Жырыноўскі памёр. Цяпер дакладна


Фракцыя Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расеі ў Дзяржаўнай думе РФ пацвердзіла смерць свайго кіраўніка Уладзіміра Жырыноўскага. Гэта ўжо не першае такое паведамленне за апошні час, але першае, што пацвердзілі ягоныя паплечнікі.

Уладзімір Жырыноўскі. Фота ТАСС

«Сёння пасля зацяжной хваробы памёр Старшыня ЛДПР Уладзімір Вольфавіч Жырыноўскі. Гэта ўдар для ўсёй Расеі, для войска ягоных прыхільнікаў. З жыцця пайшоў без перабольшання вялікі чалавек, ён упісаў сябе ў гісторыю нашай краіны і ўсяго свету. Мы ўсе смуткуем», – гаворыцца ў заяве фракцыі.

Жырыноўскага паклалі ў Цэнтральны клінічны шпіталь з каронавірусам на пачатку лютага. Яго падлучалі да апарату ШВЛ.

У канцы лютага спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін паведамляў, што Жырыноўскі папраўляецца, пра тое ж казаў і лідар КПРФ Генадзь Зюганаў. Аднак 3 сакавіка Telegram-канал «112» паведаміў, што Жырыноўскага ўвялі ў медыкаментозны сон.

Уладзімір Жырыноўскі нарадзіўся ў 1946 годзе ў Казахстане. З 1989 года ўзначальваў Ліберальна-дэмакратычную партыю СССР і Расеі. З 1993 года быў дэпутатам расейскай Дзяржаўнай думы. Вядомы сваімі імперскімі заявамі ў дачыненні суседніх краінаў, у тым ліку Беларусі і Украіны.

Hавiны
Жырыноўскі: Расея вызваліла беларусаў ад літоўцаў
2020.02.21 10:16

ПС belsat.eu

Стужка навінаў