Удзень 6 верасня ў менскую міліцыю паступіла паведамленне, што невядомы крушыць сякерай мэблю ў адным з гандлёвых цэнтраў. Супрацоўнікі ГЦ затрымалі хлопца і перадалі яго прадстаўнікам Цэнтральнага аддзелу Дэпартаменту аховы г.Менску, якія выехалі на месца здарэння, паведамляе ГУУС Менгарвыканкаму.
Паводле Следчага камітэту, маладзён прыйшоў з сякерай у гандлёвы цэнтр, у прыбіральні зняў абутак, прайшоў у кавярню на другім паверсе і накінуўся там з сякерай на мэблю. Ніхто з наведвальнікаў не пацярпеў.
Нападніку 20 гадоў, ён – ураджэнец Меншчыны. Хлопца накіравалі ва ўстанову аховы здароўя для праходжання медычнага агляду. Пазней стала вядома, што супраць маладзёна завялі крымінальную справу паводле ч.3 арт.339 КК РБ («Асабліва злоснае хуліганства»). Раней затрыманы да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.
Марыя Міхалевіч belsat.eu