Міністр замежных справаў Італіі заклікае Еўразвяз стварыць уласную армію


Міністр замежных справаў Італіі Антоніа Таяні перакананы, што Еўразвяз павінен сфармаваць уласную аб’яднаную армію для падтрымання міру і перадухілення канфліктаў у рэгіёне, піша Reuters са спасылкай на інтэрв’ю міністра выданню La Stampa.

Міністр замежных справаў Італіі Антоніа Таяні.
Фота: esteri.it

Паводле Таяні, больш шчыльная еўрапейская супраца ў галіне абароны з’яўляецца прыярытэтам для партыі «Forza Italia», якую ён узначальвае.

«Калі мы хочам быць міратворцамі ў свеце, нам патрэбная еўрапейская армія. І гэта фундаментальная перадумова дзеля таго, каб мець эфектыўную еўрапейскую вонкавую палітыку», – заявіў італьянскі міністр.

Hавiны
Узначаліць Еўрапейскую раду можа прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан
2024.01.07 14:56

Антоніа Таяні перакананы, што Еўразвяз мусіць таксама ўпарадкаваць сваё кіраўніцтва і мець адзінага прэзідэнта замест цяперашняй структуры, прадстаўленай прэзідэнтам Еўрапейскай рады і прэзідэнтам Еўракамісіі.

«У свеце з магутнымі гульцамі, такімі як ЗША, Кітай, Індыя, Расея – з крызісамі ад Блізкага Усходу да Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну – італьянскія, нямецкія, французскія ці славенскія грамадзяне могуць быць абароненыя толькі тым, што ўжо існуе, а менавіта Еўразвязам», – дадаў Таяні.

Еўрапейскае абароннае супрацоўніцтва ўвайшло ў палітычны парадак дня пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну амаль два гады таму. Намаганні Еўразвязу былі сканцэнтраваныя на пашырэнні НАТО: Фінляндыя летась далучылася да альянсу, Швецыя таксама на шляху да ўступлення.

Міністр замежных справаў Антоніа Таяні стаў лідарам «Forza Italia» пасля смерці Сільвіё Берлусконі ў 2023 годзе.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў