Экс-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас абверг ранейшыя здагадкі аб змене месца жыхарства і паведаміў TUT.by, што перабывае ў Кіеве з працоўнай паездкай.
«Так, сапраўды, я прыляцеў у Кіеў. Але ніякай канспіралогіі – гэтая паездка звязана з тымі праектамі, пра якія я казаў раней. Аб пераездзе ва Украіну гаворкі не ідзе», – сказаў Румас.
Раней у сацсетках абмяркоўвалі фотаздымак, зроблены ў Кіеве, на якім, нібыта, прысутнічае Сяргей Румас. Цяпер гэтая інфармацыя пацвердзілася.
Аднак Сяргей Румас не стаў каментаваць парталу інфармацыю пра ператрусы ў ягоным доме ў Менску.
Экс-прэмʼер таксама паведаміў, што яго яшчэ не зацвердзілі ў назіральны савет «Рассельгасбанку» – дзяржаўнага расейскага банку, які застаецца асноўным крэдыторам сельскагаспадарчага сектару ў РФ. Такое распараджэнне было падпісанае расейскім прэмʼерам Міхаілам Мішусціным 18 сакавіка.
«Усё ідзе ў рамках стандартных працэдур. Я супрацоўнічаў з «Рассельгасбанкам» яшчэ з часу працы ў «Белаграпрамбанку» і буду рады папрацаваць з прафесійнай камандай аднаго з найбуйнейшых банкаў Расеі», – сказаў Румас.
Сяргей Румас пакінуў пасаду прэмʼер-міністра Беларусі ў чэрвені 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка абнавіў склад ураду.
АД, belsat.eu