Ці ёсць у Беларусі сфера з мінімізаванымі карупцыйнымі рызыкамі? Як паказвае практыка, меліярацыя да такіх дакладна не адносіцца. Агулам жа для дзяржаўных структураў Беларусі канфлікт інтарэсаў тыповы.
Меліяратар-манапаліст у Беларусі – Дзяржаўнае абʼяднанне меліярацыі зямель, воднай і рыбнай гаспадаркі «Белводгас». Паводле звестак электроннай гандлёвай пляцоўкі goszakupki.by, са студзеня да кастрычніка 2020 года арганізацыя замовіла 22 аўкцыёны з сумарнаю колькасць лотаў – 178 на агульную суму больш як Br 31 млн. Паглядзім, якія парушэнні былі дапушчаныя падчас закупаў.
Гэтак, 12 лютага 2020 года прайшоў аўкцыён auc0000039247, які ўключаў у сябе 16 лотаў, па адным для кожнага з 16 раёнаў Берасцейшчыны, на агульную суму звыш Br 8 млн. Самым «дарагім» стаў лот № 14 на працы ў Пінскім раёне з заяўленым арыентаваным коштам Br 1 669 060 і пачатковым – Br 1 451 356,52. Падчас гандляванняў кошт паступова паніжаўся, і ў выніку перамагло Пінскае ПМС (прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў) з коштам Br 1 448 453,04, або Br 1 665 721,00 з улікам прэфпапраўкі. Дамову заключылі на Br 1 665 721,00, а гэта найгрубейшае парушэнне.
Рэч у тым, што пастаўляльнікі беларускіх тавараў маюць права на прэферэнцыі 15 % ад кошту для таго, каб атрымаць канкурэнтную перавагу перад замежнікамі. Гэта значыць цана, за якую пастаўляльнік гатовы прадаць неабходны тавар беларускай вытворчасці, у заяўцы пры параўнанні з іншымі кандыдатамі памяншаецца на 15 % (ці нават на 25 %, калі больш за палову работнікаў арганізацыі – інваліды). Пры заключэнні дамовы прэферэнцыя ўжо не ўлічваецца, то бок рэальнай зніжкі 15 % ці 25 % пастаўляльнік не дае, але ягоная прапанова ў параўнанні з іншымі ўдзельнікамі гандляванняў выглядае нашмат больш выгаднай. Гэта падтрымлівае мясцовых вытворцаў, тады як пастаўляльнікі імпартных тавараў могуць выйграць тэндар, толькі калі кошт на ягоныя тавары не менш чым на 15 % ніжэйшы за кошт на «сваю» прадукцыю.
Затым на падставе змены рэквізітаў прадпрыемства падрадчыка (г. зн. Пінскага ПМС) бакі заключылі дадатковую дамову, ужо на Br 1 765 721,00 (плюс Br 100 000 да ранейшай цаны).
Другім паводле кошту лотам быў лот № 16 у Столінскім раёне. Як відаць з хады гандляванняў, Столінскае ПМС або не мела права на прэфпапраўку, або не падало своечасова неабходных дакументаў. Тым не менш, яно выйграла і заключыла дамову на Br 1 002 028,00 (гэта значыць, з улікам 15 % папраўкі). Пазней, у сувязі са «змяненнем рэквізітаў падрадчыка» была заключаная дадатковая дамова на Br 1 100 028,00 (плюс Br 98 000 да ранейшай цаны).
У той час раённым ПМС чамусьці рэзка давялося змяняць рэквізіты. Дадатковыя пагадненні з ростам цаны за паслугі былі заключаны яшчэ паводле шэрагу лотаў: № 8 (Івацэвіцкі раён) – плюс Br 60 000 да першапачатковага кошту, № 7 (Іванаўскі раён) – плюс Br 53 490, № 5 (Драгічынскі раён) – плюс Br 50 000, № 6 (Жабінкаўскі раён) – плюс Br 15 000 і Br 225,62.
Усе гэтыя ПМС уваходзяць у структуру дзяржаўнага абʼяднання «Берасцемеліяводгас». Пры гэтым пераможцам на гандляваннях у кожным з раёнаў Берасцейшчыны, акрамя Жабінкаўскага, было ПМС, размешчанае ў тым жа раёне: Пінскае – у Пінскім, Кобрынскае – у Кобрынскім і г. д., хоць у гандляваннях удзельнічалі і суседнія ПМС. Напрыклад, Пінскае канкуравала са Столінскім.
У аўкцыёне auc0000063181 перамогу святкаваў Пінскводбуд, што ўваходзіць у структуру арганізатара гандляванняў. Дамову таксама заключылі на суму з прэфпапраўкай. У аўкцыёнах auc0000041955 у двух лотах дамову падпісалі на суму з прэфпапраўкай, а яшчэ ў двух – з прэфпапраўкай плюс Br 16 000 і плюс Br 698,1.
На Віцебшчыне «Белводгас» правёў 7 аўкцыёнаў з 47 лотамі на больш як Br 8 млн. Два аўкцыёны (auc0000065795 і auc0000065761) выйграў Полацкі камбінат хлебапрадуктаў, які ўваходзіць у склад Віцебскага канцэрну «Мяса-малочныя прадукты» і, паводле інфармацыі з сайту прадпрыемства, не займаецца меліярацыяй. У склад Полацкага камбінату хлебапрадуктаў уваходзіць філіял «Маяк-Ушацкі», акрэдытаваны на выкананне неабходных работ, але незразумела, чаму ў гандляваннях удзельнічаў сам камбінат, а не яго філіял. Магчыма, на момант правядзення аўкцыёну ў канцы лютага – пачатку сакавіка 2020 года філіял меў запазычанасць, якая не дазваляла яму ўдзельнічаць у аўкцыёне. У кастрычніку на сайце bankrot.gov.by быў апублікаваны лот на продаж філіялу.
У пераважнай большасці віцебскіх лотаў (37 з 47) перамагло КУП будаўніцтва і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэмаў «Віцебскмеліяводгас» – кіроўная кампанія холдынгу «ВіцМелія». Пры гэтым у 32 з 37 выйграных лотаў у выніку падпісваліся адно або некалькі дадатковых пагадненняў (напрыклад, з прычыны змены рэквізітаў прадпрыемства або павелічэння абʼёму працаў), што павялічвала суму, прапісаную ў дамове па выніках гандляванняў. Гэтак, напрыклад, пасля аўкцыёну auc0000038787 дадатковае пагадненне павялічыла выніковую суму на Br 20 000.
На Гомельшчыне «Белводгас» правёў тры аўкцыёны з 26 лотамі на больш як Br 4,5 млн. Гэтак, на аўкцыёне auc0000042526 былі выстаўленыя два лоты: выкананне работ (паслуг) для эксплуатацыі і абслугоўвання на сажалках у ААТ «Вопытны рыбгас «Белае» Жыткавіцкага раёну (лот № 1) і на сажалках у ААТ «Рыбгас «Трэмля» Петрыкаўскага раёну (лот № 2). Гандляванні на абодвух выйграла РУП «Калінкавічывадбуд», што ўваходзіць у структуру арганізатара гандляванняў – «Белводгасу». Туды ж уваходзіць і рыбгас «Трэмля». Акрамя таго, «Белводгас» зʼяўляецца балансатрымальнікам вопытнага рыбгасу «Белае». Такім чынам, і пераможца гандляванняў, і рыбгасы, дзе трэба было правесці працы, былі звязаныя з арганізатарам гандляванняў. Адносна лоту № 1 пасля завяршэння гандляванняў таксама падпісалі дадатковыя пагадненні, што дадалі да выніковых Br 176 646 яшчэ Br 4100.
На Гарадзеншчыне «Белводгас» зладзіў 3 аўкцыёны з 19 лотамі на больш як Br 3 млн. Самым буйным з іх быў аўкцыён auc0000038722, які ўключаў 17 лотаў. Тут, у адрозненне ад падобных аўкцыёнаў на Гомельшчыне, Віцебшчыне і Берасцейшчыне, дамоваў на сумы з прэфпапраўкай не падпісвалі. Але ў гандляваннях удзельнічалі і перамагалі або непасрэдна «Гораднямеліяводгас» або прадпрыемствы з яго структуры.
На Магілёўшчыне на аўкцыёне auc0000040377 паводле 16 лотаў з 20 дамовы заключаліся на суму з улікам прэфпапраўкі. Да аднаго лоту канчатковая сума вырасла на Br 11 474,9. Усе ПМК-пераможцы ўваходзяць у структуру ААТ «Кіроўная кампанія холдынгу «Магілёўвадбуд».
А ў Менскай вобласці ва ўсіх 16 лотах аўкцыёну auc0000039403 «Белводгас» дамову заключаў на суму з прэфпапраўкай, а ў лоце № 9 (Лагойскі раён) і № 18 (Салігорскі раён) пазней заключылі дадатковыя пагадненні, у выніку чаго выніковая сума вырасла на Br 11 480,93 і Br 93 758 адпаведна. Пераможцы ж – падведамасныя прадпрыемствы «Менскмеліяводгасу».
Як бачым, выяўленыя парушэнні ў дзяржзакупах у сферы меліярацыі практычна ідэнтычныя ва ўсіх вобласцях краіны. Ва ўсіх рэгіёнах быў выяўлены магчымы спосаб прысваення грошай, які ўключае падпісанне дамоваў на суму з прэфпапраўкай і наступным падпісаннем дадатковых пагадненняў з яшчэ большымі сумамі. Акрамя таго, у гандляваннях удзельнічалі кампаніі, што ўваходзяць у структуру іх арганізатара.
Практыка, калі нейкая дзяржаўная ўстанова стварае свае структуры, а пасля яны ж выйграюць ейныя тэндары, –тыповая для Беларусі. Пра гэта заявіў у каментары belsat.eu кіраўнік Цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук.
«Хто-небудзь з вуліцы проста так конкурсы або тэндары не выйграе. Гэта відавочны канфлікт інтарэсаў. Сам Лукашэнка абяцаў ліквідаваць яго амаль дзесяць гадоў таму, але не крануў нічога», – адзначыў аналітык.
Паводле яго, існуе шмат прыкладаў таго, як адныя і тыя ж людзі займаюцца заканадаўствам, фінансаваннем, арганізацыяй тэндараў, кантролем або ліцэнзіямі.
Калі не забараніць органам улады рабіць бізнес, арганізоўваць свае структуры, яны будуць працягваць ствараць падобныя карупцыйныя схемы – «сярод сваіх толькі», падкрэсліў Яраслаў Раманчук.
ПС belsat.eu