«Эфектыўна змагацца з гніллю можна толькі знутры». Лаўрэаты Нобэлеўскай прэміі за кратамі


У Беларусі 5 студзеня пачалі судзіць лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру – старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Ён стаў трэцяй асобай за ўсю гісторыю, якая атрымала гэтую прэмію за кратамі. Лаўрэаты прэміі міру сутыкаліся з неразуменнем у сваіх краінах, пэўна, часцей за ўсіх іншых – у некаторых дзяржавах такая высокая адзнака робіцца вялікім раздражняльнікам. Распавядаем пра лаўрэатаў, якія атрымалі прэмію ў няволі, а таксама пра тых, каму забаранілі яе атрымаць.

Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч у зале суда. Менск, Беларусь. 5 студзеня 2023 года.
Фота: Vitaly Pivivarchuk / BELTA / AFP / East News

Лаўрэаты за кратамі

Выпадкаў, каб прэмію міру прысуджалі асобам у той час, калі яны застаюцца за кратамі, да 7 кастрычніка 2022 года было толькі два: Карл фон Асецкі (Нямеччына, 1935) і Лю Сяўбо (Кітай, 2010).

Карл фон Асецкі, нямецкі журналіст і выдавец, барацьбіт з нямецкім фашызмам і мілітарызмам, даведаўся пра прысваенне яму Нобэлеўскай прэміі міру 1935 года ў нацысцкім канцлагеры. Ён перажыў шмат драматычных эпізодаў праз сваю прафесійную дзейнасць. З пачатку 1920-х гадоў ён вёў кампанію супраць пераўзбраення Нямеччыны, рыхтавання да вайны, публікаваў артыкулы, у якіх выкрываліся парушэнні Вэрсальскай дамовы, што прадугледжвала дэмілітарызаваны статус Нямеччыны пасля Першай сусветнай вайны.

Пасля першага свайго выраку ў 1931 годзе ён пэўны час быў на волі і мог з’ехаць з краіны, але, нягледзячы на ўгаворы сяброў, застаўся, бо «эфектыўна змагацца з гніллю можна толькі знутры».

Карл фон Асецкі (у цэнтры) развітваецца з берлінскімі пісьменнікамі і журналістамі, якія суправаджалі яго ў турму ў Тэгелі. 10  траўня 1932 года.
Фота: AKG Images / East News

Неўзабаве пасля таго, як Асецкага вызвалілі паводле амністыі, да ўлады ў Нямеччыне прыйшлі нацысты. На раніцу пасля падпалу Райхстагу Асецкі быў арыштаваны сакрэтнай паліцыяй і змешчаны спачатку ў Берлінскую турму, затым – у канцэнтрацыйныя лагеры Зонэнбург і Эстэрвеген-Папэнбург. Цяжкая фізічная праца і ўмовы ўтрымання асуджаных падарвалі ягонае здароўе.

Нобэлеўская прэмія стала выказваннем сусветнага асуджэння палітыкі нацыстаў і важным момантам у спробе вызваліць Асецкага. Нацысцкі ўрад быў раз’юшаны. Нямецкай прэсе забаранілі каментаваць узнагароджанне. Ад Асецкага патрабавалі адмовіцца ад прэміі, але ён не пагадзіўся. Нямеччына запатрабавала ад Нарвегіі адмяніць гэты выбар, але тая спаслалася на няўрадавы статус Нобэлеўскага камітэту і адмовілася. У 1940-м, калі фашысты захапілі Нарвегію, яны ў адплату рэпрэсавалі ўсіх, хто спрычыніўся да ўзнагароджання.

Сам жа Асецкі памёр ад сухотаў у 1938 годзе. Прызнанне ад нямецкага народу да яго прыйшло пасля смерці: яму пастаўленыя помнікі, яго імем названыя ВНУ, вуліцы.

Другі падобны выпадак здарыўся ажно ў 2010 годзе. Тады падчас зняволення ў турме Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў кітайскі праваабаронца і літаратар Лю Сяў Бо – за працяглую негвалтоўную барацьбу за правы чалавека ў Кітаі. З нагоды гэтага ўзнагароджання афіцыйны Пекін выказаў сваю крайнюю незадаволенасць. Міністэрства замежных справаў КНР расцаніла гэта як умяшанне замежных урадаў у палітычны лад дзяржавы. Кітайскія СМІ праігнаравалі гэтую навіну. Сам кітайскі праваабаронца падчас уручэння прэміі быў у зняволенні ў адной з турмаў Кітаю, ягоная жонка – пад хатнім арыштам. Лю Сяў Бо даведаўся аб прэміі падчас спаткання з жонкай у турме. Ён расчуліўся да слёз і сказаў, што хацеў бы прысвяціць сваю прэмію ахвярам плошчы Т’янь-Ань-Мэнь.

Лю Сяў Бо пачаў актыўную праваабарончую дзейнасць яшчэ ў 1980-х гадах. Ён упершыню трапіў у турму за ўдзел у пратэстах у 1989 г. і правёў 3 гады ў працоўных лагерах. Дысідэнт зноў быў узяты пад варту ў снежні 2008 г., пасля таго, як падпісаў «Хартыю 08» – маніфест кітайскай інтэлігенцыі ў падтрыманне ўсеагульных правоў чалавека. Яго пакаралі 11 гадамі зняволення за нібыта падбухторванне да падрыву дзяржаўнага ладу. З заклікам вызваліць з-за кратаў нобэлеўскага лаўрэата да кітайскіх уладаў звярнуўся шэраг іншых славутых лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, у тым ліку Далай-Лама і прэзідэнт ЗША Барак Абама.

Пратэстоўцы аплакваюць Лю Сяў Бо падчас дэманстрацыі 13 ліпеня 2017 года. Афіцыйныя асобы паведамляюць, што вядомы палітвязень Кітаю і лаўрэат Нобэлеўскай прэміі памёр.
Фота: Kin Cheung / AP Photo / East News

У 2017 годзе ў турме ў Лю Сяў Бо выявілі рак пячонкі, ад якога ён памёр.

Трэцім лаўрэатам, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за кратамі, стаў ужо легендарны беларускі праваабаронца, палітвязень Алесь Бяляцкі. 7 кастрычніка 2022 года, калі ў Осла агучылі імёны лаўрэатаў, Алесь Бяляцкі ўжо год і тры месяцы быў у менскай турме – СІЗА на вуліцы Валадарскага.

У Камітэце адзначылі, што Алесь Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, што паўстаў у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х. Ён прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і мірнага развіцця ў сваёй краіне.

Hавiны
Трыумф сумлення за кратамі: хто такі Алесь Бяляцкі, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру
2022.12.10 11:27

Улады неаднаразова спрабавалі прымусіць Алеся Бяляцкага замаўчаць, – падкрэслівае Нобэлеўскі камітэт. – З 2020 года ён усё яшчэ застаецца пад вартаю без суда. Нягледзячы на ​​велізарныя асабістыя цяжкасці, спадар Бяляцкі не саступіў ні на сантыметр у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі».

Алесь Бяляцкі мог з’ехаць з краіны пасля ўзмацнення ціску на беларускіх праваабаронцаў у пачатку 2021 года. Аднак ён прынцыпова застаўся.

Пад хатнім арыштам

Яшчэ тры лаўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру ў момант агучвання іхнай перамогі былі пад хатнім арыштам або ў ссылцы: вядомы навуковец і праваабаронца Андрэй Сахараў, якога савецкая сістэма давяла да магілы (СССР, 1975), апальны прафсаюзны лідар Лех Валэнса, якога Ярузэльскі цэлы год трымаў за кратамі і не даў магчымасці паехаць на ўручэнне прэміі (Польшча, 1983), барацьбітка за правы чалавека таталітарнай Бірмы Аўн Сан Суў Чы (Бірма, 1991). Апошнюю гісторыю распавядзём падрабязней.

Аўн Сан Суў Чы – дачка лідара руху за незалежнасць Аўн Сана, забітага ў 1947 годзе. Дзяўчына пакінула сваю радзіму ў 1960 годзе. Пасля заканчэння Оксфардскага ўніверсітэту Суў Чы жыла ў Вялікай Брытаніі. У 1988 годзе яна вярнулася назад у Бірму. У верасні 1988 года стала адною з лідарак апазіцыйнай Нацыянальнай лігі за дэмакратыю. На выбарах у траўні 1990 года ліга атрымала больш за 80 % месцаў у парламенце краіны, аднак кіроўны рэжым ігнараваў вынікі выбараў. У кастрычніку 1991 года Аўн Сан Суў Чы стала лаўрэаткаю Нобэлеўскай прэміі міру, аднак улады не дазволілі ёй выехаць за мяжу, каб атрымаць узнагароду. З 1989 да 1995 і з 2000 да 2002 гг. яна была пад хатнім арыштам. У траўні 2003 года Аўн Сан Суў Чы зноў была арыштаваная, пазней змешчаная пад хатні арышт. Агулам яна правяла за кратамі пры тым ваенным рэжыме 15 гадоў.

Майка з выявай Аўнг Сан Суў Чы і надпісам «Мы перамаглі. Нацыянальная ліга за дэмакратыю». Янгон, М’янма.
Фота: Olaf Schuelke / agefotostock / East News

З 2016 да 2021 года Аўн Сан Суў Чы была міністаркаю замежных справаў М’янмы і дзяржаўнай дарадцай. Аднак у лютым 2021 года ваенная хунта зрынула дэмакратычна абраны ўрад, Аўн Сан Суў Чы арыштавалі і пачалі судзіць, дадаючы ўсё больш і больш гадоў да тэрміну. 30 снежня 2022 года Ваенны суд Мʼянмы прыгаварыў Аўн Сан Суў Чы да яшчэ 7 гадоў турэмнага зняволення, у выніку чаго ейны агульны тэрмін турэмнага зняволення павялічыўся да 33 гадоў. Яе абвінавацілі ў 19 злачынствах, у ліку якіх хабарніцтва, парушэнне правілаў правядзення выбараў, незаконнае валоданне акцыямі і парушэнне абмежаванняў падчас пандэміі.

Цяпер 77-гадовая Аўн Сан Суў Чы зняволеная ў адзіночнай камеры ў сталіцы краіны Нэп’ідо.

СП  belsat.eu

Стужка навінаў