Дзяржабвінавачанне 6 чэрвеня запатрабавала для былога рэстаратара, заснавальніка і намесніка камандзіра беларускага палка «Пагоня» Вадзіма Пракоп’ева 25 гадоў узмоцненага рэжыму, у тым ліку 5 гадоў турмы, і штраф у памеры 1000 базавых велічыняў. Пра гэта паведамляе «Минская правда». Аднак судзяць яго завочна.
Вадзім Пракоп’еў зʼяўляецца фігурантам «справы Гайдукевіча» (справа аб падпале дома Алега Гайдукевіча два гады таму), яму выставілі абвінавачанне паводле больш як дзясятка артыкулаў КК: ад заклікаў да санкцыяў да акту тэрарызму.
6 чэрвеня адбылося 49-е пасяджэнне па справе. Працэс вядзе суддзя Сяргей Хрыпач, а ў якасці пракурора выступае Максім Чупрыс. Усяго ў справе 18 фігурантаў, з іх траіх – Вадзіма Пракоп’ева, Дзяніса Хаміцэвіча і Ігара Чамякіна – судзяць завочна. Усе трое цяпер за мяжой і аб’яўленыя ў міжнародны вышук. Яшчэ 15 чалавек знаходзяцца пад вартай.
Так, Сяргею Лісоўскаму і Ігару Чамякіну абвінаваўца запатрабаваў па 20 гадоў, а Уладзіміру Савенкову і Хаміцэвічу – 17 і 16 гадоў узмоцненага рэжыму адпаведна. Сяргею Сакалову – 14 гадоў узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічынь, а Зміцеру Невяркевічу – 11 гадоў узмоцненага рэжыму і 3 тысячы базавых велічынь. Вользе Петух і Мікалаю Рою – 13 і 12 гадоў узмоцненага рэжыму адпаведна. Паўлу Чыхінскаму і Дзянісу Філончыку – 9 гадоў узмоцненага рэжыму, Пятру Юркевічу – 9 гадоў агульнага рэжыму.
Для сям’і Вайцяховічаў, якія нібыта падпальвалі маёмасць Алега Гайдукевіча, былі запытаныя наступныя тэрміны: Уладзіславу (сын) – 21 год, Віталю (бацька) – 19 гадоў, Анастасіі (жонка сына) – 13 гадоў, Вользе (маці) – 12 гадоў.
Для Эдуарда Пестрака – 3,6 гады з пазбаўленнем права займаць дзяржаўныя пасады, а для Аляксея Міхайлава – 2 гады агульнага рэжыму, які ён ужо адбыў, з вызваленнем у зале суда.
Па версіі абвінавачання, Пракоп’еў быў арганізатарам змовы з мэтай захопу ўлады, кіраваў групай змоўшчыкаў, шукаў сродкі і прылады для захопу ўлады, стварыў «кіраваную, устойлівую, з размеркаваннем роляў і функцый, планаваннем злачынстваў арганізаваную злачынную групу, накіраваную на сумесную, працяглую па часе злачынную дзейнасць». Таксама Пракопʼеў нібыта заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках, супраціву міліцыі, прапагандаваў гвалтоўную змену ўлады.
Пракурор заявіў, што Пракопʼеў распрацаваў трохфазны план захопу ўлады. У першай фазе ўзброеныя групы павінны былі захапіць вышэйшых службовых асоб і ўсталяваць кантроль за стратэгічна важнымі абʼектамі, у другой – скаваць магчымасці дзеянняў праваахоўных органаў, у трэцяй – не дапусціць умяшання Расеі ў план захопу ўлады. Захоп улады павінен быў адбыцца «на фоне дэстабілізацыі грамадскага парадку ў выніку арганізаваных ім актаў тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, выбухаў, падпалаў, іншых дзеянняў», лічыць абвінавачанне.
Пра нібыта напад на дом дэпутата і ўдзельніка прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Алега Гайдукевіча стала вядома ў ліпені 2021 года. «У тры гадзіны ночы ў маю хату дзе жывуць мае дзеці кінулі дзве бутэлькі з запальнай сумессю! Пасля таго як першая бутэлька ўзарвалася, сусед выскачыў на вуліцу, паспеў заўважыць і машыну і нападніка!», – казаў тады Гайдукевіч. У выніку нападу афіцыйна ніхто не пацярпеў.
Алена Рувіна belsat.eu