Беларускія ўлады чакаюць паратунку эканомікі ад БелАЭС, экспарту ў Кітай і Афрыку. Атрымаецца?


Пастаўкі трактароў у Зімбабвэ разглядаюць як важны складнік ратавання ад наступстваў санкцыяў. Сур’ёзна. Спыталі эканаміста, ці гэта дапаможа.

«Танцы» трактароў МТЗ.
Фота: трактор.бел

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі і былы міністр эканомікі Дзмітрый Крутой агучваў на БТ даволі аптымістычныя планы на 2022 год: рост валавога ўнутранага прадукту на 2,9 %, інфляцыя не больш за 6 %, рост вонкавага гандлю…

Ды нават расейскі Еўразійскі банк развіцця, які звычайна дае аптымістычныя прагнозы аб Беларусі, на 2022 год прагназуе рост беларускай эканомікі ўсяго на 0,7 % (пасля 2,1 % па выніках 2021 года), а інфляцыю – 7,4 % (пасля 10 % у 2021-м). Міжнародны валютны фонд прагназуе рост беларускай эканомікі на 0,5 % у 2022 годзе.

З чаго б такі рост?

Спадзяюцца на расейскія энерганосьбіты, БелАЭС і вонкавы гандаль з Расеяй і на нетрадыцыйных рынках.

Крутой тлумачыў, што 65 % прыросту будзе за кошт экспарту, які павінен вырасці на $ 2,7 млрд – на 6,3 %. Экспарт у Кітай мае вырасці на 32 % у 2022 годзе, у Расею – на 9,5 %, у краіны Афрыкі – на 52 %. У Афрыцы ставяць на Егіпет і Зімбабвэ, з якімі ўжо ёсць кантракты на пастаўкі тэхнікі. Уведзеныя санкцыі Еўразвязу, казаў ён, закранаюць экспарт на суму 250–300 мільёнаў долараў за год.

Аб’ектыў
Захад увёў пяты пакет санкцыяў. Ці вытрымае Лукашэнка?
2021.12.02 22:06

«Стабілізацыйным фактарам» Крутой назваў цэны на расейскі газ для Беларусі. Іх нядаўна папярэдне ўзгаднілі на ўзроўні бягучага года: $ 128,52 за тысячу кубаметраў. Еўропе «Газпрам» збіраецца прадаваць газ у сярэднім у пяць разоў даражэй.

Пры тым на газе збіраюцца нават зэканоміць за кошт запуску БелАЭС на поўную магутнасць. Прагназуюць эканомію прыроднага газу – 1,8 млрд кубаметраў, што складзе $ 200–250 млн.

У праекце бюджэту таксама закладзеная перапрацоўка нафты ў аб’ёме 12,5 млн тонаў – гэта амаль удвая менш, чым звычайна было ў мінулыя гады. Але «мэтавы» сцэнар – 16–17 млн тонаў, казаў Круты. У 2020 годзе ў Беларусь паставілі 16 млн тонаў нафты. Кантракты яшчэ не падпісаныя, але «ўжо амаль».

Што можа пайсці не так?

Усё, калі ўлічваць рыхтаванне наступных заходніх санкцыяў, няпростыя стасункі з Расеяй і гісторыі гандлёвых спрэчак з ёй (як тыя ж «малочныя войны»). Але і без гэтага карціна не аптымістычная.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас перамоваў у Сочы 14 верасня 2020 года. Звычайна цэны на нафту і газ вызначаюцца на такіх сустрэчах, а не рынкавымі механізмамі.
Фота: kremlin.ru

БелАЭС то працуе, то не працуе. Апошні раз першы энергаблок адключалі ад сеткі толькі на два дні ў лістападзе, але да таго ён не працаваў з 12 ліпеня да 4 кастрычніка, перад тым – з 7 красавіка па 6 траўня, двойчы адключалі ў сакавіку, па адным разе – у лютым, студзені, снежні, лістападзе. Што адбываецца на станцыі, улады тлумачаць неахвотна.

Нафта з Расеі – таксама непрадказальная справа. Праз спрэчкі з Расеяй пастаўкі расейскай нафты прыпынялі, пытанне вырашалася на асабістых перамовах кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Да таго ж, санкцыі ЗША супраць нафтахімічнай галіны Беларусі пагражаюць другаснымі санкцыямі тым, хто супрацоўнічае з падсанкцыйнымі прадпрыемствамі (а гэта «Нафтан» і «Белнафтахім», але яшчэ не Мазырскі НПЗ). Трэба пастаянна шукаць схемы абыходу.

Газ з Расеі можа сам сабе перакрыць Лукашэнка: ён пагражаў перакрыць пастаўкі расейскага газу ў Еўразвяз, а Пуцін у гэтым нічога добрага не пабачыў.

Аналітыка
«Аказаліся не такія адданыя». Рэжым масава зачышчае нелаяльных працаўнікоў
2021.11.24 19:32

Экспарт у Еўразвяз можа не толькі зменшыцца праз санкцыі, але і цалкам спыніцца, калі суседнія краіны закрыюць межы. Польшча ў адказ на створаны Менскам міграцыйны крызіс пагражала закрыць межы з Беларуссю. Міграцыйны крызіс паступова ідзе на спад, але не спыніўся зусім, ды й Лукашэнка пагражаў новым наплывам мігрантаў – ужо з Афганістану і са зброяй (заяву заўважыла Літва). Вакол мяжы з Украінай сітуацыя таксама напружаная, хоць пра поўнае закрыццё мяжы яшчэ не казалі.

Экспарт нафты, нафтапрадуктаў і ўгнаенняў моцна пацярпіць ад санкцыяў. У Расеі ацэньвалі страты Беларусі ад санкцыяў толькі на экспарце нафтапрадуктаў на $ 3 млрд на год. А іх экспарт і да санкцыяў падаў: паводле Белстату, у 2015 годзе наэкспартавалі 16,9 млн тонаў нафтапрадуктаў, у 2020-м – 8,5 млн тонаў.

Таваразварот па-за межамі СНД складае менш за палову ад усяго таваразвароту Беларусі – толькі 41,5 % у 2020 годзе, пры тым імпартуюць больш, чым экспартуюць. За межы СНД ідзе 38,8 % экспарту, у Расею – 45,1 % экспарту. Са статыстыкі гандлю за 9 месяцаў 2021 года вынікае: планавае павелічэнне экспарту ў Расею на 9,5 % у абсалютных значэннях будзе ў 5,6 раза большым за планавае павелічэнне экспарту ў Кітай на траціну, а павелічэнне экспарту ў Афрыку на палову дасць у 8 разоў менш долараў за павелічэнне экспарту ў Расею.

Экспарт цягам 2021 года рос пераважна ў краіны, якія і ініцыявалі санкцыі. Усіх дэталяў таго, за кошт чаго рос экспарт, не публікуюць у адкрытым доступе, але ў тыя ж Нідэрланды экспарт вырас у 5 разоў за кошт нафтапрадуктаў.

Глабальнае пытанне
Што рабіць з грашыма, каб Лукашэнка не забраў
2021.12.06 17:49

Адкуль тады ўзяцца росту?

Эканаміст, старэйшы навуковы работнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Дзмітрый Крук, кажа «Белсату»: ва ўсіх прагнозах, дзе спадзяюцца на рост эканомікі, абапіраюцца на тое, што экспарт будзе расці або праз працяг «знешнегандлёвага цуду», альбо па інерцыі пасля яго.

Экономист Дмитрий Крук, Исследовательский центр BEROC
Дзмітрый Крук, эканаміст і старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC. 16 кастрычніка 2021 года. Кіеў, Украіна.
Фота: Белсат

Аптымістычныя ўрадавыя прагнозы эканаміст лічыць маларэалістычнымі: яны грунтуюцца на тым, што захаваецца кан’юнктура глабальнага рынку на ўзор 2021 года, а таксама на тым, што санкцыі ніяк не паўплываюць на гандаль.

«Гэта фактычна канструяванне прагнозу, зыходзячы з самых пажаданых і аптымістычных пасылаў», – кажа Крук пра прагназаваны ўладамі рост ВУП на 2,9 % у 2022 годзе.

У 2021 годзе экспартны рост быў «празмерна бурлівым», адзначае ён: такога не было шмат гадоў. Каб пасля такога ненатуральнага росту экспарт вырас яшчэ далей, трэба, каб захаваліся самыя спрыяльныя ўмовы.

Першая ўмова – празмерны попыт у развітых краінах і стымуляванне гэтага попыту дзеля аднаўлення эканомікі ад наступстваў пандэміі. Другая ўмова – захаванне лагістычнага калапсу, праз які шмат якія тавары і грузы з Кітаю едуць даўжэй і даражэйшыя ў разы. У такіх умовах-2021 «прадаць любы тавар – не самая вялікая праблема», кажа Крук.

Размова
Інфляцыя паглыне беларускую эканоміку
2021.11.30 12:26

Што будзем прадаваць?

Мінеральныя прадукты, на якія прыпаў асноўны аб’ём эканамічных санкцыяў, у 2019 годзе складалі 21,5 % экспарту, у 2020-м – 13,3 % (пасля істотнага падзення іх аб’ёму, да $ 3 млрд з $ 7 млрд). У 2020 годзе амаль пятай часткай экспарту былі машыны і абсталяванне, яшчэ 1/5 – прадукцыя хімічнай прамысловасці, яшчэ 1/5 – харчовыя тавары і сельскагаспадарчая сыравіна. Але экспарт машынаў і хіміі за 2020 год не вырас, а нават крыху ўпаў, а экспарт харчоў вырас зусім нязначна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сельгаскірмаш у Чыжоўцы.
Фота: Белсат

Крук кажа, што ў 2021 годзе буйнымі тэмпамі рос вельмі шырокі асартымент беларускага экспарту, «лічаныя тавары скараціліся ці ў якіх рост фізічнага аб’ёму экспарту мізэрны». Што такая сітуацыя захаваецца ў 2022 годзе, шанцаў няшмат: экспарт ужо будзе залежаць ад канкрэтнага тавару і канкрэтнага рынку. Рэальная задача на 2022 год, мяркуе Крук, гэта прынамсі захаваць экспартныя пазіцыі 2021 года.

«Не выпадае казаць, што ў нас шмат такіх вытворцаў, якія могуць за кошт нарашчэння канкурэнтаздольнасці і прадукцыйнасці павялічваць экспарт, – разважае эканаміст. – У 2021 годзе беларускі экспарт сусветнай хваляй вынесла ўверх. У пераважнай большасці выпадкаў гэта не заслуга ўласна экспарцёраў, гэта так склаліся абставіны. Як лавіна».

Санкцыі ўплываюць нават тады, калі іх яшчэ няма

Адна толькі перспектыва ўвядзення наступных санкцыяў перашкаджае эканоміцы развівацца. Калі інвестыцыя робіцца з нейкім эканамічна абгрунтаваным разлікам, калі гэта не дзяржаўныя грошы, якія проста трэба засвоіць, няпэўнасць і нявызначанасць адносна санкцыяў робіцца праблемай.

Аб’ектыў
Лукашэнку будуць ціснуць. «Ужо ёсць заяўка на шосты пакет санкцыяў»
2021.11.26 21:51

А наступныя санкцыі, падобна, будуць. Еўразвяз пачаў працу над шостым пакетам санкцыяў яшчэ да таго, як канчаткова ўхваліў пяты. Да таго ж, Еўразвяз пашырыў крытэры для ўнясення асобаў і прадпрыемстваў у санкцыйны спіс з нагоды міграцыйнага крызісу.

Крук разважае: нявызначанасць у інвестыцыяў ёсць заўсёды, але адна справа, калі можна разлічыць, што шанцы на правал інвестыцыйнага праекту роўныя 30 %, а зусім іншая – калі столькі невядомых, што ўжо шанцы на поспех складаюць 10–20 %. А Беларусь і без таго ўжо даўно ў «інвестыцыйнай дэпрэсіі».

Артыкулы
Амбасадарка Джулі Фішэр: «Санкцыйны ціск з боку ЗША толькі ўзмацніцца»
2021.12.05 22:38

АА belsat.eu

Стужка навінаў