Навошта ў Беларусі прынялі законы пра канфіскацыю маёмасці – і як ад гэтага абараніцца?


За адзін дзень 6 студзеня ў Беларусі былі апублікаваныя законы аб канфіскацыі маёмасці і аб часовым кіраванні замежнымі кампаніямі, а таксама закон аб легалізацыі пірацкага кантэнту і ўвозу тавараў без згоды праваўладальніка. На дзень раней «узаконілі» пазбаўленне грамадзянства, хоць тое па-ранейшаму забаронена Канстытуцыяй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Участковы міліцыянт з Рэчыцы.
Фота: Ігар Грышкевіч / gp.by

Што гэта значыць і чаго чакаць, «Белсат» спытаў у юрысткі Крысціны Рыхтэр – дарадцы ў прававых пытаннях Офісу Святланы Ціханоўскай. Яна прапаноўвае разглядаць у сукупнасці законы «Аб выманні маёмасці» і «Аб пытаннях перадачы пад часовае вонкавае кіраванне».

Што ў каго адбяруць

Фармулёўкі ў законах вельмі недакладныя. Але прынамсі зразумела, каго гэта будзе датычыць. Перадаваць пад часовае кіраванне могуць кампаніі, акцыянерамі ці ўласнікамі маёмасці якіх ёсць замежныя грамадзяне і юрыдычныя асобы, а вымаць любую маёмасць могуць практычна ў любой юрыдычнай і фізічнай асобы.

Закон дазваляе вымаць маёмасць любой асобы, неяк афіляванай з іншай дзяржавай, якая робіць «несяброўскія дзеянні» адносна Беларусі, або наўпрост ці ўскосна ўплывае на рашэнні пра такія дзеянні. Спіс дзяржаваў, якія робяць «несяброўскія дзеянні», склалі яшчэ ўвесну мінулага года, у яго ўвайшлі краіны Еўразвязу, Швейцарыя, Аб’яднанае Каралеўства, Злучаныя Штаты і яшчэ дзевяць краінаў. Спіс «несяброўскіх дзеянняў» ніякім законам не акрэслены.

«Незразумела, як яны будуць гэты ўплыў вымяраць, як яны будуць гэтых асобаў знаходзіць і рабіць іхныя спісы. Вельмі шырока гэта можна трактаваць, – адзначае Рыхтэр. – Можна зрабіць выснову, што ідзе гаворка аб выманні маёмасці не толькі грамадзянаў Беларусі, але і грамадзянаў іншых краінаў і кампаніяў з іншых краінаў».

На думку Рыхтэр, «несяброўскія дзеянні» – гэта перадусім санкцыі, якія накладалі на Беларусь за сістэматычныя парушэнні правоў чалавека і суагрэсію ў дачыненні Украіны. Яна прагназуе: першыя суды варта чакаць адносна кампаніяў з украінскім, польскім ці літоўскім капіталам.

Юрыстка адзначае, што перадача кампаніяў пад часовае вонкавае кіраванне робіцца нібыта з добрымі намерамі: у законе пішуць, што гэта на выпадак, калі кіраванне кампаніяй закінуць або будуць наўмысна яе разбураць і весці да банкруцтва. Ды зразумела, што любая арганізацыя з замежным капіталам пад пагрозаю таго, што яе на 18 месяцаў забяруць ва ўласнікаў і аддадуць у кіраванне мясцовай улады.

Навошта гэта робіцца

Рыхтэр бачыць тры кірункі рэпрэсіўных зменаў заканадаўства:

  1. Супраць асобы: пазбаўленне грамадзянства і выманне маёмасці.
  2. Супраць грамадзянскай супольнасці: змены ў заканадаўства пра палітычныя партыі і прафсаюзы, праект зменаў закону пра грамадзянскую супольнасць.
  3. Супраць бізнесу з замежнымі інвестыцыямі або сузаснавальнікамі з замежным грамадзянствам.

На думку юрысткі, ствараецца «сістэма неафеадалізму», у якой людзей за іншадумства пазбаўляюць грамадзянскіх, палітычных і маёмасных правоў і свабодаў. Нейкай таемнай мэты ў новых законах яна не бачыць – проста ва ўладаў ёсць рэакцыя на прыняцце санкцыяў, а ў рэпрэсіўнай машыны няма тармазоў.

«Калі б прадстаўнікам рэжыму было ўсё роўна, яны, як мне падаецца, не рабілі б усё больш і больш, – разважае Рыхтэр. – Але калі яны чуюць, што зараз усё можа разваліцца… Калі вы на апошняй прыступцы, то вам падаецца, што трэба выкарыстаць усе магчымасці, што ёсць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы АМАПу робяць падарунак Цэнтру карэцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі «Веда». Берасце, Беларусь. 13 студзеня 2022 года.
Фота: mvd.gov.by

Як ад гэтага бараніцца

Працэс перадачы кампаніі пад часовае вонкавае кіраванне яшчэ не вядомы: яго мусіць цягам месяца зацвердзіць Савет Міністраў.

Тады як працэс канфіскацыі маёмасці ўжо вызначаны: спачатку рашэнне прымае Савет Міністраў, потым з гэтым рашэннем Дзяржаўны камітэт маёмасці ідзе ў Эканамічны суд Менску, а той мусіць разгледзець справу цягам месяца з пачатку вытворчасці. Рашэнне суда мусіць неадкладна выконвацца, але можа быць абскарджанае.

На думку Рыхтэр, такі доўгі працэс наўрад ці будзе датычыць вялікай колькасці фізічных асобаў. Магчыма, вядома, што за межамі Беларусі цяпер ёсць асобы, у якіх шмат маёмасці ў Беларусі, ды адносна большасці такі працэс не будзе варты высілкаў. Хутчэй канфіскацыі плануюць у юрыдычных асобаў, у якіх у Беларусі шмат маёмасці і грошай.

Замежная кампанія можа не пабаяцца выправіць у Беларусь прадстаўніка для ўдзелу ў судзе, а што рабіць фізічным асобам, якія ўцякалі ад палітычных рэпрэсіяў? Рыхтэр падказвае: можна дзеяць праз даверанасці ці праз прадстаўніка, асабіста ехаць у Менск не абавязкова.

У будучыні, дадае яна, мусіць быць створаны механізм для вяртання маёмасці, вынятай з палітычных прычынаў, або выплаты кампенсацыі за такую маёмасць, і кожную справу мусяць разглядаць асобна.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў