Што хаваецца за лічбамі Белстату пра задаволенасць беларусаў сваім жыццём?


Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Іна Мядзведзева заявіла, што па выніках даследаванняў хатніх гаспадарак, у Беларусі задаволеныя сваім жыццём 88 % рэспандэнтаў. У сваю чаргу незалежныя сацыёлагі кажуць, што давяраць такім лічбам не варта.

Белстат. Скрыншот

У эфіры «Белсату» Маргарыта Тарайкевіч, сацыёлаг, антраполаг распавяла, што ў цэлым афіцыйнай статыстыцы яна схільная верыць. Мы ведаем пра сфальсіфікаваныя выбары, але няма звестак, што могуць быць сфальсіфікаваныя звесткі напрыклад, пра перапіс насельніцтва. Але заява старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іны Мядзведзевай, паводле якой 88 % грамадзянаў задаволеныя сваім жыццём у Беларусі, выклікае шмат пытанняў.

«Важна ведаць пра пастаноўку і фармулёўку пытання, якія былі варыянты адказу, ці гэта па нейкай шкале ад 1 да 10 і ў задаволеныя ўключылі тых, хто ацэньваў на 5. Тут трэба дэталізацыя. Я не бачыла пра гэтае даследаванне. Белстат толькі агучыў лічбу, але не паказаў самое апытанне і адказы», – распавяла Маргарыта Тарайкевіч.

Такі ж скепсіс выклікае і яшчэ адно даследаванне, паводле якога каля 86 % не маюць намеру пакідаць краіну.

«Трэба глядзець на метадалогію, менавіта як гэтыя дадзеныя былі атрыманыя. Тут мы бачым, што гэта апытанне па тэлефоне. Папярэдні досвед вывучэння беларускага грамадства нам паказвае, што пры тэлефонных апытаннях узровень страху, калі людзі адказваюць не тое, што думаюць, значна большы, чым пры іншых формах даследаванняў. Таму да афіцыйных дадзеных я б ставіўся вельмі асцярожна», – каментуе сацыёлаг Генадзь Коршунаў.

Маргарыта Тарайкевіч таксама дадае, што калі казаць пра адсутнасць намеру эміграваць, то гэта не азначае, што чалавек задаволены жыццём. Ён жа можа заставацца ў краіне, каб змагацца за лепшую долю, каб паляпшаць сваю краіну.

Hавiны
Белстат пастанавіў не агучваць некаторых статыстычных звестак
2023.04.05 10:42

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў