Цягам тыдня ў Казахстане адбываліся масавыя пратэсты практычна ўва ўсіх буйных гарадах краіны. Найбольш драматычныя падзеі разгортваліся ў Алматы, дзе адбыліся вулічныя баі паміж удзельнікамі пратэстаў і вайскоўцамі. Нашыя калегі з «Вот Так ТВ» падсумоўваюць апошнія падзеі.
7 студзеня ў звароце да нацыі прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што мірнае развязанне канфлікту немагчымае, і аддаў загад адкрываць агонь па «тэрарыстах» на паражэнне без папярэджання.
«Праваахоўным органам і войску я даў загад адкрываць агонь на паражэнне без папярэджання», – заявіў у тэлезвароце кіраўнік Казахстану. Відэазварот распаўсюдзіў тэлеканал «Хабар 24».
Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жангаўэзене пасля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі знізіць цану, але пасля зʼявіліся палітычныя патрабаванні, перадусім – адхіліць ад улады Назарбаева.
У першыя дні пратэстаў улады заявілі, што пачулі патрабаванні, і абвесцілі зніжэнне коштаў на звадкаваны газ на 180 дзён. Але пазней рыторыка змянілася, пратэстоўцаў афіцыйна пачалі называць «тэрарыстамі».
Цэнтрам пратэстаў стаўся найбуйнейшы горад краіны – Алматы, дзе адбыліся вулічныя баі паміж пратэстоўцамі і ўрадавымі войскамі. У ноч на 6 студзеня Такаеў папрасіў дапамогі ў АДКБ. У Казахстан накіраваліся ў тым ліку і беларускія вайскоўцы.
Цягам тыдня ў Казахстане ўлады блакуюць інтэрнэт і доступ да сацыяльных сетак. У асобных рэгіёнах не працуе мабільная сувязь.