«Агрэсіўныя і небяспечныя манеўры». Над Чорным морам расейскі знішчальнік перахапіў самалёт польскіх памежнікаў


Памежная служба Польшчы паведаміла пра інцыдэнт з удзелам свайго самалёта і расейскага знішчальніка над Чорным морам. Расейскі пілот «здзейсніў агрэсіўныя і небяспечныя манеўры», заявіла спікерка ведамства Анна Міхальска. Польскі экіпаж нават на нейкі час страціў кіраванне самалётам праз моцную турбулентнасць, створаную знішчальнікам, перадае агенцтва PAP.

Самалёт L-410 Turbolet Памежнай службы Польшчы.
Фота: Straż Graniczna / strazgraniczna.pl

Самалёт L-410 Turbolet Памежнай службы Польшчы ўдзельнічаў у місіі Frontex – Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы – і выконваў патрульны палёт у аператыўнай зоне, абазначанай Румыніяй. У гэтую зону прыляцеў расейскі знішчальнік Су-35 і, не выходзячы на кантакт, тры разы небяспечна наблізіўся да польскага самалёта.

У выніку ён трапіў у моцную турбулентнасць, і экіпаж на нейкі час страціў кіраванне.

«Расейскі знішчальнік таксама здзейсніў пралёт наўпрост перад насавой часткай самалёта Turbolet L-410, перасякаючы траекторыю палёту на небяспечнай адлегласці. Паводле ацэнкі экіпажа, яна складала каля 5 метраў. Пасля трэцяга заходу расейскі знішчальнік адышоў ад польскага самалёта», – распавяла афіцыйная прадстаўніца Памежнай службы Польшчы Анна Міхальска.

На борце польскага самалёта было пяць асобаў.

«Экіпаж, у тым ліку два пілота, прадэманстраваў выдатныя навыкі і вялікае самавалоданне, дзякуючы чаму ім удалося паспяхова прызямліцца», – падсумавала Міхальска.

Гэты інцыдэнт адбыўся 5 траўня. Міністэрства абароны Расеі яго пакуль не каментавала.

ВІДЭА
ЗША паказалі, як расейскія самалёты збівалі амерыканскі дрон над Чорным морам
2023.03.16 14:20

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў