У расейскім Орску прарвала дамбу. Горад (і не толькі) сыходзіць пад ваду, ёсць загінулыя


У расейскім горадзе Орск (Арэнбургская вобласць) 5 красавіка прарвала дамбу на рацэ Урал. У горадзе праводзіцца эвакуацыя, паведамляецца пра трох загінулых асобаў у выніку паводкі.

Машына МНС РФ у Орску.
Фота: 56.mchs.gov.ru

Пра прарыў дамбы стала вядома ўвечары 5 красавіка. Узровень вады ў рацэ Урал падняўся вышэй за дзевяць метраў, тады як небяспечным лічыцца ўзровень у 930 сантыметраў.

6 красавіка ТАСС паведаміў аб поўным разбурэнні дамбы ў Орску. РИА Новости са спасылкай на ўлады Арэнбургскай вобласці піша, што гэтае паведамленне не адпавядае рэчаіснасці. Як адзначае «Інтэрфакс», дамба разбурана толькі там, дзе яна адчувае найбольшую нагрузку.

«Дамба даўжынёй некалькі кіламетраў. Нагрузку яна адчувае там, дзе шмат вады. Раніцай у суботу тут было разбурана ў межах 10 метраў», – паведамілі ўлады Арэнбургскай вобласці.

У зону затаплення, паводле ТАСС, трапілі больш як чатыры тысячы дамоў і больш як 10 тысяч мясцовых жыхароў. Непасрэдна ў Орску падтопленыя амаль 2,5 тысячы дамоў, заявілі ўлады рэгіёну. Каля чатырох тысяч чалавек эвакуяваныя.

Мацней за ўсё ад паводкі пацярпеў мікрараён Орска Стары горад. Уезды ў яго перакрыты, туды можна трапіць толькі на чоўне. У раёне назіраюцца праблемы са сувяззю і інтэрнэтам.

Паводле прагнозаў кіраўніцтва Орску, узровень вады не знізіцца ў бліжэйшыя дні, на гэта можа спатрэбіцца паўтара-два тыдні.

Акрамя Орску, за ноч пад ваду пайшла набярэжная Арэнбургу, што прыкладна за 270 кіламетраў ад Орску. Мэр гораду заклікаў да тэрміновай эвакуацыі з зонаў затаплення. Апроч таго, узровень вады павышаецца ў Сарочынскім вадасховішчы, праз гэта населеныя пункты на рацэ Самара таксама знаходзяцца пад пагрозай паводкі.

https://t.me/ural56ru/66568

Тэлеграм-канал «112» паведамляе, што пры прарыве дамбы ў Орску загінулі тры чалавекі. Пра гэта ж са спасылкай на аператыўныя службы піша ТАСС.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў