Каўбасу робяць «не з тых зуброў, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу» – міністр сельскай гаспадаркі


Беларускія ўлады «б’юць трывогу» адносна таго, што плот на польскай мяжы пагражае зубрам. Вытворчасць жа каўбасы і тушаніны з зуброў тлумачаць тым, што «гэта жывёла, выгадаваныя штучна, каб ствараць для чалавека станоўчыя эмоцыі».

Зубр у Белавежскай пушчы.
Фота: Alexxx Malev / Flickr, CC BY-SA 2.0

На дзяржаўным тэлеканале СТВ вечарам 6 чэрвеня тэму забою зуброў на каўбасу абмеркавалі з удзелам міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло і генеральнага дырэктара канцэрну «Берасцемясхарчпрам» Міхаіла Сяркова. На пытанні вядоўцаў аб тым, ці не шкада зуброў, Сяркоў адказаў: «Зубр – ялавічына і ялавічына».

У адказ на заўвагу аб тым, што зубры ўнесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, Брыло адказаў:

«Жывёла чырванакніжная. Зразумела, што каўбасу ці тушаніну з таго зубра, які жыве ў Белавежскай пушчы, ніхто не атрымлівае. Хоць і там, бывае, прысутнічае тэхналагічны адыход, гэта фізіялогія: адна жывёла старэе, другая жывёла нараджаецца».

Брыло патлумачыў, што Гарадзенскі мясакамбінат робіць каўбасу з зуброў, якія вырошчваюцца штучна. Ён таксама згадаў: бывае, што жывёла атрымлівае неспалучальныя з жыццём траўмы (ці робяць каўбасу з такіх, ён не сказаў наўпрост).

«Я нацэльваю на тое, што гэта не з зуброў, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу, – заявіў Брыло пра той самы від жывёлы, які занесены ў Чырвоную кнігу. – Гэта жывёла, вырашчаная штучна, каб ствараць для чалавека, скажам, эмоцыі нейкія станоўчыя. Але ў той жа час гэта папуляцыя, яны нараджаюцца, яе таксама трэба неяк рабіць… кантраляваць аб’ём жывёлы».

Разам з тым дзяржаўная прапаганда паслядоўна непакоіцца аб тым, што польская мяжа, умацаваная пасля створанага беларускімі ўладамі міграцыйнага крызісу, «дзеліць па-жывому» папуляцыю зуброў і іншай жывёлы, што прыводзіць да змяншэння генетычнай разнастайнасці і ставіць пад пагрозу захаванне папуляцыі.

Паводле заяваў у дяржаўных медыях, будаўніцтва плоту на мяжы трэба спыніць, бо адмысловыя «вокны» для міграцыі жывёлаў у гэтых платах нібыта не дапамогуць зубрам. З прычыны будаўніцтва сцяны на мяжы і пагрозе жывёле міністр замежных справаў Уладзімір Макей звяртаўся да кіраўнікоў нацыянальных камісіяў у справах UNESCO.

Аналітыка
Чаму міграцыйны крызіс у Беларусі штучны? Параўноўваем з іншымі краінамі
2021.11.10 18:24

Што праўда, папуляцыю зуброў у Беларусі ўжо некалькі гадоў некаторыя называюць дастатковай, каб прыбраць жывёлу з Чырвонай кнігі, а экс-міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, які цяпер кіруе Таварыствам паляўнічых і рыбаловаў, называў Чырвоную кнігу «рудыментам».

Але навукоўцы тлумачаць, што пакуль мікрапапуляцыі зуброў яшчэ не дасягнулі колькасці, якая б пагражала тэрыторыям, дзе яны жывуць, а групы зуброў не пачалі кантактаваць між сабой, што дало б генетычную разнастайнасць. Яшчэ ў траўні 2022 года Міністэрства прыроды адзначала, што праца ў аднаўленні папуляцыі зуброў не завершаная.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў