news
Разбор
Ад міжнароднай абароны да пашпарта пасля нараджэння: як беларусам легалізаваць дзіця ў розных краінах?
Як атрымаць дакументы нованароджаным і дзецям, у якіх скончыўся пашпарт?
07.02.202407:18

Пытанне легалізацыі народжаных за мяжой дзяцей было няпростым для беларусаў і раней. Першы пашпарт амбасады Беларусі не выдавалі і да «консульскага ўказу» №278. Пасля яго выхаду ў няпростай сітуацыі апынуліся і дзеці беларускіх эмігрантаў, у якіх скончыўся пашпарт. Мы высветлілі, як праблему дакументаў для дзіцяці можна вырашыць у Польшчы, Літве, Украіне, Грузіі ды Аргентыне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міжнародная акцыя «Дзень салідарнасці» адбылася ў Вільні ў трэцюю гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Фота: Белсат

Польшча

Пра легалізацыю дзяцей у Польшчы мы запыталіся ў кіраўніцы аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці Вольгі Дабравольскай.

Разгледзім дзве сітуацыі: калі дзіця нарадзілася ў Польшчы і не мела ніякага пашпарту і калі дзіця прыехала з беларускім пашпартам, але ён скончыўся.

Калі дзіця нарадзілася ў Польшчы

Міжнародная абарона

Калі дзіця нарадзілася ў Польшчы, перш за ўсё трэба ўзяць пасведчанне аб яго нараджэнні, нумар PESEL пры гэтым выдадуць аўтаматычна. Далей ёсць два шляхі легалізацыі і залежаць яны ад статусу бацькоў, кажа Вольга Дабравольская.

Першы – даволі просты, лагічны і стратэгічна добры, паводле юрысткі, варыянт для беларусаў, якія не могуць паехаць на радзіму праз небяспеку рэпрэсіяў – міжнародная абарона. Калі бацькі ўжо знаходзяцца пад абаронай, ім трэба падаць заяву на нованароджанае дзіця і ў дачыненні да яго распачнецца асобны працэс. Таксама ў любы момант можна падацца ўсёй сям’ёй.

Па выніках прашэння ў Польшчы можна атрымаць статус уцекача ці дадатковую абарону. Такі ж статус і ўсе адпаведныя дакументы атрымае і дзіця. Разам са статусам уцекача даюць карту знаходжання тэрмінам на тры гады. Таксама будзе выдадзены праязны дакумент уцекача (так званы «жэнеўскі пашпарт»), які можа замяніць нацыянальны беларускі падчас падарожжаў за мяжу. Тэрмін яго дзеяння – 2 гады.

Hавiны
ЦБС: Беларусы ў Польшчы могуць выкарыстоўваць праязны дакумент замест пашпарту
2023.12.13 22:05

Іншая форма міжнароднай абароны – дадатковая абарона: у гэтым выпадку карту знаходжання дадуць на два гады, і можна будзе атрымаць польскі праязны дакумент для іншаземца, калі тэрмін беларускага пашпарту скончыцца («пашпарт замежніка»).

«Міжнародная ахова добрая тым, што яна фактычна бестэрміновая, то бок, звязана з пераменамі ў краіне, з якой вы ўцяклі (дадатковая ахова), і знікненнем небяспекі і пераследу для вас (статус уцекача), а калі такія перамены адбудуцца, ніхто не ведае», – зазначае Вольга Дабравольская.

Калі асоба знаходзілася на пастаяннай аснове ў Польшчы на працягу 5 гадоў у сувязі з атрыманнем міжнароднай абароны (статусу ўцекача або дадатковай аховы), можна атрымаць ПМЖ. А далей – грамадзянства. Праз не менш чым тры гады, калі чалавек знаходзіцца ў Польшчы на падставе дазволу на пастаяннае знаходжанне, на знаходжанне доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ. Праз 2 гады – пры ўмове знаходжання ў краіне на падставе статусу ўцекача.

Дазвол на жыхарства без пашпарта

Другі шлях легалізацыі – праз дазвол на жыхарства.

«Ён становіцца актуальным, калі бацькі ўжо маюць легалізацыю – ВНЖ, ПМЖ ці рэзідэнцтва ЕЗ і не хочуць ці не могуць падавацца на міжнародную абарону, – кажа Вольга. – Ды гэта не заўсёды мэтазгодна – яшчэ раз праходзіць увесь гэты шлях, калі ўжо ёсць легалізацыя. Тады трэба спрабаваць атрымаць ВНЖ ці ПМЖ для нованароджанага дзіцяці».

Атрымаць ВНЖ ці ПМЖ дзіця можа і без пашпарту, але ўсё роўна патрэбны нейкі дакумент, які будзе пацвярджаць асобу і грамадзянства, зазначае юрыстка.

«У такіх выпадках можна звярнуцца ў беларускую амбасаду і папрасіць даведку на вяртанне ў Беларусь – яна як раз пацвярджае асобу і грамадзянства, і з ёй можна падаваць дзіця на ВНЖ ці ПМЖ», – кажа юрыстка.

Hавiны
Польшча працягнула на паўгода спрошчаны парадак выдачы беларусам «замяняльніка пашпарту»
2023.12.30 15:32

Але некаторыя асобы баяцца ісці ў беларускую амбасаду, бо лічаць гэта небяспечным для сябе. Акрамя таго, юрысты цяпер асцерагаюцца, што беларускія ўлады ў нейкі момант могуць штосьці прыдумаць, што ўскладніць атрыманне такіх даведак. Каб быць падрыхтаванымі да падобных сітуацыяў і ўвогуле спрасціць легалізацыю дзяцей, з сакавіка 2022 года дзейнічае працоўная група пры МУС Польшчы. У групу ўваходзяць польскія эксперты, а беларускі бок прадстаўляюць Вольга Дабравольская і Крысціна Рыхтэр – дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях. Падчас сустрэчаў працоўнай групы падымаюцца пытанні легалізацыі дзяцей, асабліва – тых, якія ніколі не мелі ніводнага пашпарту, то бок, нарадзіліся за межамі Беларусі (напрыклад, у Польшчы)

«10 студзеня адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінету ў МУС у якой я брала ўдзел. Яшчэ да гэтай сустрэчы мы разам з Крысцінай Рыхтэр удзельнічалі ў паседжанні групы з экспертамі МУС, абмяркоўвалі магчымыя змены ў заканадаўстве, – распавядае юрыстка ЦБС. – Таксама накіроўвалі афіцыйныя лісты ад ЦБС наконт праблемаў, якія мы бачым з легалізацыяй дзяцей. Вынікам гэтых перамоваў і праведзенай працы была распрацоўка канцэпцыі для легалізацыі дзяцей беларусаў, якія ніколі не мелі пашпартоў. Пра гэта распавёў кіраўнік Упраўлення па справах іншаземцаў Яраслаў Шайнэр на сустрэчы 10 студзеня і паабяцаў, што неўзабаве яны павінны быць апублікаваныя, але пакуль дэталяў распавесці не магу. Спадзяемся, неўзабаве будуць змены, і легалізаваць дзяцей стане прасцей», – кажа юрыстка ЦБС.

Калі ў дзіцяці быў беларускі пашпарт, але скончыўся ці вось-вось скончыцца

У тым выпадку, калі ў дзіцяці быў беларускі пашпарт, але ён вось-вось скончыцца, і пры гэтым дзіця ўжо мае ВНЖ, Вольга Дабравольская раіць падрыхтаваць дакументы і падаваць заяву на атрыманне польскага праязнога дакументу ў першы дзень, калі пашпарт скончыцца. У дадзены момант колькасць польскіх праязных дакументаў абмежаваная, таму прыярытэт будзе нададзены беларусам, у якіх ужо няма дзейсных пашпартоў, зазначае экспертка.

Згодна з інтэрпрэтацыяй польскага Міністэрства ўнутраных справаў, праязны дакумент ці пашпарт замежніка пацвярджае асобу і з’яўляецца эквівалентам пашпарту, выдадзенага польскім грамадзянам. Яго можна выкарыстоўваць таксама пры падачы заявы на часовы ці пастаянны від на жыхарства, на від на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ, у адміністрацыйных органах і банках і ва ўсіх іншых выпадках, калі трэба засведчыць асобу.

«Я раю загадзя думаць пра легалізацыю дзяцей, а не ў апошні момант, звярнуцца да юрыстаў, пакуль ёсць час, – кажа Вольга. – Кансультацыя юрыста важная, бо кожны выпадак – індывідуальны. У ЦБС нашыя паслугі бясплатныя, таму чарга можа быць 2-3 тыдні, таму я і раю звяртацца загадзя. Але ў крытычных сітуацыях, калі ёсць рызыка застацца зусім без дакументаў, варта памятаць пра міжнародную абарону, якую можна атрымаць без дзейсных дакументаў і з кожнай падставай знаходжання».

Літва

З беларускімі праваабаронцамі ў Літве мы разгледзелі некалькі сцэнароў, з якімі цяпер сутыкаюцца беларусы ў гэтай краіне.

Дзіця нарадзілася ў Літве, бацькі на міжнароднай абароне.

У такой сітуацыі праваабаронцы раяць звяртацца ў дэпартамент міграцыі па кансультацыю. Магчымыя варыянты развязання праблемы будуць уключаць атрыманне дазволу на жыхарства па ўз’яднанні сям’і альбо немагчымасці вярнуцца ў краіну паходжання, а таксама падачу дакументаў на статус бежанца. Па атрыманні карткі рэзідэнта дзіцяці можна будзе аформіць пашпарт замежніка.

Дзіця нарадзілася ў Літве, бацькі на нацыянальнай візе ці на часовым дазволе на жыхарства.

Калі бацькі знаходзяцца ў Літве на гуманітарных паставах, трэба як мага хутчэй падацца на адпаведны ВНЖ, раяць праваабаронцы.

Найлепей разлічыць час так, каб атрымаць дакумент да нараджэння дзіцяці. Далей бацькі атрымліваюць пасведчанне аб нараджэнні і падаюць заяву ад імя дзіцяці на атрыманне ВНЖ па немагчымасці вярнуцца ў Беларусь у сувязі з пераследам рэжымам. Па атрыманні карткі ВНЖ можна падаць заяву ў дэпартамент міграцыі аб выдачы пашпарта замежніка ў сувязі з немагчымасцю атрымаць нацыянальны пашпарт. Варта памятаць, што неабходнасць пашпарта замежніка трэба абгрунтаваць, бо для базавых працэдур унутры Літвы дастаткова карткі рэзідэнта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Праязны дакумент Літоўскай рэспублікі.
Фота: Белсат

Уся сям’я на часовым ВНЖ, у дзіцяці сканчаецца пашпарт, яно не можа працягнуць ВНЖ

Калі падстава для ВНЖ гуманітарная, дэпартамент міграцыі выдае картку без прывязкі да дзеяння пашпарта.

«Варта падкрэсліць, што гаворка ідзе пра выпадкі, калі бацькі і дзеці не наведваюць Беларусь з-за рызыкі пераследу. У выпадку, калі сям’я перасякае мяжу, падставы для атрымання гуманітарнага ВНЖ і пашпарта замежніка губляюцца», – падкрэсліваюць праваабаронцы.

Грузія

У Грузіі з легалізацыяй дзяцей можа быць складана. Сітуацыя з нованароджанымі дзецьмі беларусаў была тут няпростай і раней, да выхаду консульскага ўказу №278, зазначае праваабаронца, кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі «Lawtrend» Вольга Смалянка.

«Дзеці, народжаныя ў Грузіі, атрымліваюць пасведчанне аб нараджэнні, але не атрымліваюць дакумент, які б пацвярджаў іх асобу як грамадзянаў Беларусі. Нованароджаным і раней першы пашпарт у амбасадах не выдавалі, за ім трэба было ехаць у Беларусь», – кажа экспертка.

Раней мы распавядалі пра беларуску Святлану, якая ў 2021 годзе нарадзіла ў Грузіі дачку. Паехаць за дакументамі для дачкі ў Беларусь гераіня нашай гісторыі не змагла – баялася, што яе затрымаюць за ўдзел у паслявыбарчых акцыях. Адзіны шлях для легалізацыі дзіцяці быў у міжнароднай абароне, на якую Святлана і падала заяву. Аднак атрымала адмову – грузінская міграцыйная служба вырашыла, што жанчына можа бяспечна вярнуцца на радзіму. Святлана падала апеляцыю, калі прыйшла чарговая адмова – яшчэ адну. На пачатак 2024 года канчатковых вынікаў разгляду скаргаў няма. Беларуска разам з сям’ёй застаецца ў Грузіі ў статусе прасіцеля прытулку.

Гісторыі
«У Беларусі вы не паўстанеце перад рэальнай небяспекаю». Грузія адмовіла ў прытулку сям’і з немаўлём
2023.05.05 07:00

Праязны дакумент ці пашпарт замежніка ў Грузіі выдаюць толькі тым, хто атрымаў міжнародную абарону ці гуманітарны статус – проста на падставе ВНЖ, як у Польшчы, тут такі дакумент атрымаць нельга. Гуманітарны статус на дадзены момант у Грузіі выдаецца найчасцей украінцам, таксама часам грамадзянам азіяцкіх краінаў – у 2023 годзе яго атрымалі, акрамя ўкраінцаў, 7 грамадзянаў Сірыі, 4 – Афганістану, і па адным грамадзяніне Емену, Іраку і Эрытрэі. Сярод атрымальнікаў такога статусу няма ніводнага беларуса.

Калі ў дзіцяці неўзабаве скончыцца пашпарт, некаторым выйсцем можа быць афармленне ВНЖ. Хоць з ім не выедзеш за мяжу, аднак на тэрыторыі Грузіі можна цалкам законна жыць. Калі дзіця вучыцца ў школе ці ходзіць у дзіцячы садок, гэта можа стаць падставай для афармлення ВНЖ, і звычайна дазвол выдаецца на год ці нават на ўвесь тэрмін навучання, нават калі пашпарт сканчаецца раней – прынамсі, пра такія выпадкі нам распавялі некалькі беларусаў. Каб аформіць ВНЖ у такім выпадку, спатрэбіцца даведка з навучальнай установы, рэгістрацыя па месцы жыхарства і выпіска з банку з пэўнай сумай (па стане на снежань 2023 года – 5000 лары (каля 1850$) на дзіця).

«Вельмі хацелася б, каб было вырашанае пытанне ў Грузіі з праязнымі дакументамі, бо, напрыклад, падавацца на міжнародную абарону і атрымліваць пашпарт уцекача хочуць не ўсе, бо для некаторы гэта цяжка псіхалагічна, не ва ўсіх ёсць дакументы, якія пацвярджаюць пераслед у Беларусі, – кажа Вольга Смалянка. – Акрамя таго, Грузія – невялікая краіна, і таму чакаць масавай выдачы прытулку для беларусаў не варта».

Разбор
Чакаць пераменаў ці падавацца на ўцякацтва? Што рабіць, калі сканчаецца пашпарт, распавядае юрыстка
2023.09.21 08:00

Аб’яднаны пераходны кабінет неаднаразова заяўляў, што спрабуе наладзіць камунікацыю з уладамі Грузіі, каб паспрыяць вырашэнню праблемаў з легалізацыяй, якія ўзніклі ў беларусаў пасля забароны абмену пашпартоў за мяжой. Такі ж дыялог намагаюцца ініцыяваць і прадстаўнікі беларускай дыяспары, аднак пакуль што нейкіх дакладных пазітыўных зрухаў няма. Таму ўсё больш беларусаў шукаюць магчымасці з’ехаць з Грузіі.

Украіна

Ва Украіне пры немагчымасці выезду ў Беларусь найпрасцей легалізаваць нованароджанае дзіця ці тое, у якога скончыўся пашпарт, праз працэдуру міжнароднай абароны. Ва ўсіх астатніх выпадках трэба выехаць на тэрыторыю Беларусі і аформіць там дакументы, кажа Алена Юркіна, адвакатка, начальніца службы прававой дапамогі Free Belarus Centre.

«Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны даволі паслядоўна лічыць, што калі ў чалавека ёсць падставы асцерагацца вяртання ў Беларусь, ён мае права на атрыманне міжнароднай абароны ва Украіне. Ва ўсіх іншых выпадках – у агульным парадку – чалавек мусіць выехаць у Беларусь для атрымання пашпарту», – кажа экспертка.

З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне няма беларускага консульства, таму да выхаду ўказу №278 беларусы вырашалі пытанні з дакументамі ў консульствах у іншых краінах – Малдове, Турцыі і т.п. Цяпер жа адзіная магчымасць – ехаць у Беларусь. Але за атрыманнем даведкі на вяртанне ў выпадку адсутнасці пашпарту ўсё гэтак жа трэба выехаць у іншую краіну, дзе ёсць беларускае консульства.

«У нас пакуль не было такіх кейсаў пасля верасня 2023 года, але па досведзе папярэдніх гадоў магу сказаць, што адзіны працоўны механізм у выпадку немагчымасці вяртання ў Беларусь – звяртацца па міжнародную абарону», – кажа Алена Юркіна.

Сітуацыя з прадстаўленнем абароны беларусам ва Украіне змяняецца ў пазітыўны бок, зазначае адвакатка. Калі на працягу шасці месяцаў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны дакументы на абарону ўвогуле не прымаліся ад грамадзянаў Беларусі, то сёння яны прымаюцца. Так, усцяж часта бываюць адмовы, і ў такіх выпадках адвакатка раіць праяўляць настойлівасць, пісьмова фіксаваць факт звяртання ў дзяржаўную міграцыйную службу, і калі гэта не дае ніякага выніку, аж да падачы пазоваў на Дзяржаўную міграцыйную службу аб бяздзеянні.

«Але на сёння шмат пазітыўных вынікаў – і прыёму дакументаў, і пазітыўных рашэнняў аб наданні міжнароднай абароны і нават атрымання праязнога дакументу ўцекача», – кажа спадарыня Алена.

Інтэрв’ю
Ці выдасць Украіна беларусам «пашпарты неграмадзянаў»?
2023.09.23 10:00

Яшчэ адзін шлях легалізацыі нованароджанага – атрыманне грамадзянства. Дзіця, якое нараджаецца на тэрыторыі Украіны і чые бацькі ў момант яго нараджэння законна знаходзіліся ў краіне, можа прэтэндаваць на ўкраінскі пашпарт. Такое ж права ў яго ёсць, калі адзін з бацькоў мае ўкраінскае грамадзянства, і тады не мае значэння месца нараджэння. Аднак, паводле Алены Юрчанка, цяпер ва Украіне моцна зацягнутыя тэрміны разгляду заяваў на грамадзянства – ёсць людзі, якія чакаюць па 3-4 гады, але гэтая сістэмная праблема пачалася яшчэ пасля вайны.

У беларусаў, якія не могуць выехаць на радзіму, для атрымання грамадзянства ёсць яшчэ адна сур’ёзная перашкода – цяпер, каб адмовіцца ад беларускага грамадзянства, трэба абавязкова ехаць у Беларусь. Раней паміж Украінай і Беларуссю дзейнічала пагадненне аб спрошчаным выхадзе з папярэдняга грамадзянства – нават у консульства не трэба было звяртацца, можна было проста здаць пашпарт у міграцыйную службу, а далей яны ўжо самі ў рамках пагаднення ўсё вырашалі. Але цяпер гэтыя працэдуры не працуюць, і больш за тое – згодна з указам №278, беларусы не могуць выйсці з іншага грамадзянства за мяжой.

Аргентына

Аргентына стала адным з папулярных кірункаў для эміграцыі ў беларусаў і расейцаў у апошнія гады, бо там ёсць варыянт даволі хутка атрымаць пашпарт – калі нарадзіць дзіця. Кожны народжаны ў Аргентыне атрымлівае аргентынскае грамадзянства па праву глебы. Разам з дзіцём пашпарт пазней могуць атрымаць і ягоныя бацькі. Аргентынскі пашпарт – адзін з самых моцных у свеце.

Клініка, у якой нарадзілася дзіця, выдае пасведчанне аб нараджэнні. На падставе яго цягам 1-1,5 месяцаў дзіця атрымлівае пашпарт. Потым на гэтай падставе бацькі могуць аформіць ПМЖ (пры ўмове наяўнасці рэгістрацыі па месцы жыхарства) і далей таксама прэтэндаваць на грамадзянства.

Падаваць запыт на грамадзянства можна адразу пасля атрымання ПМЖ. Дзеля гэтага трэба звярнуцца ў федэральны суд па месцы пражывання. З дакументаў трэба прыкласці пацвярджэнне даходу і даведку аб адсутнасці судзімасці ў Аргентыне і краіне паходжання.

Аналітыка
Пашпарт Новай Беларусі: чаму першыя ў чарзе – беларусы з легалізацыяй, і што рабіць тым, хто яе не мае?
2024.02.01 09:38

Тэрміны разгляду – ад 9 месяцаў. Пасля атрымання ўхвалення ад уладаў заяўніка ўносяць у Нацыянальны рэестр асобаў (RENAPER). Далей замежнік мусіць прынесці прысягу на іспанскай мове, пасля чаго атрымлівае Carta de Ciudadania – гэты дакумент пацвярджае статус грамадзяніна. Далей у Цэнтры дакументацыі RENAPER афармаляецца заяўка на атрыманне аргентынскай ID-карты (унутраны пашпарт). Для атрымання замежнага пашпарту трэба запоўніць анкету на сайце argentina.gob.ar.

У Аргентыне не забараняецца мець другое грамадзянства, таму пры атрыманні пашпарту не трэба адмаўляцца ад свайго папярэдняга.

Акрамя Аргентыны, папулярнай краінай для родаў у Лацінскай Амерыцы з’яўляецца Чылі. Народжаныя там таксама атрымліваюць грамадзянства па праву глебы, бацькі гэтак жа могуць потым прэтэндаваць на пашпарт. Грамадзянам Чылі не патрэбная віза ў ЗША і Канаду (аргентынцам патрэбная, выдаецца часта адразу на 10 гадоў).

Ганна Ганчар belsat.eu