Расейская ініцыятыва «Gulagu.net» са спасылкай на свае крыніцы ў ФСБ Расеі паведаміла, што ў Казахстане сілавікі для дыскрэдытацыі пратэсту і атрымання падставаў для ўводу расейскіх войскаў выкарыстоўвалі зняволеных.
«З самага пачатку спецслужбы Расеі і Казахстану планавалі рэалізаваць гібрыдны сцэнар мяккага паглынання Расеяй Казахстану пад маркай «саюзніцкай дапамогі», – гаворыцца ў паведамленні.
Паводле яго, калі «пратэст выйшаў на дамінуючы ўзровень адносна сілавікоў, былі задзейнічаныя зняволеныя з казахскіх турмаў, якіх адмыслова вызвалілі для зладжанай арганізацыі пагромаў і марадзёрства». Пры гэтым некаторых іх ужо ліквідавалі сілавікі.
«Але яны сваю працу з пункту гледжання пастаўленай задачы выканалі дасканала: ёсць маса задакументаваных фактаў марадзёрства, ёсць пацвярджэнне нападу на сілавыя ведамствы, ёсць факты зверскіх расправаў над сілавікамі, ёсць трупы з адрэзанымі галовамі і відэа для архіва з працэсам адразання. Гэта дае патрэбнае абгрунтаванне для ўводу вонкавых сілаў, гэта дэмаралізуе звычайных пратэстоўцаў, гэта перакладае палітычны пратэст у зручнаватую форму пагромаў, гэта паказвае сілавікам, што супраць іх – звяры, гэта блакуе сацыяльную эмпатыю казахаў, якія не вызначыліся, да працэсу пратэстаў», – гаворыцца ў лісце, што публікуе «Gulagu.net».
Нагадаем, што Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспецы абвясціла пачатак «міратворчай місіі» ў Казахстане. Вайскоўцы будуць дапамагаць кіраўніку дзяржавы Касым-Жамарту Такаеву змагацца з масавымі пратэстамі, што пачаліся 2 студзеня.
У склад «міратворцаў» увайшлі байцы расейскіх паветрана-дэсантных войскаў, а таксама вайскоўцы з Беларусі, Арменіі, Таджыкістану і Кыргызстану.
МГ belsat.eu