Ці ёсць шчыліны ў законе, які дыскрымінуе 15 % беларусаў?


7 верасня ўступае ў моц Указ Аляксандра Лукашэнкі № 278 за 4 верасня «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў», згодна з якім даверанасці, аформленыя на тэрыторыі замежных дзяржаваў, перастануць дзеяць у Беларусі. Ці ёсць варыянты для беларусаў, якія жывуць за мяжою, каб прадаць маёмасць і транспарт, не вяртаючыся ў Беларусь? Спыталі ў юрыста.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Pravo.by

Калі вы не ў курсе, што адбываецца

Згодна з Указам № 278, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам 4 верасня, амбасады і консульствы Беларусі за мяжою больш не змогуць выдаваць беларусам пашпарты, а таксама здзяйсняць шэраг іншых натарыяльных дзеянняў: напрыклад, выдаваць дакументы аб адукацыі, даведкі аб уступленні ў шлюб.

Акрамя таго, згодна з указам, забараняецца здзяйсняць шэрагу дзеянняў у справе даверанасцяў, аформленых за межамі Рэспублікі Беларусь. Менавіта гэты спосаб распараджэння маёмасцю выкарыстоўвалі беларусы, якія з’ехалі з краіны і з розных прычын не мелі магчымасцяў вярнуцца ў Беларусь.

Цяпер, паводле ўказу, здзяйсненне ўгодаў з маёмасцю, а таксама пры дзяржаўнай рэгістрацыі маёмасці, атрыманні даведак у органах ЗАГС і падчас афармлення іншых адміністрацыйных дакументаў патрабуе або асабістай прысутнасці грамадзяніна, або даверанасці, аформленай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Важнае ўдакладненне зрабілі юрысты праекту «REVERA for Tech»: указ не закранае замежных грамадзянаў, асобаў без грамадзянства і юрыдычных асобаў, незалежна ад месца іх рэгістрацыі.

У спіс адміністрацыйных працэдураў, для здзяйснення якіх неабходная асабістая прысутнасць грамадзяніна або даверанасць, аформленая ў Беларусі, трапілі:

  • прыняцце рашэння аб дазволе адчужэння жылога памяшкання, долі (доляў) у праве ўласнасці на яго, набытых з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу, да заканчэння 5 гадоў з дня рэгістрацыі права ўласнасці;
  • прыняцце рашэння аб прызначэнні сямейнага капіталу;
  • прыняцце рашэння аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу;
  • прыняцце рашэння аб распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу пасля заканчэння 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі са з’яўленнем якога быў прызначаны сямейны капітал;
  • выдача паўторнага пасведчання аб рэгістрацыі акту грамадзянскага стану, акрамя паўторнага пасведчання аб смерці;
  • выдача даведак, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану, і паведамленняў аб адсутнасці запісу акту грамадзянскага стану, акрамя даведак, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў аб смерці;
  • выдача дублікатаў дакументу аб адукацыі, дадатку да яго, дакументу аб навучанні;
  • рэгістрацыя паводле месца жыхарства;
  • выдача пропуску на права пазачарговага ўезду на тэрыторыю памежных пунктаў пропуску;
  • дзяржаўная рэгістрацыя транспартавых сродкаў (акрамя колавых трактароў, прычэпаў, паўпрычэпаў да іх) і зняцце іх з уліку;
  • наданне апастылю на афіцыйным дакуменце, складзеным на тэрыторыі Беларусі, пры звароце асобы, якая застаецца ў Беларусі;
  • легалізацыя афіцыйнага дакументу ў Беларусі;
  • дзяржаўная рэгістрацыя зямельных участкаў, жылога дому або ізаляванага жылога памяшкання, капітальнага будынку, незавершанага закансерваванага капітальнага будынку, ізаляванага памяшкання, машына-месца, эксплуатаванага капітальнага будынку, эксплуатаванага ізаляванага памяшкання або машына-месца.

Што рабіць з даверанасцямі?

Разам з юрыстам і праваабаронцам Паўлам Левінавым мы паспрабавалі высветліць, ці застаюцца нейкія шчыліны пасля ўступлення ў моц гэтага ўказу, якія можна было б выкарыстаць, каб законна распарадзіцца сваёй маёмасцю, не вяртаючыся ў Беларусь.

Скажам адразу, што адказ на гэта пытанне, на вялікі жаль, быў не вельмі суцяшальны:

«Я пакуль такіх шчылінаў не ўбачыў, можа быць, правапрымяняльная практыка штосьці тут пакажа. Але я не рэкамендую асобам, якія адчуваюць для сябе небяспеку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, заязджаць на тэрыторыю, бо маёмасцю можна не паспець распарадзіцца, а на некалькі гадоў карыстацца казённаю», – адзначыў наш суразмоўца.

Што датычыць далейшых магчымасцяў скласці даверанасць па-за межамі Беларусі, то Павел Левінаў адказаў так: «Калі чытаць уважліва ўказ, дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжою даверанасцяў ніякіх не завяраюць. З указу выразна і ясна відаць, што даверанасць павінна быць вырабленая на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Дарэчы, трэба адзначыць, што даверанасці, аформленыя на тэрыторыі Беларусі раней, працягваюць сваё дзеянне і пасля 7 верасня. А вось даверанасці, зробленыя па-за межамі краіны, губляюць сваю моц з гэтай даты (нават калі былі аформленыя за дзень да гэтага).

Даверанасць на іншыя віды дзеянняў можна рабіць з-за мяжы

Аднак, працягваючы аналізаваць тэкст указу, мы высветлілі, што згаданыя ў ім пункты найперш датычаць уладання ды распараджэння рухомай і нерухомаю маёмасцю.

«А вось, напрыклад, рэпрэзентаваць мае інтарэсы ў дзяржаўных органах, атрымліваць за мяне карэспандэнцыю гэты ўказ не забараняе. Ён дакладна ўводзіць абмежаванні на распараджэнне маёмасцю, якая падлягае рэгістрацыі, – адзначыў Павел Левінаў. – То бок, калі ў вас у кватэры ёсць тэлевізар, то вы можаце даць даверанасць, каб гэты тэлевізар маглі прадаць, падарыць і гэтак далей. Указ на гэта не распаўсюджвае свайго дзеяння».

Гэтак, калі ў вас ёсць жаданне скласці даверанасць на распараджэнне ўмоўным тэлевізарам (ці на іншыя дзеянні, не апісаныя ва ўказе № 278), то гэта можна зрабіць па-за межамі Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваць гэтую даверанасць адпаведным чынам – і яна будзе дзеяць на тэрыторыі Беларусі.

Разбор
Даверанасць за мяжой: як аформіць, калі патрэбная, у якіх сітуацыях не працуе і трэба ехаць у Беларусь
2023.06.05 08:00

«На сёння гэта так, – адзначыў юрыст. – А які заўтра з’явіцца ўказ, я ўжо сказаць не магу. Іншая рэч, што прадаць ці падарыць умоўны тэлевізар, калі вы даручыце гэта зрабіць сваякам, можна і без даверанасці, па вусным даручэнні».

Закон, які дыскрымінуе 15 % беларусаў

Падчас размовы Павел Левінаў адзначыў, што з нагоды выхаду ўказу № 278 ён напісаў ліст у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь з просьбаю канстытуцыйна ацаніць гэты дакумент.

Ліст, скіраваны праваабаронцам Паўлам Левінавым у Канстытуцыйны Суд

Рэч у тым, патлумачыў юрыст, што «нас, грамадзянаў падзялілі на дзве катэгорыі: адна – гэта белыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а другая – чорныя за тэрыторыяй Беларусі. Нас паставілі ў няроўныя ўмовы, і на чым заснаваныя гэтыя няроўныя ўмовы, мне трошкі няясна».

Як патлумачыў Павел Левінаў, цяпер усе «зацыкленыя» на нейкіх палітычных нюансах: «Але ж ёсць, напрыклад, чалавек, які хворы, прыкаваны да ложка. Ён разумее, што хутка памрэ. І каб падарыць сваю кватэру ўнучцы, якая засталася ў Беларусі, яго павінны што, на насілках перанесці на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, каб ён выпісаў даверанасць, а пасля несці назад паміраць у тую краіну? Гэта проста нейкі абсурд».

Прывёў юрыст і іншы прыклад, калі нехта з эканамічных прычынаў хоча падарыць частку сваёй кватэры, якая каштуе 3000 долараў, а сам пры гэтым жыве ў Аўстраліі, то каб прыехаць у Беларусь, яму трэба толькі за квіткі заплаціць гэтыя 3000: ці варта? І такіх прыкладаў можна прывесці мноства.

«А калі яшчэ ўлічыць, што, паводле ААН, на пачатак 2000 года за мяжою жылі каля 1,5 мільёна беларусаў, а пасля 2020 года іх стала значна больш, то, зразумейце правільна, 1,5 мільёна ад 10 мільёнаў – гэта 15 адсоткаў. Гэта значыць, 15 адсоткаў сталіся людзьмі другога гатунку», – падкрэсліў Павел Левінаў.

Пакуль Канстытуцыйны Суд не адказаў. У той жа час юрыст спадзяецца, што, згодна з Законам аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў, ён усё ж яго атрымае: «У законе чорным па белым прапісана, што ў любым выпадку адказ заяўнік мусіць атрымаць: або па сутнасці, або пра тое, што заява пакінутая без разгляду па сутнасці з указаннем прычыны. Але мы ўсе ведаем выраз, што часам не да законаў, які цяпер у правапрымяняльнай практыцы гучыць як «часам да законаў», то бок у большасці выпадкаў прадстаўнікі ўладаў проста плююць на закон».

Аналітыка
Помста за нелюбоў да Лукашэнкі. Навошта эмігрантаў пазбаўляюць пашпартоў і даверанасцяў
2023.09.06 19:13

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў