Падчас правярання боегатовасці беларускія вайскоўцы даўкамплектоўваюцца грамадзянскай тэхнікай. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства абароны РБ.
7 красавіка Мінабароны РБ паведаміла, што падчас правярання боегатовасці аднаго з вайсковых злучэнняў арганізаваныя пункты прыёму тэхнікі (ПТТ), куды паступае грамадзянская тэхніка, «перададзеная з народнай гаспадаркі».
На апублікаваных прэсавай службай мінабароны фотаздымках бачныя цяжкавікі «МАЗ-VOLAT», экскаватары на базе трактароў «Беларус», грэйдэры для выроўнівання грунтовых дарог.
Раней нешта падобнае можна было назіраць толькі на афіцыёзных парадах і шэсцях у Менску, калі для дэманстрацыі магутнасці беларускай эканомікі і народнай гаспадаркі па вуліцах беларускай сталіцы правозілі не толькі сельска-гаспадарчую і будаўнічую тэхніку, але і электрабытавыя вырабы і нават унітазы.
«Белсат» раней паведамляў, што ў Беларусі 3 красавіка пачалі правяранне арміі. Афіцыйна ніхто не хавае, што гаворка вядзецца пра адпрацоўванне прывядзення частак і падраздзяленняў у найвышэйшую ступень боегатовасці. Тады кіраўнік Саўбезу Аляксандр Вальфовіч казаў, што правяранне будзе ўключаць поўны комплекс дзеянняў, звязаных з пераводам злучэння з мірнага на ваенны час, наборам вайсковаабавязаных, дастаўкай узбраення, выхадам злучэння на палігоны для выканання задачаў паводле прызначэння.
Антон Тачняк belsat.eu