news
Агляд
Музей БРСМ і роставыя лялькі для піянераў. На што Лукашэнка раздаў грошы беларусаў
Рэжым працягвае выдаткоўваць сродкі на праекты, якія мусяць узняць яго ўплыў у грамадстве.
19.02.202409:21

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае выдаткоўваць сродкі на прапаганду і прасоўванне праектаў, якія мусяць узняць ягоны ўплыў у грамадстве. Не выключэнне і гранты, вылучаныя на 2024 год работнікам арганізацыяў у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, моладзевай палітыкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка знаёміцца з распрацоўкамі навучэнцаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку. Менск, Беларусь. 1 верасня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Гранты атрымаюць 58 асобаў «для рэалізацыі прыярытэтных для Беларусі сацыяльных праектаў». У распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі сапраўды ёсць праекты, якія б маглі палепшыць тэхналагічны і вытворчы працэсы, зрабіць унёсак у развіццё аховы здароўя і вывучэння гісторыі ды захавання беларускай культуры, інклюзіі дзяцей з інваліднасцю. Але прыкладна да чвэрці праектаў узнікаюць пытанні не толькі адносна іх прыярытэтнасці, але і ўвогуле патрэбнасці беларусам.

Паводле ўказу № 425 ад 13 верасня 2013 года, «гранты выплачваюцца штомесяц за кошт сродкаў рэзервовага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым сам гэты фонд фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту: на 2024 год у яго мусяць накіраваць практычна 1 мільярд рублёў. То бок, фактычна гранты Лукашэнка будзе выплачваць за кошт бюджэтных сродкаў.

БРСМ, піянеры і іншая моладзь

За бюджэтныя грошы метадыстка Смаргонскага раённага цэнтру творчасці дзяцей і моладзі Анжэла Аскірка плануе стварыць адмысловы музейны пакой, каб папулярызаваць дзейнасць і развіваць цікавасць да Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі (БРПА) і Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (БРСМ). А прадстаўніца кіраўніцтва БРПА Юлія Шынкарэнка хоча рэалізаваць праект «Акцябраты – краіна юных патрыётаў», для чаго трэба намаляваць мультфільм і стварыць роставыя лялькі талісманаў піянерскай арганізацыі «для патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання малодшых школьнікаў».

Дырэктарка Добрушскага раённага краязнаўчага музею Аляксандра Шпакава збіраецца стварыць у інтэрнэце цэлае тэлебачанне «ў мэтах папулярызацыі дасягненняў Беларусі, фармавання павагі да дзяржаўнасці». У сваю чаргу журналістка прапагандысцкага выдання «Минск-Новости» Паліна Макей будзе з дапамогаю цыклу відэаматэрыялаў папулярызаваць працоўныя спецыяльнасці сярод моладзі, умацоўваць «імідж людзей працы». Ці збіраецца яна сама сысці ў працоўную спецыяльнасць, не ўдакладняецца.

Паразітызм на Другой сусветнай вайне

Значная частка моладзевых і культурных праектаў таксама звязаная з прапагандай афіцыйных падыходаў да Другой сусветнай вайны. Гэтак, педагог Жлобінскага гарадскога цэнтру творчасці дзяцей і моладзі «Эўрыка» Аліна Байкачова ў межах праекту «Патрыятызм – мой лёс» хоча наносіць на фасады будынкаў муралы, «якія адлюстроўваюць гераічны подзвіг ураджэнцаў Жлобінскага раёну ў гады Вялікай Айчыннай вайны». А Уладзімір Фалітарык з Іванаўскага раённага цэнтру культуры і народных традыцыяў будзе прасоўваць перасовачны выставачны праект па рэканструкцыі культуры і побыту партызанаў для захавання «памяці аб подзвігу беларускага народу ў Вялікай Айчыннай вайне».

Гэтай жа тэматыцы прысвечаныя праекты віцебскай настаўніцы Наталлі Дзімавай і ідэолага Гарадзенскага медычнага ўніверсітэту Аксаны Котавай, якія плануюць, адпаведна, пасадзіць яблыневы сад і зняць відэа «для захавання гістарычнай памяці і грамадзянска-патрыятычнага выхавання».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці гуляюць каля вайсковай тэхнікі на святкаванні 3 ліпеня ў гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна». Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2023 года.
Фота: Белсат

Дырэктарка менскага Цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Вікторыя» Алена Арлова з дапамогаю тактычных гульняў і ваенна-гістарычнай рэканструкцыі хоча «актывізаваць і павысіць цікаўнасць суб’ектаў адукацыйнага працэсу да найважнейшых паняццяў, неабходных для сапраўднага грамадзяніна і патрыёта Рэспублікі Беларусь».

Кандыдат філалагічных навук Мікалай Мікуліч збіраецца даследаваць паэзію Заходняй Беларусі 1921–1939 гадоў, але не проста так, а з мэтаю прасоўвання «дзяржаўна-ідэалагічнай і сацыякультурнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе». 85-й гадавіне далучэння Заходняй Беларусі і 80-й – вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысвечаны выставачны праект супрацоўніцы Нацыянальнага гістарычнага музею Святланы Харужык. У апісанні не паведамляецца, ці будзе там дзеля «захавання гістарычнай памяці беларускага народу і папулярызацыі гісторыі культурнай спадчыны Беларусі» распавядацца пра саюзніцкія стасункі гітлераўскага і сталінскага рэжымаў і рэпрэсіі ў дачыненні жыхароў Заходняй Беларусі.

Верагодна, з тэматыкай Другой сусветнай вайны звязаны і праект «Трохкутнік Надзеі», накіраваны «на захаванне нацыянальных духоўных традыцый і гістарычнай памяці беларускага народу». Яго аўтар – нязменны рэжысёр «Славянскіх базараў», «Дажынак», Еўрапейскіх гульняў і Гульняў краінаў СНД Аляксандр Вавілаў.

Вайна не мінулая, а будучая?

Не абышлося ў дакуменце і без вайсковых распрацовак. Гэтак, прафесар Вайсковай Акадэміі Максім Пылінскі плануе распрацаваць «методыку падтрымання прыняцця рашэння органамі ваеннага кіравання, якія дазваляюць ажыццявіць абгрунтаваную арганізацыю і планаванне сувязі на аперацыю (бой) з улікам міжвідавога ўзаемадзеяння войскаў, а таксама практычную рэалізацыю прапанаваных методык у выглядзе спецыяльнага праграмнага забеспячэння на аўтаматызаваным рабочым месцы ў мэтах забеспячэння неабходных параметраў рэзультатыўнасці і эфектыўнасці функцыянавання сістэмы сувязі войскаў (сілаў) у ваенны час».

А прадстаўнік «БелОМА» Уладзімір Сафонаў зоймецца распрацоўкай камбінаваных оптыка-электронных прыбораў назірання і выведкі для мадэрнізацыі сістэмаў аптычнай выведкі, якія ўжываюць Узброеныя сілы.

Перагібы прасочваюцца

Са спісу атрымальнікаў грантаў відаць, што ўлады не адмаўляюцца ад рэальных даследаванняў, замяняючы іх ва ўсіх сферах ідэалогіяй і прапагандай, але ў моладзевай палітыцы і сферы гісторыі «перагіб у бок патрыятызму, піянерыі і традыцыйнай гульні на каштоўнасцях, здабытых у Вялікай Айчыннай вайне, прасочваецца». Пра гэта ў каментары «Белсату» заявіў юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Арцём Праскаловіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У беларускай сталіцы прайшло традыцыйнае шэсце з нагоды 77-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Менск, Беларусь. 9 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

На ягоную думку, гэта з’яўляецца следствам асабістых поглядаў Лукашэнкі, і «ўсе падначаленыя на ўсіх узроўнях ведаюць і разумеюць ягоныя густы, і таму прапануюць менавіта такія напрамкі».

«Сышлі часы паўтонаў. Трэба быць апантаным лукашыстам без аніякіх адхіленняў, без магчымасці заявіць адно, а рэалізоўваць штосьці іншае. Усё, што звязана з выхаваннем моладзі, пачынаючы ад садка і пачатковай школы, на сённяшні дзень вельмі моцна падкантрольнае рэжыму. Бо ён убачыў у 2020 годзе, што, нягледзячы на ўсю палітыку дэбеларусізацыі, на вуліцу выйшлі людзі, якія не жылі пры іншым прэзідэнце, і пры гэтым у іх было разуменне гістарычных момантаў, веданне беларускай мовы, імкненне да нацыянальнай сімволікі. Сістэма зразумела, што недзе адбыўся збой, яна зрабіла памылку і адпусціла ўсё на самацёк, але цяпер будзе гэтую сферу вельмі моцна пільнаваць, каб менш вырасла іншадумцаў у Беларусі», – заявіў прадстаўнік НАУ.

Замест гэтага, мяркуе Праскаловіч, уладам краіны «варта было б ісці ў нагу з часам», а таксама прымаць захады для захавання незалежнасці і суверэнітэту ад Расеі «праз сапраўдную гістарычную памяць, праз выбудоўванне нацыянальнай ідэі, праз веданне гісторыі, якая бярэ свой пачатак не з часоў Вялікай Айчыннай вайны ці стварэння БССР, а з даўніх часоў». Тым больш, што пра гэта ўжо створана шмат незалежнага кантэнту.

Макар Мыш belsat.eu