8 лютага ў Каардынацыйнай рады канчаюцца паўнамоцтвы. Калі і як пройдуць выбары?


Ці патрэбная беларускаму грамадству Каардынацыйная рада? А калі так, то ў якім выглядзе? І калі ўжо адбудуцца выбары, пра якія было абвешчана ў 2023 годзе? Дыскусія аб гэтым прайшла 6 лютага ў эфіры «Студыі Белсат» з нагоды заяваў былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча пра наяўнасць ў КР «небеларускіх сілаў», якія б хацелі адхіліць Святлану Ціханоўскую.

Алена Жываглод і Павел Латушка ў «Студыі Белсат». Скрыншот з відэа:
БЕЛСАТ NEWS / Youtube

Віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Алена Жываглод не бачыць тэндэнцыяў сярод чальцоў КР «на змясціць, памяняць» Святлану Ціханоўскую. На яе думку, ніхто з чальцоў КР не ставяць пад пытанне значнасць і ролю Святланы Ціханоўскай, якія «не вымерныя».

«Цалкам упэўненая, што Каардынацыйная рады сёння – гэта беларускія сілы. І чальцы Каардынацыйнай рады дзейнічаюць у інтарэсах беларусаў», – заявіла Жываглод.

Тым не менш, паводле яе, КР узяла на сябе функцыю грамадзянскага кантролю за Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінетам. Але, прызнала Жываглод, аб’ём гэтай дзейнасці выявіўся надзвычай высокім у параўнанні з іншай дзейнасцю структуры.

КР патрэбная, але не ў такім выглядзе?

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў сваю чаргу адзначыў, што такі орган, як Каардынацыйная рада, «напэўна, патрэбны». Але не ў такім выглядзе, як КР існуе сёння.

«Праблема заключаецца ў тым, што ён не з’яўляецца прадстаўнічым органам беларускага грамадства, беларускага народу. І гэтую праблему можа вырашыць толькі адзін спосаб – гэта выбары чальцоў Каардынацыйнай рады. Не самапрызначэнне, не акрэсленне іншымі структурамі кагосьці ў гэты склад, а менавіта выбары», – сказаў ён.

Латушка адзначыў, што Каардынацыйная рада «ставіць перашкоды», каб беларусы не маглі выбраць сваіх прадстаўнікоў у КР. Замест гэтага, паводле яго, «ствараюцца нейкія схемы з абумоўленасцямі».

«Трэба ісці на нармальныя, самыя празрыстыя, самыя дэмакратычныя, апрацаваныя ўжо гісторыяй дэмакратычных парламентаў, выбары», – заявіў Латушка.

І тады ўжо, паводле яго, будзе воля беларусаў абраць тых, хто падтрымае ці не Ціханоўскую і Кабінет. Тыя ж, хто выступае за складаную сістэму галасавання для выбарцаў, сказаў Латушка, паўтарае гісторыю ранейшых складаў КР, якія «прадэманстравалі сваю неэфектыўнасць у функцыянаванні».

Hавiны
«Кожны выбаршчык мае адзін голас». Аб’яднаны пераходны кабінет – пра выбары ў Каардынацыйную Раду
2023.12.20 20:10

У сваю чаргу Жываглод адзначыла, што КР прагаласаваў за такую працэдуру выбараў, якую Латушка назваў «схемамі», і зараз ідуць перамовы пра яе спрашчэнне.

«Я думаю, гэта паказнік таго, што Каардынацыйная рада пачула і палітыкаў, і беларускае грамадства пра тое, што прапанаваная выбарчая сістэма не выглядае як аптымальная сёння», – заявіла яна.

Жываглод мяркуе, што выбары можна правесці ўлетку, але пакуль арганізацыйна для гэтага нічога не зроблена. Ранейшае правядзенне пагражае шкодай кансэнсусу вядучых палітычных актараў або інфармаванасці або прапрацаванасці тэхналагічнага рашэння, сказала яна.

Латушка адзначыў, што ўжо 8 лютага Каардынацыйная рада страчвае свае паўнамоцтвы. Але Жываглод адзначыла, што чальцы КР могуць прагаласаваць за іх працягненне.

«Небеларускія сілы» ў КР?

Былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года, цяперашні пазаштатны дарадца Ціханоўскай у пытаннях рэалізацыі еўрапейскага выбару Беларусі Аляксандар Мілінкевіч у інтэрв’ю радыё «Свабода» заявіў, што цяпер адбываецца «спроба небеларускіх сілаў адхіліць Ціханоўскую з дапамогай Каардынацыйнай рады».

Паводле яго, у Крамлі разумеюць важнасць Беларусі для таго, каб захаваць пасля страты Украіны хоць бы які аскепак «русского мира». І гэтаму спрыяе рэгламент КР, які дазваляе яму «кантраляваць Святлану Ціханоўскую і міністраў, як прапаноўваць ім і даваць рэкамендацыі, каго і кім прызначаць, і апошняе – калі не будуць слухацца, то адхіліць».

«Я проста кажу, што дзеянні пэўных людзей не на карысць Беларусі. Гэта я называю небеларускімі сіламі. Можа, не хапае розуму. Можа, сапраўды дзіцячыя такія гульні. Можа быць, прага да кіравання. «Хачу паруліць». Могуць быць розныя інтэнцыі, але тое, што напісана ў рэгламенце, мяне вельмі непакоіць. Я скажу, чаму. Калі ліквідаваць Ціханоўскую, калі яе не будзе, то не будзе легітымнага беларускага прадстаўніцтва ў свеце. Яна здабыла легітымнасць таму, што за яе прагаласавалі. Каго б мы прыгожага, самага разумнага не выбралі новага, ён легітымнасці Ціханоўскай не дасягне. А нам дзеля захавання незалежнасці суперважная легітымнасць Ціханоўскай. І яна прызнаная ва ўсім дэмакратычным свеце», – сказаў Мілінкевіч.

Мілінкевіч таксама лічыць небяспечным прадстаўленне ж Каардынацыйнай рады як нібыта парламента, бо, на яго думку, «гэта інфантыльная гульня ў палітыку», бо «зараз выбіраць парламент у прынцыпе немагчыма». На яго думку, «слова «парламент» трэба проста забыць, бо парламент прызначае ўрад».

Каментар
Што не так з Каардынацыйнаю радаю? За месяц пайшлі васьмёра дэлегатаў, ёсць петыцыя за роспуск
2024.01.05 16:48

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў