Фестываль сучаснага беларускага мастацтву Moving Art Festival, які меўся пачацца сёння, перанеслі. Пра гэта на сваім сайце напісалі арганізатары.
«Нам вельмі-вельмі цяжка казаць пра гэта… Хаця, здаецца, ужо б пара прывыкнуць, што заўтра можа адбыцца што заўгодна…» – адзначылі ў паведамленні.
Фестываль меўся адбыцца на тэрыторыі прасторы MAF (завод «Гарызонт»), але з панядзелка арганізатарам па нейкіх прычынах абмежавалі доступ у памяшканне. Нягледзячы на гэта, у пятніцу ў іх усё было гатовае, аднак дзверы прасторы ім так і не адкрылі.
Дзіўна, але пры ўсім ціску арганізатары «знайшлі рашэнне канфлікту ў прававым полі». Для рыхтавання фестывалю ім трэба два тыдні.
«Так выглядае кашмар любога арганізатара», – дадаюць на сайце.
Фестываль, як і планавалася, расцягнецца на некалькі выходных, але з новымі датамі – 20, 27 сакавіка і 3, 9 красавіка.
Moving Art Festival – гэта першая ў Беларусі пляцоўка, дзе ў розных лакацыях сканцэнтраваныя напрамкі сучаснага мастацтва розных жанраў. Па ўваходным білеце на пляцоўцы MAF можна будзе наведаць усе лакацыі: пабываць на тэатральнай пастаноўцы, прыняць удзел у майстар-класах і працоўнях, паслухаць цікавую лекцыю, паглядзець і купіць працы мастакоў, пабываць на інструментальным канцэрце або патанчыць да раніцы.
ЯП belsat.eu