4 – 5 красавіка праходзілі паседжанні працоўных групаў у рамках Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША». Гэта рэалізацыя дамоўленасцяў, дасягнутых у снежні 2023 года ў Вашынгтоне. Кіраўнік НАУ, намеснік Святланы Ціханоўскай Павел Латушка распавёў «Белсату» пра значэнне Стратэгічнага дыялогу для Беларусі, а таксама што абмяркоўваецца ў рамках працоўных групаў.
У рамках дыялогу былі створаныя шэсць працоўных групаў, якія складаюцца з палітычных прадстаўнікоў ЗША і дэмакратычных сілаў Беларусі. Групы працуюць па наступных кірунках:
«Стварэнне Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША» – важны палітычны крок з боку нашых амерыканскіх партнёраў у падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Гэта беспрэцэдэнтнае рашэнне», – сказаў Павел Латушка.
Адна з тэмаў, якая падымалася на паседжаннях працоўных групаў – адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы «супраць чалавечнасці, супраць беларускага і ўкраінскага народаў».
Паводле Паўла Латушкі, трэба выкарыстоўваць інструменты Міжнароднага крымінальнага суду, Міжнароднага суду ААН, універсальнай юрысдыкцыі, спецыяльнага трыбуналу за агрэсію, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці.
Яшчэ адной тэмай для абмеркавання стала гарманізацыя санкцыйнай палітыкі.
«Мы кажам пра тое, што санкцыйная палітыка павінна быць згарманізаваная, бо калі ёсць адзіная эканамічная прастора Беларусі і Расеі, гэта стварае для Лукашэнкі магчымасці ў спосаб легальны і нелегальны зарабляць на абыходжанні санкцыяў і дапамагаць Расеі працягваць вайну», – кажа Латушка.
Паводле кіраўніка НАУ, з мэтай гарманізацыі санкцыяў трэба ўводзіць забарону транзіту альбо квоты на санкцыйныя тавары, якія ідуць праз Беларусь, там пераафармляюцца, а пазней пастаўляюцца на расейскі рынак, а таксама моцныя фінансавыя санкцыі на выкарыстанне амерыканскага долару ці плацежных сістэмаў, якімі карыстаецца РФ на тэрыторыі Беларусі.
«Важна казаць пра кантроль санкцыяў, што мы бачым апошнім часам на межах з Літвой, Латвіяй, Польшчай, пра крымінальную адказнасць за абыходжанне санкцыяў. Усе гэтыя інструменты дзеля таго, каб санкцыі сталі больш эфектыўнымі, навідавоку. Але, на жаль, яны не выкарыстоўваюцца на сённяшні дзень з боку нашых заходніх партнёраў так, як належала б», – зазначае Латушка.
Намеснік Святланы Ціханоўскай перакананы, што стратэгічны дыялог паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі – гэта важны палітычны крок у кірунку ўзмацнення супрацы і лепшага разумення таго, што адбываецца ў Беларусі сёння, а таксама выпрацавання канкрэтных механізмаў «дзеля таго, каб дэмакратыя і свабода перамаглі ў Беларусі».
«Трэба разумець, што ЗША ажыццяўляюць стратэгічны дыялог з дзяржавамі, а ў нашай сітуацыі – з дэмакратычнымі сіламі і інстытутамі, створанымі дэмакратычнай часткай беларускага грамадства. Таму гэта беспрэцэдэнтнае рашэнне, – кажа Павел Латушка. – Важна, што створана шэсць працоўных групаў і што мы абмяркоўваем і пытанні нацыянальнай культуры, нацыянальнай ідэнтычнасці, захавання нашай дзяржаўнасці, правоў чалавека, палітзняволеных. Гэта комплекс пытанняў, якія сёння турбуюць беларускае грамадства і якія нам важна вырашыць, каб Беларусь стала дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавай».
Візіт дэмакратычных сілаў Беларусі ў ЗША, які стаў пачаткам стратэгічнага дыялогу, адбыўся 6 – 7 снежня 2023 года. Тады намеціліся пяць асноўных напрамкаў супрацы. Гэта вызваленне палітвязняў, захаванне незалежнасці Беларусі, аднаўленне і захаванне беларускай ідэнтычнасці і культуры, бізнес-кірунак і прыцягненне да адказнасці рэжыму Лукашэнкі. Па кожнай частцы павінны з’явіцца дарожныя мапы, таксама магчыма стварэнне рабочых груп, куды ўвойдуць прадстаўнікі ЗША і дэмсілаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu