Вайна, санкцыі і рост цэнаў: што адбываецца з замежным гандлем Беларусі?


Белстат апублікаваў статыстыку замежнага гандлю Беларусі за студзень – люты. Першыя два сёлетнія месяцы супрацы з краінамі не з СНД паказалі рэзкі рост імпарту ды істотнае скарачэнне экспарту. У гандлі з былымі савецкімі рэспублікамі – наадварот: павелічэнне экспарту і падзенне імпарту. «Белсат» спытаў эканаміста Дзмітрыя Крука, чаму так адбываецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: БЧ / rw.by

За два першыя месяцы 2023 года Беларусь нагандлявала на 12 млрд 973 млн 500 тыс. долараў. Імпарт тавараў крыху перавысіў экспарт, сальда – адмоўнае, 439 млн долараў.

Большую выгаду прынёс гандаль з краінамі СНД: экспартавалі на 616 млн долараў болей, чым імпартавалі. З іншымі дзяржавамі – наадварот: імпарт перавысіў экспарт на 1 млрд 55 млн долараў.

У параўнанні з леташнімі студзенем – лютым экспарт крыху прасеў, імпарт – падрос. Аднак цікава, што рэзка, амаль на 42 %, павялічыўся імпарт з краінаў за межамі СНД і адначасова зменшыўся імпарт з былых савецкіх рэспублік (у першую чаргу тут адбіваецца гандаль з Расеяй), на 16 %.

Інфармацыі, якую раскрывае Нацыянальны статыстычны камітэт, недастаткова для дэталёвага і паглыбленага аналізу, кажа старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук, якога «Белсат» папрасіў пракаментаваць замежны гандаль Беларусі.

У прыватнасці, не стае звестак пра фізічныя аб’ёмы тавараў, пра цэны на іх, разбіўкі на таварныя пазіцыі і ўласна на канкрэтныя краіны. Таму экспертам даводзіцца разважаць найперш у катэгорыях імавернасці і дапушчэнняў.

«Калі мы параўноўваем з першымі двума леташнімі месяцамі, мы яшчэ параўноўваем з даваеннай сітуацыяй, таму шмат якіх трэндаў не відаць, фактычна мы з іншым светам параўноўваем», – таксама зазначае Крук.

Экс-СССР

Адчувальнае скарачэнне імпарту з краінаў Садружнасці Незалежных Дзяржаваў суразмоўца «Белсату» тлумачыць падзеннем цаны на расейскую нафту. Калі гаворка ідзе пра супрацу Беларусі з СНД, то галоўнае тут – таваразварот менавіта з Расеяй.

«На санкцыйным фоне цана нафты для Беларусі зніжаецца, бо яна прывязаная да цаны сумесі «Urals», а праз санкцыі цана «Urals» адносна іншых гатункаў нафты істотна ніжэйшая. Гэтак званы спрэд пашырыўся, і Беларусь набывае нафту за заніжаную адносна іншых гатункаў цану. У студзені – лютым 2022-га цэны на нафту былі значна вышэйшымі», – кажа Крук.

На ягоную думку, цяперашнія аб’ёмы нафты, што Беларусь купляе ў Расеі, прыкладна роўныя леташнім, аднак сыравіна за год патаннела.

Hавiны
BEROC: Беларусь зарабляе мільярды долараў на падзенні цаны расейскай нафты
2023.03.15 17:11

Да таго ж, у статыстыку краінаў СНД традыцыйна дадаюць Украіну, адкуль да вайны ішло багата імпарту. «Цяпер гандлёвыя плыні з Украіны амаль абнуліліся, і тут таксама ёсць след гэтага чынніку», – канстатуе эканаміст.

Экспарт у былыя савецкія рэспублікі сёлета дэманструе рост на 9 %, і нічога незвычайнага ў гэтым няма, зазначае эксперт: «Гэта фактычна працяг леташняй тэндэнцыі: за кошт таго, што цэны на шмат якія тавары выраслі, і на расейскім рынку шмат якія нішы вызваліліся, Беларусь нарошчвае экспарт перш за ўсё ў Расею».

Далёкія блізкія партнёры

Экспарт у краіны за межамі СНД знізіўся амаль на 16 % у параўнанні з даваеннымі студзенем – лютым 2022 года, і тут, відавочна, уплываюць санкцыі. Пастаўкі тавараў, якія Беларусь традыцыйна прадавала заходнім краінам, істотна скараціліся.

«У якой ступені статыстыка абумоўленая скарачэннем экспарту ў натуральным вымярэнні, а ў якой ступені – цэнамі, на жаль, незразумела. Для наступстваў адносна ўсёй эканомікі важна, наколькі змяняецца экспарт-імпарт у натуральным вымярэнні, бо менавіта гэта ўплывае на ВУП, на беспрацоўе, у пэўнай ступені – на інфляцыю», – адзначае Дзмітрый Крук.

Што тычыцца імпарту не з СНД, ён рэзка павялічыўся з некалькіх прычынаў. Бадай, галоўная – рост цэнаў на значную частку тавараў, што купляе Беларусь, кажа суразмоўца «Белсату»:

«Таксама ёсць уплыў таго, што шмат якія тавары пачалі вазіць з Турцыі, Кітаю, нейкіх іншых краінаў. А трэці чыннік – зусім здагадкі. Мяркую, ёсць уплыў пэўнага прыстасавання да санкцыяў, і тавары могуць ісці транзітам праз Беларусь у Расею».

Словам, ізноў «беларускія крэветкі».

Будзе горш?

Эканаміст BEROC мяркуе, што леташні «экспартны цуд», калі Беларусі, нягледзячы на санкцыі, атрымалася пазбегнуць істотнага скарачэння замежнага гандлю, імаверна, заканчваецца.

«Уплыў чынніку высокіх цэнаў пакрысе скарачаецца, адпаведна, кампенсацыйны механізм, што быў у другім леташнім паўгоддзі (калі расейскі напрамак, высокія цэны на нашыя тавары і нейкія новыя нішы кампенсавалі страту экспарту ў ЕЗ), пакрысе робіцца ўсё менш актуальным», – падкрэсліў Дзмітрый Крук.

Прагназаваць, што будзе далей з беларускім экспартам, не выпадае, бо ўсе чаканні могуць абрынуцца праз, напрыклад, новыя санкцыі. Пры гэтым відавочна, што цяперашнія ўлады амаль усе надзеі ўскладаюць на Расею. Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ў канцы сакавіка казаў, што «ўстойлівасць расейскай эканомікі дапамагае нам, бо менавіта дзякуючы таму, што Расея паспяхова дае рады сваім выклікам, гэта дапамагае і Беларусі: мы ўстойліва нарошчваем пастаўкі».

«Летась мы павялічылі экспарт у Расею на 40 %. У студзені і, паводле аператыўных звестак, за люты і сакавік гэтая тэндэнцыя трывае», – заявіў ён.

Hавiны
«Мусім падтрымліваць такія тэмпы». Менск прагне ўзмацніць эканамічную залежнасць ад Расеі
2023.02.14 15:58

Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч таксама чакае рост прыбыткаў ад гандлю з Расеяй: «Летась 64 % нашага экспарту прыпала на Расею і Кітай. Сёлета мы захоўваем гэтыя рынкі. Нават у Расею мы хочам вырасці на 6,5 %. […] Плануем атрымаць 24,4 млрд долараў экспартнай выручкі, то бок на 1,5 млрд долараў больш, чым летась».

Беларускія чыноўнікі не задумваюцца, куды падзець прадукцыю ў выпадку шокаў у Расеі: абы збыць сёння. Пра тое, што такая залежнасць ад аднаго эканамічнага партнёра надзвычай небяспечная, не казаў толькі лянівы.

«Гэта банальна, як у жыцці: калі вы залежыце ад адзінага пакупніка ці вытворцы і калі з ім штосьці здараецца, то ягоныя праблемы робяцца вашымі. У нашым выпадку, калі празмерна дыпламатычна казаць, гэта выкліча цяжкасці. Калі дыпламатыю адкінуць – гэта будзе вельмі праблематычна», – канстатуе Крук.

Ён прызнае: калі што, нейкія тавары можна будзе прадаць на іншых рынках замест расейскага, але не ў такіх аб’ёмах і не з такой рэнтабельнасцю.

Патонуць разам.

Агляд
Нацбанк даў справаздачы за 2022 год. Што там са стабільнасцю?
2023.01.30 07:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў