Прысуд Валерыю Цапкалу: 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму


У Менску вынеслі прысуд у справе экс-кандыдата на прэзідэнта Валерыя Цапкалы – 17 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд вынесены завочна. Аб гэтым паведамляе БелТА.

Суд над Валерыем Цапкалам праходзіў завочна.
Фота: БелТА / belta.by

7 красавіка ў Менскім абласным судзе агучылі прысуд у справе экс-кандыдата на прэзідэнта Валерыя Цапкалы. Яго прыгаварылі да 17 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Працэс адбываўся завочна, фігурант справы быў за мяжою.

Паведамляецца, што Цапкала прызнаны вінаватым паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў атрыманні хабару ў выглядзе грашовых сродкаў і іншых выгадаў маёмаснага характару для сябе і сваіх блізкіх у асабліва буйным памеры. Прызначылі яму і дадатковае пакаранне: палітык пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

Суд нібыта высветліў, што падчас працы на пасадзе дырэктара адміністрацыі Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала атрымаў € 151 715 за выбар пэўнага субʼекта гаспадарання генпадрадчыкам для будаўніцтва абʼекту ПВТ і заключэнне адпаведнай дамовы. Абласны суд сцвярджае, што грошы на ўказанне Цапкалы былі пералічаныя на разліковы рахунак падкантрольнай яму кампаніі, размешчанай на Кіпры. Суд пастанавіў спагнаць гэтыя сродкі з асуджанага. Апроч таго, палітык аштрафаваны больш як на Br 35 тыс. (1000 базавых велічынь), усе грошы трэба заплаціць цягам месяца, інакш будзе канфіскаваная маёмасць.

29 сакавіка «Белсат» паведамляў, што на паседжанні завочнага суда над экс-кандыдатам на прэзідэнта Валерыем Цапкалам пракурор патрабаваў асудзіць палітыка на 19 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі строгага рэжыму і аштрафаваць на адну тысячу базавых велічынь. Пры гэтым спачатку Цапкалу выстаўлялі абвінавачанне паводле 12 артыкулаў КК.

Hавiны
Пракурор запатрабаваў для Валерыя Цапкалы 19 гадоў калоніі
2023.03.29 16:39

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў