Большасць палякаў падтрымлівае закрыццё мяжы з Беларуссю

Выглядае, што поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю падтрымала б большасць польскага грамадства. Варшава відавочна ўжо выставіла рэжыму варункі.

Сітуацыя на памежным пераходзе «Баброўнікі» падчас яго закрыцця. Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Гэта вынікае з новага апытання штодзённай польскай газеты «Rzeczpospolita» і парталу rp.pl (праведзенага SW Research). На пытанне «Ці павінна Польшча зачыніць усе памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю?» станоўча адказалі 54,10 % палякаў. Супраць такога рашэння выступаюць 28,40 % апытаных, а 17,50 % не маюць пэўнага меркавання ў гэтай справе. А гэта азначае, што калі б польскія ўлады найбліжэйшым часам вырашылі закрыць мяжу, гэта было б падтрымана большасцю грамадства. Ці магчыма такое?

Намеснік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мацей Вонсік у эфіры тэлеканалу «Polsat» заявіў у панядзелак пра неабходнасць больш жорсткіх і рашучых дзеянняў у дачыненні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ён згадваў справу асуджанага на 8 гадоў турмы польскага журналіста Анджэя Пачобута, пераслед польскай меншасці і беларускай апазіцыі. Палітык не выключыў, што Польшча можа закрыць «акно ў свет» для Беларусі – маўляў, Польшча чакае крокаў Менску перад тым, як прыняць адпаведныя рашэнні.

Што можа быць такім крокам? Пазітыўны разгляд апеляцыі ў справе Пачобута і ягонае вызваленне без сумневу прыпыніла б эскалацыю ў двухбаковых дачыненнях. Выглядае, што для Варшавы гэта пытанне прынцыповае. Але такія крокі Менску вельмі мала верагодныя, тэндэнцыі ў Беларусі зусім адваротныя. І доказам таму сталі апошнія прысуды – Алесю Бяляцкаму і іншым вясноўцам, Святлане Ціханоўскай ці Паўлу Латушку.

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Таму вельмі верагодным выглядае наступны сцэнар. Лукашэнкаўскі суд пакідае рашэнне папярэдняй інстанцыі, і Пачобут застаецца за кратамі. Польшча цалкам закрывае мяжу. Для Польшчы гэта лакальная праблема, якой найхутчэй не заўважыць большасць жыхароў краіны. Праз пару дзён забудуцца медыі. Значэнне мяжы з Беларуссю для польскай эканомікі цяпер сімвалічнае. Тавараабарачэнне з той жа Нямеччынай сёння прыкладна ў сто разоў большае (больш за 100 млрд еўра).

Беларусам жа, каб трапіць у Еўропу, прыйдзецца ляцець у Турцыю. Не наважуся разважаць, ці прымусяць такія меры дыктатара пайсці на саступкі і ці прывядзе тое да вызвалення палітвязняў. Можа так станецца, а можа Беларусь цалкам зробіцца расейскай вайсковай базай, ізаляванай ад вонкавага свету.

Адназначна сёння надышоў той момант, калі ў дыскусіі адносна закрыцця межаў Беларусі з краінамі Еўразвязу павінна ўключыцца беларуская дэмакратычная супольнасць і, у прыватнасці, Аб’яднаны пераходны кабінет на чале са Святланай Ціханоўскай. Павінны як мага хутчэй сваю пазіцыю і канкрэтныя прапановы адносна гэтай балючай справы, якая адаб’ецца на сотнях тысяч беларусаў. І варта памятаць, што поўная ізаляцыя Кубы трывае ад 1960 года і востраў месціцца ўсяго за 180 кіламетраў ад берагоў першай дэмакратыі свету – ЗША. І там няма побач агрэсіўнай і імперскай Расеі.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў