«Такіх сотні, калі не тысячы». У Польшчы іпэшнікам-беларусам пагражае масавае закрыццё


Беларусам, якія працуюць у Польшчы як індывідуальныя прадпрымальнікі на падставе візаў Poland.Business Harbour, пагражае масавае закрыццё бізнесу. Гэта звязана са скасаваннем стану эпідэмічнай пагрозы, праз які перастануць дзеяць шмат якія дакументы, што датычаць легальнага пражывання і працы ў суседняй краіне. «Белсат» выслухаў скаргі беларусаў, а таксама даведаўся ў Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою, што рабіць.

Яўген Скрабутан
Беларус Яўген Скрабутан у сваёй кавярні ў Варшаве, Польшча. 19 студзеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

1 ліпеня ў Польшчы перастаў дзеяць стан эпідэмічнай пагрозы, звязаны з ковідам. Дзякуючы гэтаму рэжыму аўтаматычна працягваўся тэрмін дзеяння шмат якіх дакументаў, што легалізуюць пражыванне і працу ў краіне. На тое, каб давесці да ладу дакументы, засталося менш за месяц. 1 жніўня ўсе пратэрмінаваныя дакументы стануць несапраўднымі.

Калі для легальнага пражывання ў Польшчы дастаткова паспець да 1 жніўня падаць дакументы і распачаць працэдуру легалізацыі, то для працы ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка патрабуецца як мінімум гэтак званая дэцызія – рашэнне ўладаў аб дазволе на часовае пражыванне.

Hавiны
У Польшчы адмяняецца стан эпідэмічнай пагрозы: што гэта значыць для беларусаў?
2023.06.20 17:23

У гэтую пастку трапілі беларусы, якія адкрылі ў Польшчы ІП на падставе візаў Poland.Business Harbour. Гэтая праграма разлічаная на айцішнікаў і моцна спрашчае рэлакацыю.

Натуральна, шмат якія беларусы загадзя паклапаціліся пра своечасовае афармленне ВНЖ, каб працягваць легальную працу. Паводле заканадаўства, рашэнне аб выдачы карты побыту мусіць быць прынятае за 60 дзён, аднак на справе тэрміны зацягваюцца.

Замкнёнае кола

Беларуска, якая жыве і працуе ў якасці ІП у Вроцлаве, распавяла «Белсату», што чакае дэцызіі больш за год:

«Мы прыехалі з візамі Poland.Business Harbour, адкрылі ІП. Падалі дакументы своечасова, чакаем ВНЖ, працуем і плацім падаткі. А праз год аказваецца, што эпідэмія касуецца, нашыя візы канчаюцца 30 чэрвеня, і мы маем 30 дзён, каб неяк легалізавацца. Без візаў Poland.Business Harbour, проста чакаючы ВНЖ, мы не маем права працаваць праз ІП».

Жанчына наракае на працу Ніжнесілезскага ваяводства ў Вроцлаве. Яна сцвярджае, што там надзвычай марудна разглядаюць заявы на выдачу ВНЖ. «Белсат» даслаў запыт у гэтае ваяводства, але адказу пакуль не атрымаў.

Hавiны
ПАРЕ падтрымала рэзалюцыю аб паляпшэнні ўмоў для беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнанні
2023.06.20 22:01

1 жніўня беларуска страціць магчымасць працаваць у якасці ІП, бо перастане дзеяць віза, і адначасова – падставу атрымаць від на жыхарства, бо ўжо не будзе індывідуальнай прадпрымальніцай.

Развязаць гэтую праблему можна рознымі шляхамі: напрыклад, уладкавацца на працу наёмным работнікам або паехаць у Беларусь, каб зрабіць новую візу. Акрамя таго, можна змяніць юрыдычную форму і замест ІП адкрыць гэтак званую спулку – беларускі аналаг таварыства з абмежаванай адказнасцю. Аднак не ўсім такія варыянты пасуюць.

«Экстранна цягам ліпеня знайсці працу ў Польшчы – задача не трывіяльная. Да таго ж я на восьмым месяцы цяжарнасці – хто мяне возьме? А адкрыць спулку… У мяне не такія вялікія даходы, каб утрымліваць спулку. А ў Беларусь паехаць я не магу», – кажа суразмоўніца.

«Аднаго добрага сцэнару няма»

У Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою прызнаюць: універсальнага рашэння, што задаволіла б усіх, не існуе. Старшыня назіральнай рады арганізацыі, дарадца ў юрыдычных пытаннях Ганна Маціеўская ў размове з «Белсатам» адзначыла, што ў кожным асобным выпадку будзе сваё развязанне праблемы:

«Няма аднаго добрага сцэнару. На кансультацыях у АВВА мы разбіраем кожны асобны выпадак, як можна інакш весці прадпрымальніцкую дзейнасць, улічваем, чым займаецца асоба, якія мае планы на будучыню».

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжою ладзіць бясплатныя кансультацыі для беларусаў-прадпрымальнікаў. Спрабуюць адшукаць выйсце. У арганізацыі, што лабіюе інтарэсы сваіх сябраў, звяртаюць увагу: чальцы яшчэ не звярталіся з просьбаю аб адвакатаванні іхных інтарэсаў у гэтым пытанні. Калі такія запыты з’явяцца, ABBA абяцае зрабіць неабходныя крокі.

«Штосьці трэба рабіць з гэтым ІП. Напрыклад, яго можна не закрываць, а «завешваць» дзейнасць, ёсць такая працэдура ў Польшчы, фактычна  –ставіць на паўзу, і ў некаторых выпадках гэта мае сэнс. З некаторымі людзьмі абмяркоўваем іншы статус у Польшчы, напрыклад, міжнародная абарона, якая адрывае рынак працы і прадпрымальніцкай дзейнасці», – тлумачыць Маціеўская.

Бізнес-форум «Belarus Business Harbour in Baltics» пад патранажам Святланы Ціханоўскай, арганізаваны Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжою (ABBA). 22 лютага 2022, Вільня, Літва.
Фота: КК / Белсат

Юрыстка таксама папярэджвае пра рызыку атрымаць патрабаванне пакінуць тэрыторыю Польшчы праз нелегальную працу:

«Калі весці прадпрымальніцкую дзейнасць, не маючы на гэта права, напрыклад, не маючы дзейнай візы, то можна атрымаць ад польскіх уладаў рашэнне аб абавязку пакінуць тэрыторыю Польшчы з забаронаю на ўезд у Польшчу і краіны ЕЗ да трох гадоў».

Колькі беларусаў з ІП трапілі ў гэтую сітуацыю, сказаць цяжка. Са жніўня 2020 года да снежня 2022-га Польшча выдала беларусам амаль 70 тысяч візаў Poland.Business Harbour. Вядома, не ўсе яны адкрылі ІП і дагэтуль чакаюць картаў побыту.

«Вядзем камунікацыю з польскімі ўладамі»

Беларусы-іпэшнікі, якія загадзя парупіліся пра легалізацыю, пакутуюць фактычна праз невыкананне тэрмінаў польскімі чыноўнікамі. Офіс абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай ведае пра гэтую праблему. Дарадца ў прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр паведаміла «Белсату», што з гэтай нагоды вядзецца камунікацыя з польскімі ўладамі:

«Мы пра гэта ведаем, як і пра іншыя праблемы, што ёсць у беларусаў, і не толькі ў Польшчы. Ёсць працоўная група ў Міністэрстве ўнутраных справаў Польшчы, і яшчэ летась падымалася гэтае пытанне, калі з’явілася інфармацыя пра хуткае касаванне стану эпідэміі. Ужо тады было зразумела, што гэтая праблема можа ўзнікнуць».

Рыхтэр адзначыла, што ўсе пытанні, якія датычаць легалізацыі беларусаў, Офіс намагаецца вырашаць разам з партнёрамі: Цэнтрам беларускай салідарнасці, ABBA, іншымі грамадскімі арганізацыямі.

Агляд
Палітвязні, тунеядцы, прызыў, рэлакацыя. Адкрылася бясплатная юраптэчка для беларусаў
2023.05.19 16:40

«У Польшчы вельмі дэцэнтралізаваная сістэма, у розных рэгіёнах розныя тэрміны разгляду справаў. Ёсць рэгіёны, дзе карту побыту чакаюць два-тры гады», – заўважыла юрыстка.

Адначасова яна заклікала беларусаў самастойна і своечасова клапаціцца пра легалізацыю:

«Мы раім беларусам ва ўсіх краінах, не толькі ў Польшчы, думаць пра свой легальны статус і загадзя займацца ўладкаваннем. Часта бывае, што людзі самі зацягваюць легалізацыю, а потым не ведаюць, што рабіць».

Што ў законе?

Паводле польскага заканадаўства, заява на часовае пражыванне мусіць разглядацца максімум за 60 дзён, а на сталае – 180. Аднак адмысловым законам адказнасць чыноўнікаў за парушэнне гэтых тэрмінаў часова скасавалі. Такім чынам, цяпер хадайніцтва на выдачу ВНЖ могуць разглядаць невядома колькі часу. Такая норма спачатку была ўхваленая да 31 снежня 2022 года, потым працягнутая да 24 жніўня 2023-га, а цяпер – да 4 сакавіка 2024 года. Абгрунтоўваюць гэта вялікай колькасцю ўцекачоў з Украіны: заяваў столькі, што не паспяваюць разгледзець своечасова.

Разбор
Пяць непрыемных сюрпрызаў, якія могуць чакаць беларусаў з легалізацыяй у Польшчы
2023.06.22 19:45

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў