Курс рубля зніжаўся два тыдні. Што адбываецца на валютным рынку?


Упершыню з 23 чэрвеня беларускі рубель на гандляваннях на Беларускай валютна-фондавай біржы пачаў умацоўвацца. Да гэтага дзевяць разоў запар курс рубля зніжаўся да амерыканскай валюты. Калі ў канцы чэрвеня долар каштаваў 2,98 рубля, то 7 ліпеня яго кошт вагаецца на адзнацы 3,05 рубля. Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» тлумачыць, што адбываецца на валютным рынку.

БСБ банк, банкомат, обменник, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Мужчына мяняе валюту ў абменным пункце «БСБ-банку». Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

З пачатку ліпеня курс беларускага рубля да долара ЗША прасеў на 0,73 %. Увогуле сёлета курс амерыканскай валюты вырас на 11,6 %. 7 ліпеня за долар ЗША ў беларускіх банках даюць 3 рублі і 5 капеек, яшчэ 23 чэрвеня курс не дасягаў 3 рублёў.

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна кажа, што ў існай сітуацыі ды ў бліжэйшай перспектыве на беларускі рубель уплывае дынаміка курсаў расейскага рубля, які апошнім часам зніжаўся да долара і еўра даволі паскоранымі тэмпамі:

«Безумоўна, што на гэтую дынаміку паўплывала сітуацыя з Прыгожыным. Гэта значыць, што ў Расеі выраслі рызыкі і нявызначанасці, адпаведна выраслі рызыкі ў эканоміцы, што паўплывала на паводзіны людзей і на паводзіны інвестараў».

Экспертка таксама падкрэслівае, што гэта кароткатэрміновы фактар, які аказаў уздзеянне на валютны рынак. Між тым існуюць і больш доўгатэрміновыя перспектывы:

«Мы бачым пагаршэнне сальда гандлёвага балансу Расеі. Пры гэтым экспарт не такі высокі, як быў летась, што звязана з коштамі на энерганосьбіты, якія знізіліся. Пагатоў расейская нафта прадаецца з дысконтам, уплываюць і санкцыі. Пры гэтым імпарт пачынае аднаўляцца. У тым ліку расце паралельны імпарт. Сітуацыя ў вонкавым гандлі выклікае аслабленне курсу расейскага рубля».

Hавiны
«Белаграпрамбанк» замяніў валюту разлікаў з выкарыстаннем міжнароднай аплатнай сістэмы «Mastercard»
2023.06.08 17:54

Адпаведна, гэтая тэндэнцыя правакуе змены і на беларускім валютным рынку. Эканамістка звяртае ўвагу: калі паглядзець на кошык валютаў у Беларусі, то асноўная доля ў ёй – расейскі рубель.

Настасся Лузгіна. Дацэнтка, кандыдатка эканамічных навук, старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC. Варшава, Польшча. 15 лістапада 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

Пры гэтым, паводле Настассі Лузгіной, на сёння няма сур’ёзных прычынаў для аслаблення беларускага рубля да долара і еўра, калі глядзець на беларускія фактары, якія могуць уплываць на валютны рынак. Але гэта не значыць, што сітуацыя стабільная, бо існуюць рызыкі, што такія фактары будуць праяўляцца ў будучыні.

Экспертка да гэтых фактараў адносіць тое, што пачынае аднаўляцца ўнутраны попыт у Беларусі. Гэта сталася вынікам таго, што Нацбанк праводзіць даволі мяккую крэдытна-грашовую палітыку, праз якую таннеюць крэдыты і назіраецца рост крэдытавання. Гэта ў сваю чаргу таксама можа справакаваць рост імпарту, інвестыцыйнага імпарту, што будзе ціснуць на валютны рынак у цэлым. Але пакуль гэта толькі рызыкі, адзначае адмыслоўца.

Цяпер жа мы бачым у асноўным уплыў расейскага фактару, пры гэтым беларускі рубель паўтарае дынаміку расейскага рубля, але не капіюе яго цалкам, падкрэслівае экспертка.

Hавiны
Курс долара ў Беларусі працягнуў рост пасля выходных
2023.07.04 14:33

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў