і ставіць там намёты. Гэта стала адбывацца пасля таго, як абвесцілі пра перамяшчэнне вагнэраўцаў у Беларусь. Нагадаем: пасля мяцяжу ПВК Вагнэра, які пачаўся ўвечары 23 чэрвеня, Пуцін прапанаваў наймітам пераехаць у Беларусь. Гэта здарылася пасля дамоўленасцяў з Лукашэнкам, якія нібыта тады вёў з кіраўніком вагнэраўцаў Яўгеніем Прыгожыным перамовы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў