СМІ: Лукашэнка зарабляе мільёны долараў на кантрабандзе тытуню ў Велікабрытанію


Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае нажывацца на продажы тытуню ў Велікабрытаніі, нягледзячы на міжнародныя санкцыі. Так, нацыянальная статыстычная служба (НСС) Велікабрытаніі лічыць Беларусь адным з асноўных пастаўшчыкоў на брытанскі рынак нелегальных тытунёвых вырабаў, піша выданне inews.co.uk.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Афіцыйныя звесткі брытанскага ўрада аб гандлі паказваюць, што ў ліпені 2022 года – чэрвені 2023-га Велікабрытанія імпартавала з Беларусі «напоі і тытунь» на суму 161,6 млн фунтаў стэрлінгаў (больш за 202 млн долараў), што склала 96 % усіх беларускіх паставак у гэтую краіну.

Пры гэтым, паводле папярэдніх падлікаў статыстычнай службы, першапачатковы аб’ём імпартаваных з Беларусі «напояў і тытуню» у азначаны перыяд ацэньваўся на ўзроўні 451 млн фунтаў стэрлінгаў (адпаведна больш за 567 млн долараў). Пазней ведамства перагледзела суму ў бок змяншэння ў сувязі з «абнаўленнем крыніцы дадзеных», якая адсочвае адпаведныя пастаўкі. Прычынай карэкціроўкі стала закрыццё «пасля пачатку вайны ва Украіне» пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай і беларуска-латвійскай межах, праз якія ішоў «асноўны паток кантрабанды».

Міністэрства прадпрымальніцтва і гандлю і Упраўленне нацыянальнай статыстыкі Велікабрытаніі, якое збірае даныя аб гандлі, адмовіліся раскрыць інфармацыю пра тое, якую долю з названай сумы складае незаконны ўвоз тытуню. Разам з тым, паводле даных «HM Revenue & Customs», Велікабрытанія губляе каля 2,8 млрд фунтаў стэрлінгаў (3,5 млрд долараў) на год праз нявыплату падаткаў з-за кантрабанднага тытуню.

У артыкуле брытанскага СМІ Аляксандр Лукашэнка называецца «галоўным саюзнікам Уладзіміра Пуціна». Сцвярджаецца, што на кантрабандзе тытуню ў Велікабрытанію ён «зарабляе дзясяткі мільёнаў».

Выданне адзначае, што праваабаронцы і ўрады заходніх краін неаднаразова абвінавачвалі Аляксандра Лукашэнку ў тым, што ён выкарыстоўвае людзей са свайго атачэння «у якасці «кашалькоў» для папаўнення казны сваёй сям’і і фінансавання рэпрэсій». Сярод такіх людзей называюцца ўладальнікі кампаніі «Тытунь-Інвест» Павел Тапузідзіс і Віктар Пятровіч, якія з’яўляюцца аднымі з найбагацейшых людзей краіны і знаходзяцца пад санкцыямі ЗША з 5 снежня 2023 года. Яны валодаюць ТАА «Тытунь Інвест», якое да 2017 года было адзіным прыватным вытворцам тытуню ў Беларусі і вырабляла каля 30 % ад агульнага аб’ёму прадукцыі ў Беларусі.

Беларусь доўгі час лічылася адной з найбуйнейшых у свеце крыніц кантрабандных цыгарэт і тытунёвых вырабаў. У 2021 годзе мытнае ўпраўленне Літвы заявіла, што, паводле яго ацэнак, 80 % з 328 мільёнаў кантрабандных цыгарэт, канфіскаваных ім у 2023 годзе, былі зроблены ў Беларусі. Паводле іншай ацэнкі, каля 10 % нелегальнага тытуню, які паступае ў Велікабрытанію, паступае з Беларусі.

31 студзеня Літоўская мытная служба заявіла аб значным скарачэнні (з 4,3 да 2,5 млн пачкаў) колькасці перахопленых на мяжы з Беларуссю кантрабандных цыгарэт у 2023 годзе ў параўнанні з 2022-м.

Hавiны
Літоўскія памежнікі расказалі пра наплыў «крыгаў», начыненых беларускімі цыгарэтамі
2024.01.27 10:31

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў