Віцябляніна Сяргея Бельскага засудзілі да 2,5 года калоніі строгага рэжыму за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі. Мужчыну прызналі вінаватым у злачынстве паводле ч. 1 арт. 368 КК. Пра Лукашэнку ён выказаўся падчас паездкі ў тралейбусе, піша «Віцебская Вясна».
Вырак у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску агучыў Сяргей Будрэвіч.
Паводле матэрыялаў справы, у ліпені 2023 года жыхар Віцебску Сяргей Бельскі «у грамадскім месцы – салоне тралейбуса, які рухаўся маршрутам № 12, пры праездзе па праспекце Фрунзэ ў горадзе Віцебску ў прысутнасці сведак, у сувязі з наяўнымі ў яго палітычнымі ды ідэалагічнымі поглядамі, публічна абразіў, гэта значыць прынізіў гонар і годнасць асобы Аляксандра Лукашэнкі».
Выказванні пасажыра нібыта ўтрымлівалі «негатыўную ацэнку і мелі ненарматыўную форму» і тым самым прыніжалі «аўтарытэт, гонар і годнасць асобы».
Што канкрэтна сказаў мужчына пра Аляксандра Лукашэнку падчас паездкі ў грамадскім транспарце, невядома. Але, паводле інфармацыі праваабаронцаў, міліцыю выклікаў кантралёр. Сяргея Бельскага прызналі вінаватым і засудзілі да 2,5 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму.
Зміцер Міраш belsat.eu