Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі: дзве траціны ўкраінцаў горш ставяцца да беларусаў пасля 24 лютага


Доктар сацыялагічных навук, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі прэзентаваў вынікі другой хвалі даследаванняў меркавання беларусаў пра вайну ва Украіне і стаўлення ўкраінцаў да беларусаў.

«Унутры Беларусі вайна ва Украіне – гэта нябачная вайна»

Другая хваля даследавання меркаванняў беларусаў праводзілася шляхам тэлефоннага апытання 1000 чалавек у сярэдзіне траўня. Галоўныя пытанні, якія задавалі рэспандэнтам: стаўленне да вайны ва Украіне, геапалітычныя настроі – саюз з Расеяй ці Еўропай, крыніцы атрымання інфармацыі, давер да медыяў.

Андрэй Вардамацкі параўноўвае звесткі за травень 2022 года з сакавіком 2022 года. Цягам гэтага перыяду, паводле сацыёлага, у Беларусі стала больш тых, хто вызначыўся са сваім меркаваннем і менш тых, хто не мае дакладнай пазіцыі і вагаецца з адказам. Аднак базавыя геапалітычныя арыенціры беларусаў не змяніліся з сакавіка і нязначна змяніліся цягам апошніх чатырох гадоў.

Так, на травень 2022 года 46 % беларусаў маюць прарасейскія настроі, і толькі 28,5 % – праеўрапейскія. У сакавіку прапорцыі былі амаль такія ж – 46 % і 29,6 % адпаведна.

У параўнанні з даследаваннямі 2018 года колькасць беларусаў, якія бачаць будучыню нашай краіны ў саюзе з Расеяй, зменшылася – тады прарасейская пазіцыя складала 60,4 %, праеўрапейская – 22,4 %.

У якім вайскова-палітычным саюзе павінна быць Беларусь? Скрыншот прэзентацыі Андрэя Вардамацкага. Крыніца: Press Club Belarus/Youtube

Што датычыць вайсковых саюзаў – NATO ці АДКБ – большасць беларусаў выступае за нейтральны статус і неўступленне ні ў які з саюзаў.

Аналітыка
Вардамацкі: 85 % беларусаў – супраць уводу войскаў ва Украіну, і гэта – «кансалідацыя без сцяга»
2022.07.04 23:21

Вардамацкі зазначае, што вайна ва Украіне асабліва не паўплывала на базавыя геапалітычныя арыентацыі беларусаў.

«Прычына гэтага ў тым, што для беларусаў вайна ва Украіне – гэта нябачная вайна. Яе не вельмі відаць унутры Беларусі, яна не адчувальная, – кажа сацыёлаг. – Беларусы за мяжой атрымліваюць больш інфармацыі пра вайну, і гэтая інфармацыя часта больш трагічная. Розныя інфармацыйныя «медыякоканы» фармуюць розныя меркаванні пра вайну».

Палова беларусаў спачуваюць Украіне

Беларусы падзеленыя ў пытанні адносна размяшчэння расейскіх войскаў на тэрыторыі нашай краіны. Дынаміка зменаў меркаванняў, згодна з графікамі, якія прыводзіць прафесар Вардамацкі, зусім не значная.

Стаўленне беларусаў да размяшчэння расейскіх войскаў у Беларусі. Скрыншот прэзентацыі Андрэя Вардамацкага. Крыніца: Press Club Belarus/Youtube

У той жа час на пытанне «Якому боку канфлікту вы больш спачуваеце?» 50,3 % беларусаў адказалі, што Украіне. Расеі спачувае 21,1 % апытаных, абодвум бакам – 19,3 %.

«Гэта вельмі цікавы паказчык – наконт спачування, таму што ў іншых пытаннях – такіх, як прызнанне ДНР/ЛНР, размяшчэнне і ўвод войскаў, хто вінаваты ў вайне, ясна відаць уплыў расейскага канцэпту ў беларускім грамадстве. А тут гэтага ўплыву няма», – зазначае сацыёлаг.

61 % беларусаў лічаць, што Беларусь не ёсць удзельніцай ваеннага канфлікту ва Украіне.

«Гэта зноў жа звязана з тым, што няма адчування вайны, а таксама з агульным настроем людзей супраць вайны», – кажа Андрэй Вардамацкі.

Аднолькава падзяліліся меркаванні наконт таго, ці нясе вайна ва Украіне пагрозу суверэнітэту Беларусі: 46 % лічаць, што пагроза ёсць, такая ж колькасць – што няма.

Беларусы найбольш давяраюць недзяржаўным медыям, да дзяржаўных давер моцна ўпаў

Пытанні аб зменах у дабрабыце беларусаў паказалі, што агульная тэндэнцыя апошняга часу – павелічэнне тых, хто лічыць, што ўсё не так і кепска. Па-ранейшаму актуальная працоўная міграцыя, але змяніўся яе вектар – перамясціўся ў заходні кірунак. Вельмі дакладна сфармавалася прыхільнасць беларусаў да еўрапейскага рынку працы – Польшчы, Літвы, Заходняй Еўропы, зазначае сацыёлаг.

Як беларусы ацэньваюць эканамічны стан сваіх сем’яў. Скрыншот прэзентацыі Андрэя Вардамацкага. Крыніца: Press Club Belarus/Youtube

Асобна Андрэй Вардамацкі закрануў пытанне медыяў – з якіх крыніцаў беларусы атрымліваюць інфармацыю і якім больш давяраюць. Пры гэтым сацыёлаг зазначыў, што агулам ва ўсім свеце назіраецца змяншэнне цікавасці да вайны ва Украіне, і Беларусь тут не выключэнне – людзі сталі менш разбірацца ў падзеях.

Пры гэтым тыя, хто ўсцяж шукае інфармацыю, найбольш давяраюць недзяржаўным беларускім медыям. Давер да дзяржаўных беларускіх медыяў вельмі моцна ўпаў, і цяпер ён такі ж, як і давер да расейскіх СМІ – 1,6 %.

У адказах на пытанні «Якія YouTube-каналы вы ведаеце?» і «Якія YouTube-каналы вы выкарыстоўваеце для атрымання інфармацыі?» на першае месца выйшаў «Nexta».

Якія YouTube-каналы ведаюць беларусы? Скрыншот прэзентацыі Андрэя Вардамацкага. Крыніца: Press Club Belarus/Youtube
Якія YouTube-каналы беларусы выкарыстоўваюць для атрымання інфармацыі? Скрыншот прэзентацыі Андрэя Вардамацкага. Крыніца: Press Club Belarus/Youtube

«Украінцы глядзяць не ў душу беларусаў, а на колькасць ракетаў, якія да іх прылятаюць»

Асобнае даследаванне было праведзенае ва Украіне і датычыла змяненняў у стаўленні ўкраінцаў да расейцаў і беларусаў з пачатку поўнамаштабнай вайны. Вынікі паказваюць, што дзве траціны ўкраінцаў (68,1 %) сталі горш ставіцца да беларусаў. Агулам жа кепска ставяцца да беларусаў 47,5 % украінцаў. Значна большы адсотак украінцаў, якія кепска ставяцца да расейцаў – 82,3 %, ці 4/5 ад усяго насельніцтва.

Змяненне стаўлення ўкраінцаў да беларусаў пасля нападу Расеі 24 лютага 2022 года. Скрыншот прэзентацыі Андрэя Вардамацкага. Крыніца: Press Club Belarus/Youtube
Стаўленне ўкраінцаў да беларусаў. Скрыншот прэзентацыі Андрэя Вардамацкага. Крыніца: Press Club Belarus/Youtube

83,5 % украінцаў лічаць беларусаў саўдзельнікамі ў вайне.

«Гэта ў той час, як амаль палова беларусаў не лічаць сваю краіну саўдзельніцай, – звяртае ўвагу сацыёлаг. – Тут мы бачым, што ўкраінцы глядзяць не на тонкія ваганні ў душах беларусаў, а на колькасць ракетаў, якія да іх прылятаюць».

66,8 % украінцаў не лічаць, што ўкраінцы і беларусы – адзін народ. 91 % украінцаў не лічаць сябе адным народам з расейцамі.

«На працягу апошніх пяці гадоў гэты паказчык складаў 70-71 %», – зазначае сацыёлаг.

У той жа час дзве траціны беларусаў лічаць, што расейцы і беларусы – адзін народ. Прыблізна такія ж лічбы і з Украінай.

З кім беларусы лічаць сябе адным народам? Скрыншот прэзентацыі Андрэя Вардамацкага. Крыніца: Press Club Belarus/Youtube
Гісторыі
«Вы запомніцеся як народ, які не змог». Украінкі плятуць маскіравальныя сеткі, разважаючы пра беларусаў
2022.06.08 14:52

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў