Ад шпіёнаў да палітвязняў. Як раней абменьвалі зняволеных і ці актуальна гэта цяпер


У сувязі з арыштам у Польшчы грамадзянаў Беларусі, якіх падазраюць у шпіянажы, Аляксандр Лукашэнка публічна загаварыў пра магчымасць абмену гэтых людзей. Акрамя таго, у КДБ заявілі, што афіцыйны Кіеў нібыта прапанаваў Менску абмяняць зняволеных украінцаў. Наколькі гэтыя заявы адпавядаюць рэчаіснасці, сказаць складана. Але Belsat.eu вырашыў нагадаць, як абмены зняволеных праводзіліся ў час халоднай вайны і ў постсавецкі перыяд.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Крыніца: i.pl

Адкуль узяліся размовы пра абмен

16 сакавіка 2023 года стала вядома, што Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала 9 асобаў, якіх падазраюць у супрацы з расейскімі спецслужбамі і падрыхтоўцы дыверсіяў. Трое з затрыманых – грамадзяне Беларусі, шасцёра – украінцы.

У канцы сакавіка ўлады Польшчы паведамілі пра затрыманне яшчэ трох замежнікаў, якія, паводле версіі следства, дзейнічалі ў межах расейскай шпіёнскай сеткі (іх грамадзянства не агучвалася). Акрамя таго, польская контрвыведка распавяла, што ў пачатку сакавіку быў затрыманы мужчына, якога абвінавачваюць у працы менавіта на беларускія спецслужбы. Паведамляецца, што агулам з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў Польшчы затрымалі ўжо 20 чалавек, якія падазраюцца ў супрацы з расейскай або беларускай выведкай.

На апошнія затрыманні ў Польшчы афіцыйны Менск адрэагаваў імгненна. Беларускія дыпламаты запыталі доступ да затрыманых, а прапагандысты першымі назвалі імёны абвінавачаных у шпіянажы беларусаў: гэта 29-гадовы Уладзіслаў П., 18-гадовая Марыя М. і 52-гадовы Мікалай М.

Разбор
Сярод затрыманых у Польшчы тры беларусы. Адзін дакладна звязаны з КДБ. Што пра іх вядома
2023.03.16 15:47

Неўзабаве на гэтую тэму выказаўся і асабіста Аляксандр Лукашэнка:

«Шпіёнамі абвесцілі. Усё проста: хочуць абмяняць. Хапаюць людзей, каб прапанаваць Расеі ці Беларусі абмен на кагосьці. Ужо прапаноўвалі».

Падчас звароту да Нацыянальнага сходу 31 сакавіка Лукашэнку спыталі ўжо не пра шпіёнаў, а пра лёс палітвязня Анджэя Пачобута. Вядома, што Польшча раней абяцала аднавіць рух праз пераход «Баброўнікі» ў выпадку яго вызвалення. Лукашэнка на гэта заявіў, што «кавалак мяжы на чалавека не мяняе», а Пачобута гатовы аддаць толькі за Паўла Латушку.

Пры гэтым заўважыў, што наогул у спецслужбаў сапраўды ёсць традыцыя абмену зняволеных.

«Ну, не я гэта прыдумаў. Таму як чалавек ад улады вымушаны з гэтым лічыцца», – падкрэсліў ён, даўшы зразумець, што не выключае такіх сцэнароў.

Hавiны
У Польшчы будуць судзіць беларуса і расейца, якіх абвінавачваюць у шпіянажы
2023.01.04 13:52

КДБ хваліцца «абменным фондам»

4 красавіка старшыня КДБ Іван Церцель заявіў, што ў Беларусі затрымана «некаторая колькасць грамадзянаў Польшчы пры ажыццяўленні актыўных аперацыяў агентурнай сувязі». Пра якія затрыманых грамадзянаў Польшчы вядзецца размова – ён не патлумачыў.

«Вядома, польскі бок любымі спосабамі хоча дабіцца абмену на каго-небудзь з гэтых сваіх грамадзянаў. Аднак ніхто з затрыманых імі асобаў, якія працуюць нібыта ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь, задачаў спецслужбаў Рэспублікі Беларусь не выконвае», – падкрэсліў старшыня КДБ.

Акрамя таго, Церцель заявіў, што ў Беларусі затрыманыя дзясяткі ўкраінцаў і грамадзяне краінаў Балтыі – нібыта за шпіянаж і агентурную дзейнасць. Імаверна, гаворка ідзе пра людзей, якіх затрымалі ўжо даўно. Напрыклад, у МЗС Латвіі ў сувязі з гэтым распавялі, што яшчэ ў сакавіку 2022 года беларускія спецслужбы затрымалі і выставілі беспадстаўнае абвінавачванне ў шпіянажы аднаму грамадзяніну Латвіі. Амбасадар Украіны Ігар Кізім месяц таму паведаміў у інтэрв’ю Liga.net пра сем украінцаў, арыштаваных за «шпіянаж» у Беларусі. То бок Церцель, імаверна, распавядаў не пра новыя арышты, а проста пахваліўся «абменным фондам», які можна выкарыстоўваць для гандлю.

«КДБ Рэспублікі Беларусь мае кантакты з усімі спецслужбамі свету. У рознай ступені яны выкарыстоўваюцца. Да нас звярнуўся ў тым ліку ўкраінскі бок з просьбай памяняць сваіх некаторых грамадзянаў на кагосьці. Мы паглядзелі на прапанаваны спіс – не патрэбны нам наркаманы, гвалтаўнікі і іншыя, якія адбываюць у іх пакаранне», – заявіў кіраўнік Камітэту дзяржбяспекі.

Церцель не ўдакладніў, каго меў на ўвазе пад «наркаманамі» і «гвалтаўнікамі». Аднак вядома, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне былі асуджаныя як мінімум два беларусы-найміты, што ўдзельнічалі ў расейскай агрэсіі: Андрэй Герыловіч (9 гадоў зняволення) і Максім Зязюльчык (10 гадоў). Прычым Зязюльчык, як сцвярджаюць у СБУ, быў агентам КДБ.

Цікава, што заявы пра абмен робіць толькі афіцыйны Менск – Украіна, Польшча і краіны Балтыі захоўваюць маўчанне і ніяк гэтага не каментуюць. Таму цяжка сказаць, наколькі адпавядаюць рэчаіснасці словы Лукашэнкі і Церцеля. Аднак варта адзначыць, што гістарычны досвед абменаў  паміж рознымі краінамі – вельмі багаты і разнастайны. Прычым не заўсёды бакі мянялі шпіёнаў на шпіёнаў. Часам ЗША ў межах такіх абменаў выцягвалі з турмаў савецкіх дысідэнтаў, а сучасная Расея – гандляроў зброяй і наркагандляроў.

Як гэта было раней: класічныя шпіёнскія абмены

Практыка абмену шпіёнаў з’явілася яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны, аднак свайго піку дасягнула ў час халоднай вайны.

Рудольф Абель. Крыніца: tvzvezda.ru

Імаверна, найбольш вядомы выпадак такога абмену адбыўся ў лютым 1962 года. Злучаныя Штаты тады адпусцілі палкоўніка савецкай выведкі Рудольфа Абеля, а СССР вызвалілі амерыканскага пілота Фрэнсіса Паўэрза (Francis Gary Powers), чый самалёт быў збіты падчас выведнага палёту над савецкай тэрыторыяй. Абодвум прыйшлося доўга чакаць вяртання на радзіму: Абель быў арыштаваны ў 1957-м, а Паўэрз трапіў у палон у 1960-м. Абмен адбыўся на Глініцкім мосце паміж Заходнім Берлінам і Потсдамам. Акрамя таго, у межах гэтай угоды ЗША дамагліся вызвалення амерыканскага студэнта-эканаміста Фрэдэрыка Праяра (Frederic LeRoy Pryor), якога спецслужбы ГДР беспадстаўна абвінавацілі ў шпіянажы падчас наведвання Усходняга Берліну. Праўда, Праяра адпусцілі не на мосце, а на КПП «Чэкпойнт Чарлі» ў Берліне.

У наступныя гады на Глініцкім мосце прайшло яшчэ некалькі гучных шпіёнскіх абменаў. Самы масавы з іх адбыўся 12 чэрвеня 1985 года: амерыканцы аддалі чатырох чалавек, а савецкі бок – 23. Цікава, што Вашынгтон і Масква мянялі не сваіх грамадзянаў. ЗША тады адпусцілі абвінавачаных у шпіянажы грамадзянаў Балгарыі, Польшчы і ГДР, а СССР – аднаго аўстрыйца, шэсць палякаў і 16 немцаў (усе яны адбывалі пакаранні ў турмах Польшчы і ГДР).

Натуральна, пасля падзення берлінскага муру Глініцкі мост больш не выкарыстоўваўся для шпіёнскіх абменаў. Аднак сама практыка не знікла. Вялікі абмен адбыўся паміж ЗША і Расеяй у 2010 годзе: амерыканцы аддалі 10 затрыманых расейскіх агентаў, а расейцы – чатырох грамадзянаў РФ, асуджаных за шпіянаж на карысць ЗША і Вялікай Брытаніі. Абмен адбыўся 9 ліпеня 2010 года на лётным поле венскага аэрапорту, куды прыляцелі самалёты са зняволенымі з Масквы і Нью-Ёрку.

Павел Шаройка. Крыніца: racyja.com

Беларусь таксама мае досвед шпіёнскіх абменаў. 16 чэрвеня 2017 года ва Украіне быў затрыманы беларускі грамадзянін Юрый Палітыка, якога абвінавацілі ў шпіянажы. Праз чатыры месяцы ў Менску быў арыштаваны карэспандэнт Украінскага радыё Павел Шаройка. КДБ заявіў, што ўкраінскі журналіст насамрэч быў палкоўнікам ГУР, які на тэрыторыі Беларусі нібыта кіраваў шпіёнскай сеткай з 16 чалавек. Кіеў адмаўляў датычнасць да шпіянажу Шаройкі, Менск – вінаватасць Палітыкі.

У лютым 2018 года Шаройка быў асуджаны да 8 гадоў зняволення. Паралельна ў Чарнігаве распачаўся разгляд справы Палітыкі, але судовы працэс забуксаваў яшчэ на пачатковай стадыі і з мёртвага пункту ўжо не ссунуўся.

Той шпіёнскі скандал прывёў да ахаладжэння стасункаў Менску і Кіева. Аднак пасля абрання прэзідэнтам Украіны Уладзіміра Зяленскага праблему атрымалася развязаць. У пачатку кастрычніка 2019 года ўкраінскі суд вызваліў Юрыя Палітыку з-пад варты і дазволіў вярнуцца ў Беларусь, а Шаройку памілаваў асабістым указам Лукашэнка. Дэталі іх абмену не вядомыя дагэтуль.

Як мянялі палітвязняў на шпіёнаў

У час халоднай вайны меў месца шэраг выпадкаў, калі ЗША мянялі савецкіх шпіёнаў на палітвязняў.

27 красавіка 1979 года савецкія палітвязні Аляксандр Гінзбург, Эдуард Кузняцоў, Марк Дымшыц, Георгій Вінс і Валянцін Мароз былі абмененыя на кадэбэшнікаў Чарняева і Энгера. Чарняеў і Энгер працавалі ў ЗША пад выглядам супрацоўнікаў савецкай місіі пры ААН, іх арыштаваны з сакрэтнымі дакументамі – кожнаму прысудзілі па 50 гадоў турмы.

Аляксандр Гінзбург быў адным з самых вядомых савецкіх дысідэнтаў: дзеяч праваабарончага руху, які ўваходзіў у Хельсінкскую групу, каардынаваў дзейнасць Фонду дапамогі палітвязням. У 1977 годзе за «антысавецкую прапаганду» яго пакаралі 8 гадамі зняволення.

Гінзбург нічога не ведаў пра перамовы Масквы і Вашынгтона наконт абмену. Проста аднойчы ў лагеры палітвязню сказалі збіраць рэчы і этапавалі ў турму «Лефортава» ў Маскве. Там дысідэнту паведамілі: ён пазбаўляецца грамадзянства СССР і высылаецца за мяжу. Пасля гэтага Гінзбурга пераапранулі ў цывільнае адзенне, адвезлі ў аэрапорт «Шарамецьева» і завялі ў самалёт. У самалёце супрацоўнікі амерыканскай амбасады распавялі палітвязню, што яго цяпер чакае пералёт у ЗША. Толькі пасля прыбыцця ў Нью-Ёрк Гінзбургу патлумачылі, што гэта быў менавіта абмен.

Аляксандр Гінзбург.
Фота: ru.wikipedia.org

Савецкія ўлады лічылі практыку абмену шпіёнаў на дысідэнтаў сваім поспехам: рашэнне аб высылцы пецярых палітвязняў у 1979 годзе ў дакументах КДБ прэзентавалася як зрыў «расхіствання сацыялізму знутры».

У 1986 годзе ЗША і СССР дамовіліся аб вызваленні вядомага дысідента, аднаго са стваральнікаў Хельсінкскай групы Натана Шчаранскага, якога раней пакаралі 13 гадамі зняволення за «здраду радзіме». Разам з ім адпусцілі двух грамадзянаў ФРГ і грамадзяніна Чэхаславаччыны. Узамен савецкі бок атрымаў арыштаваных на Захадзе выведнікаў з СССР, ГДР і Чэхаславаччыны. Абмен адбыўся 11 лютага на Глініцкім мосце.

Імаверна, найбольш вядомы выпадак абмену савецкага палітвязня – гэта вызваленне Уладзіміра Букоўскага. У 1972 годзе Букоўскага пакаралі 7 гадамі зняволення і 5 гадамі ссылкі за «антысавецкую агітацыю». У 1976 годзе дысідэнта абменялі на лідара чылійскіх камуністаў, палітвязня Люіса Карваляна (Luis Corvalán), які трапіў у турму пасля вайсковага перавароту ў Чылі. Абмен Карваляна і Букоўскага адбыўся ў Цюрыху пры пасярэдніцтве амерыканскіх дыпламатаў. У СССР пасля гэтага набыла папулярнасць жартлівая частушка: «Абмянялі хулігана на Люіса Карваляна. Дзе б знайсці такую …, каб на Брэжнева змяняць?»

Новы досвед: закладнікі і «гандляр смерцю»

Абмены паміж ЗША і РФ, якія адбыліся ў 2022 годзе, вылучаюцца сярод аналагічных гісторыяў тым, што ў іх не фігуравалі ні шпіёны, ні дысідэнты.

Канстанцін Ярашэнка.
Фота: Artyom Geodakyan / TASS / Forum

Расейскі лётчык Канстанцін Ярашэнка ў 2010 годзе быў арыштаваны ў Ліберыі паводле абвінавачання ў рыхтаванні да транспартавання буйной партыі какаіну. Яго перадалі ў ЗША і пакаралі 20 гадамі зняволення. Расейскі бізнесовец Віктар Бут гандляваў зброяй на розных кантынентах і ў 2012 годзе амерыканскі суд прысудзіў яму 25 гадоў турмы. Медыі называлі яго найбуйнейшым «гандляром смерцю» ў свеце і «зброевым баронам», ягоная гісторыя легла ў аснову аднайменнага галівудскага фільму з Нікаласам Кейджам (Nicolas Cage).

Нягледзячы на адыёзную рэпутацыю Бута і Ярашэнкі, Масква заступілася за гэтых людзей і шмат гадоў упарта дамагалася іх вызвалення.

У выніку Расея абменяла іх на амерыканскіх грамадзянаў Трэвара Рыда (Trevor R. Reed) і Брытні Грайнэр (Brittney Yevette Griner), якім выставілі абвінавачанне паводле звычайных крымінальных артыкулаў. Іх фактычна выкарысталі ў якасці закладнікаў. Студэнт Трэвар Рыд быў арыштаваны ў 2019 годзе і пакараны 9 гадамі зняволення нібыта за тое, што аказаў супраціў паліцыянтам. Баскетбалістку Брытні Грайнэр пакаралі 9 гадамі зняволення праз тое, што ў яе багажы знайшлі гашышнае масла для вэйпа.

Абмен Ярашэнкі на Рыда адбыўся ў Турэччыне ў красавіку 2022 года, абмен Бута на Грайнэр – у ААЭ летась у снежні.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў