У Міністэрстве надзвычайных справаў Беларусі паведамілі пра падзенне даху кароўніка ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. Інцыдэнт здарыўся ўдзень 6 сакавіка.
Паводле МНС, упалі шыферны дах і жалезабетонныя пліты перакрыцця кароўніка на тэрыторыі малочнатаварнай фермы СУП «Паўночны» каля аграгарадка Верамееўка.
Пад заваламі апынулася жанчына 1975 года нараджэння, якая з траўмамі рознай ступені цяжкасці шпіталізаваная. Таксама пацярпелі чатыры каровы, якіх вырашана забіць.
Падобны выпадак здарыўся 3 верасня 2022 года ў Ашмянах. Там на вуліцы Чкалава абвалілася сцяна збожжавага складу. Пад абломкамі канструкцыі і збожжам засталася 40-гадовая жыхарка гораду. Яе прыціснула да бэлькі.
Выратаваную жанчыну шпіталізавалі ў раённую больніцу.
Якуб Хруст belsat.eu