«Прасцей забараніць, чым разабрацца». Улады ўзяліся змагацца з «ЧВК Рёдан», у якога нуль байцоў


Сотні затрыманых падлеткаў і ніводнага на ўсю Беларусь выпадку гвалту з боку прывіднай «ЧВК Рёдан» – што гэта было? Спыталі Спадара Джыпсінкова, які смяяўся з сітуацыі, і суполку «Ха-ха, я тут жыву!», якая склікала «р’ёданцаў» на збор у Менску і ў жарт ускладвала на «ЧВК Рёдан» атаку на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах.

Сілавік змагаецца з прывідам «ЧВК Рёдан». Выява: Midjourney / Белсат

Жарт ці не, а дзясяткі маладзёнаў, якіх западозрылі ў датычнасці да «ЧВК Рёдан», затрымлівалі ў Берасці, Воршы, Гомлі, Менску… З затрыманымі здымаюць «пакаянныя відэа», пагражаюць пастаноўкай на ўлік і нават калоніяй. Супраць «ЧВК Рёдан» паўсталі шматлікія сілавікі, Міністэрства ўнутраных справаў і асабіста міністр Іван Кубракоў, Генпракуратура, БРСМ (які, дарэчы, мае зусім не прывіднае «сілавое крыло»), ідэолагі

Хоць увага да «ЧВК Рёдан» з’явілася пасля бойкі з каляфутбольнымі фанатамі («офнікамі») ў расейскім Санкт-Пецярбурзе, у беларускіх навінах не ўдалося знайсці ніякіх згадак пра беспарадкі або хуліганства з боку «р’ёданцаў». Ды й па словах піцерскіх «р’ёданцаў», у той бойцы яны бараніліся, далі адлуп хуліганам.

Разбор
Што за «ЧВК Редан» і што з ім рабіць? Спыталі анімэ-супольнасць, сацыёлага і падлеткавага псіхолага
2023.03.01 20:21

«ЧВК» без баевікоў

ЧВК расшыфроўваецца «частная военная компания». Гэта саманазва шэрагу незаконных узброеных фармаванняў у Расеі. Найбольш вядомае з іх – «група Вагнэра», што ваюе ў Расеі і Сірыі поплеч з афіцыйным войскам, праводзіць аперацыі ў шэрагу іншых краінаў і намагаецца праславіцца максімальнай жорсткасцю. Ды ў «ЧВК Рёдан» гэтыя літары ўжылі хіба для надання пагрозлівасці назве і ў якасці жарту, калі адзін з брэндаў выпусціў адзенне ў вайсковым стылі з лагатыпам выдуманай банды «Genʼei Ryodan» з анімэ «Hunter × Hunter».

Колькі чалавек у гэтым «ЧВК» збіраюцца чыніць беспарадкі? «Нуль», – упэўнена адказвае «Белсату» прадстаўнік суполкі «Ха-ха, я тут жыву!».

«Нуль чалавек збіраецца чыніць беспарадкі. «ЧВК Рёдан» не існуе, – запэўнівае «Ха-ха, я тут жыву!». – Гэтая з’ява ўзнікла праз поўнае неразуменне паміж моладдзю і ўладай. У нейкім расейскім ГЦ школьнікі-нефармалы далі адлуп быдлу, якія да іх прыставалі. Затым быдла вырашыла адпомсціць, але зноў было пабітае. У TikTok школьнікаў-нефармалаў ахрысцілі «ЧВК Рёдан»: маўляў яны збіраюцца даваць адлуп афнікам і замежнікам. У рэальнасці не было такіх групаў.

Затым расейскія чынушы паднялі лямант аб небяспечных арганізацыях, за імі выццё паднялі ўкраінскія і беларускія калегі па ўладзе. За імі ў паніку пусціліся СМІ ўсіх масцей. У рэальнасці ў ГЦ збіраліся школьнікі, якія хацелі паглядзець на гэтых р’ёданцаў, іх мянты і затрымлівалі».

Тую ж лічбу – нуль – называе беларускі блогер, вядомы ў Twitter як «Спадар Джыпсінкоў». Ён перакананы, што «ЧВК Рёдан» не зможа нават справакаваць на дзеянні кагосьці, хто даўно хацеў пахуліганіць – напрыклад, падпаліць сметніцу – і шукаў нагоды.

«Увесь канфлікт дзяржавы і гэтага «руху» – гэта проста гісторыя пра тое, што дзяржава ментальна засталася далёка ў мінулым, а дзеці жывуць зараз, і гэта два розныя светы. І першы не разумее другі», – перакананы Джыпсінкоў.

Дзяржава за гэта сур’ёзна ўзялася?

Абодва суразмоўцы лічаць, што так.

«Дзяржава па інерцыі ўжывае метады, якія ўжываюць да пратэсту, да ўсяго астатняга, – адказвае Джыпсінкоў. – У тым ліку і дзіцячы мэм пра «Р’ёдан» на ўсялякі выпадак зачышчаецца з усёй сілы. Адпаведна, і наступствы для ўсіх удзельнікаў могуць быць такія ж. і Вядома, дзяржава перастаралася, але інакш яна ўжо і не ўмее. Ну, проста такія зараз часы. Гэта было непазбежна, улічваючы абраны дзяржаўны курс».

Тое ж кажа і «Ха-ха, я тут жыву»:

«Даволі сур’ёзна, улічваючы, што дзяржава не разумее, з чым яна мае справу, – лічыць «Ха-ха, я тут жыву!». – Але па звычцы імкнецца дзейнічаць знаёмымі метадамі: нешта незразумелае, што можа быць небяспечна – трэба выкрыць і забараніць».

У суполцы заяўляюць, што і фіджэт-спінеры «ў іх былі спосабам Захаду кантраляваць розум моладзі». Менавіта такіх каментароў з боку беларускіх чыноўнікаў нам не ўдалося адшукаць, але ў расейскіх дзяржаўных медыях абураліся тым, што спінеры «адцягваюць увагу ад навучальнага працэсу», і сур’ёзна збіраліся вывучаць уплыў гэтых цацак на здароўе дзяцей.

Чаму гэты мэм стаў такім папулярным?

«Вельмі проста – гэта TikTok, – тлумачыць Джыпсінкоў. – Гэта імгненны распаўсюд на шматмільённую аўдыторыю ў зручным фармаце. А сама сітуацыя, якая нарадзіла гэтую гісторыю, дастаткова падыходзіць для распаўсюджвання. Маладыя хлопцы, якія проста выглядаюць не як традыцыйнае быдла, былі пакрыўджаныя гэтым самым быдлам, але змаглі пастаяць за сябе, чым натхнілі астатніх.

Гісторыя прыгожая. Таму мэм стаў звышпапулярным. Ну а дзяржава, як звычайна, падышла да сітуацыі з пункту гледжання «прасцей забараніць, чым разабрацца, ды і гопнікі нам раднейшыя і больш зразумелыя». У цэлым гэта проста прыкол, які праз ланцужок выпадковасцяў патрапіў у фокус дзяржавы, адсюль і ўся сітуацыя».

Супраць чаго пратэст?

«Ха-ха, я тут жыву!» не ўтойвае, што заклікала «р’ёданцаў» на акцыю ў Менску – на старонцы дагэтуль і заклікі, і «кіраванне натоўпам», і жартаўлівыя каментары ад імя Макса Каржа і Зянона Пазняка.

«Мы заклікалі «ЧВК Рёдан» сабрацца на ГЦ «Галерэя» толькі дзеля прыколу, каб паганяць мянтоў туды сюды, бо разумелі, што нават такі жартоўны заклік будзе разгледжаны з усёй сур’ёзнасцю дубалому з МУС.

Хацелі сапсаваць вечар садысту Кубракову. Мы са сваёй мэтай справіліся.

Маладая аўдыторыя разумела, што ніхто не збярэцца і нічога не адбудзецца. Таму ў ГЦ моладзь ішла максімум паглядзець, а можа хтосьці штосьці дзесьці».

Тым часам «р’ёданцаў» у дзяржаўнай інфапрасторы падазраюць у падрыхтоўцы да ператварэння дзяцей у сапраўдных баевікоў і працягваюць запалохваць сілавікамі, а ў рэальным жыцці спрабуюць лавіць у Горадні, праводзяць «прафілактыку» ад іх у Віцебску.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў